Гудагайскія школьнікі правялі канікулы з карысцю

15:17 / 12.04.2011

На вясенніх канікулах вучні Гудагайскай СШ разам з настаўнікамі адправіліся на экскурсію ў Астравец.


Першым прыпынкам стаў аддзел унутраных спраў. Тут нас сустрэлі вельмі цёпла. Р.І. Гайдуль правёў экскурсію па будынку, пазнаёміў са службовымі кабінетамі, паказаў розныя віды агнястрэльнай зброі і нават дазволіў сфатаграфавацца на памяць з аўтаматам, а пасля мы наведалі ізалятар часовага ўтрымання. Усё, што ўбачылі і пачулі тут, было не толькі цікавым, але і карысным. Убачанае прымусіла задумацца над будучым жыццём, і мы вырашылі, што лепш праблем з законам не мець.
Затым мы паехалі ў аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пажарныя машыны ўсе бачылі неаднойчы, але калі некалькі машын стаіць побач у вялікім памяшканні, то гэта ўражвае. Мы разглядалі іх з цікавасцю і фатаграфаваліся побач. Э.Э. Малышка расказаў шмат невядомага з жыцця выратавальнікаў, а яшчэ мы даведаліся, што пасля шостага класа можна паступаць вучыцца на пажарнага. “Можа, паспрабаваць?” – задумаліся некаторыя з маіх аднакласнікаў. А на развітанне нас зноў запрасілі на экскурсію, толькі ўжо ў верасні, калі адкрыецца новы будынак, дзе размесціцца матэрыяльна-тэхнічная база выратавальнікаў.
У той дзень мы добра правялі час, а з панядзелка зноў узяліся за вучобу.


Міхаіл ЯРМАКОВІЧ, вучань 6 класа Гудагайскай школы.