Абітурыент-2011. Куды пайсці вучыцца?

09:00 / 11.04.2011

Пытанне, якое часцей за ўсё ўзнікае ў 9 ці 11 класе, калі трэба рабіць выбар. Як сведчаць вынікі апытанняў, якія штогод праводзяцца сярод школьнікаў, пры выбары будучай прафесіі лідзіруючыя пазіцыі займаюць такія крытэрыі, як мода на спецыяльнасць і будучая заработная плата.
Для тых, хто яшчэ раздумвае над такім складаным пытаннем – нашы падказкі, у якіх навучальных установах, на якія спецыяльнасці трэба здаваць творчы экзамен па малюнку.


Такую даволі папулярную прафесію, як архітэктар, можна атрымаць у наступных навучальных установах: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і архітэктурна-будаўнічы каледж Беларуска-расійскага ўніверсітэта.
Не менш папулярнай прафесіяй з’яўляецца прафесія дэкаратара – спецыяліста па ўбранню, упрыгожванню будынкаў і памяшканняў, мастака, які займаецца мастацкім афармленнем тэатральных пастановак – іх рыхтуюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, Валкавыскім каледжы.
Не менш запатрабаванымі сярод сучаснай моладзі з’яўляюцца прафесіі дызайнера інтэр’ера і мадэльера. Гэтую спецыяльнасць можна атрымаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце і Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
А вось прафесію мастацтвазнаўцы, як і раней, можна атрымаць толькі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Ландшафтным архітэктарам і ландшафтным дызайнерам, спецыялістам, які можа добраўпарадкаваць любую адкрытую прастору, можна стаць, закончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт.
Новаўвядзеннем гэтага года з’яўляецца і тое, што змяніліся правілы залічэння ў творчыя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы нашай краіны. Цяпер пры залічэнні будуць улічвацца ўсе балы, атрыманыя на экзаменах па творчых прадметах, і агульны сярэдні бал – па агульнаадукацыйных прадметах. Гэта дазволіць фарміраваць кантынгенты гэтых навучальных устаноў найбольш творчымі адоранымі маладымі людзьмі.