У астравецкай школе прайшоў турнір юных матэматыкаў

15:24 / 12.04.2011

Напрыканцы сакавіка на базе сярэдняй школы №1 прайшоў першы ў раёне турнір юных матэматыкаў. Ужо некалькі гадоў нашы вучні плённа ўдзельнічаюць у абласным турніры фізікаў, а вось для матэматыкаў падобнага спаборніцтва не было. Сёлета было вырашана гэту памылку выправіць.


Турнір праходзіў у два этапы. На першым, завочным, які амаль два месяцы ішоў ва ўсіх школах раёна, рабяты рабілі прапанаваныя ім заданні, якія потым прадстаўлялі ў аддзел адукацыі. Работы атрымаліся не толькі цікавымі і правільнымі – многія з іх былі вельмі добра аформленымі. Усяго ў завочным этапе прынялі ўдзел 13 каманд. Дзевяць з іх выйшлі ў фінал, які і адбыўся ў мінулы чацвер у СШ №1.
Пазмагацца за права называцца самымі лепшымі матэматыкамі ў Астравец сабраліся каманды з гімназіі №1, СШ №1, Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання, Альхоўскай, Дайлідскай і Міхалішкаўскай сярэдніх школ, Варнянскага і Падольскага НПК і Варонскай базавай школы.
Пасля рэгістрацыі каманд пачалося свята матэматыкі, якое адкрыла маладая настаўніца Рымдзюнскай школы Аляксандра Міхайлаўна Лукіна.
І турнір пачаўся. Тры адборачныя баі – рашэнне задач, адказы на пытанні, даклады, дыскусіі, ацэнка і рэцэнзаванне...
У першым баі сустрэліся каманды школьнікаў з Дайлідак, Міхалішак і СШ №1. Нездарма ж гавораць, што дома і сцены дапамагаюць. Але не толькі з-за гэтага, а найперш дзякуючы трывалым ведам, пераможцам стала каманда сярэдняй школы №1 “1+3”.
У другім баі на рынг выйшлі вучні з Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання з цікавай назвай “(8+11)*К” (каманду прадстаўлялі дзяўчаты, чые прозвішчы пачыналіся з літары К), Падольскага і Варнянскага НПК. У гэтым спаборніцтве першымі сталі дзяўчаты з Рымдзюн.
А ў трэцім баі пазмагацца за права быць лепшымі выйшлі каманды гімназіі №1, Варонскай базавай школы і Альхоўкі. У напружанай барацьбе перамогу атрымала каманда гімназістаў “Інтэграл”.
У выніку трох баёў і балаў, выстаўленых членамі журы, месцы размеркаваліся наступным чынам: дыплом І ступені ў Наталлі Вакулік, Антона Снегура, Наталлі Лапшэвіч і Маргарыты Шаўчэнка – школьнікаў з СШ №1, на другой прыступцы – каманда дзяўчат з Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання ў складзе Анастасіі Кармаза, Карыны Кармаза, Анжалікі Кармаза і Вікторыі Ключнік. Дыплом трэцяй ступені заваявалі Мілана Шаўліс, Амалія Азацян, Дзмітрый Бразінскі і Віялета Шаўліс з гімназіі №1.
Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі і памятнымі падарункамі. На гэты раз спонсарам мерапрыемства стала Астравецкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. Дзякуючы яе падтрымцы ўсе ўдзельнікі першага раённага турніру матэматыкаў атрымалі кнігі і зборнікі па матэматыцы і энцыклапедыі на суму 576 тысяч беларускіх рублёў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.