Знаёмцеся: настаўнікі і вучні Варнянскай школы

09:08 / 06.04.2011

У НПК “Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа” працуюць таленавітыя настаўнікі і вучацца такія ж дзеці. Прынамсі, які б конкурс ці мерапрыемства ні праходзілі, ва ўдзельнікаў з Варнян – самая вялікая група падтрымкі. Прычым не толькі ў зале, але і на сцэне. Складваецца ўражанне, што ўсе справы яны робяць толькі разам.



А чым Варнянская адрозніваецца ад іншых школ раёна? Менавіта з такім пытаннем мы звярнуліся да яе дырэктара Надзеі Андрэеўны Субач.

Самая-самая родная школа

–Па-першае, мы не проста школа, а навучальна-педагагічны комплекс – пад адным дахам месцяцца зусім маленькія дзеткі, якія наведваюць яслі і дзіцячы садок, і рабяты, што вучацца ў школе. Але гэта не галоўнае, такіх навучальных устаноў у нашым раёне некалькі. Наша ж – самая прыгожая, тут працуюць самыя лепшыя педагогі і вучацца найлепшыя дзеці, а нашы бацькі – самыя зацікаўленыя ў выніках сумеснай працы.
Усе мы любім школу – і таму неабыякавыя да вынікаў нашай працы. А каб атрымалася якасна і эфектыўна, педагагічны калектыў павінен працаваць не дзень і не два, а пастаянна, прычым у цесным супрацоўніцтве з дзецьмі і бацькамі – толькі калектыўная работа дае вынік.
З сельскіх школ мы самыя вялікія – у нас працуюць 48 настаўнікаў і выхавацеляў, вучыцца 380 дзяцей, яшчэ 58 наведваюць дзіцячы сад.
Асаблівасцю нашай установы з’яўляецца і тое, што 55 працэнтаў педагогаў – былыя яе выпускнікі. У нас няма цякучасці кадраў: хто б ні прыйшоў – усе застаюцца. Магчыма таму, што ў нас цудоўны калектыў – разумеючы і актыўны, маладым спецыялістам мы знаходзім жыллё, дапамагаем з падрыхтоўкай да ўрокаў.
Некалькі гадоў мы ўдзельнічалі ў інавацыйным праекце “Этнашкола”. Цяпер ён закончыўся, а мы ўключыліся ў новы – “Паспяховы вучань”. У ім задзейнічаны вучні 5, 7, 10 класаў. Ухіл зроблены на матэматыку, беларускую і рускую мовы, чалавек і свет, біялогію і фізіку. Кожную чвэрць настаўнікі даюць некалькі адкрытых урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, сярод вучняў праводзіцца тэсціраванне. Сёння ў гэтым праекце ўдзельнічаюць толькі пяць школ з усёй рэспублікі. У будучыні плануем зноў выйсці на інавацыйны праект.
Мы ўдзельнічаем не толькі ў тых конкурсах і мерапрыемствах, што прапануе аддзел адукацыі, але і самі шукаем магчымасць трапіць на шматлікія навуковыя канферэнцыі, прадставіць на іх свае работы і, канешне, радуемся, калі перамагаем.
А яшчэ сумесна з СВК “Варняны” мы ўдзельнічаем у праекце па барацьбе з ВІЧ. Увогуле, усё стараемся рабіць на выдатна.



Захавальніца спадчыны

У народзе гавораць: калі ў сям’і выхоўваецца адно дзіця, то яно вырасце эгаістам. Не згодна з гэтым меркаваннем! Усе ў жыцці дзіцяці залежыць ад бацькоўскага выхавання.
Валянціне Андрэеўне Боўша ў гэтым плане пашанцавала – яна нарадзілася ў патрэбны час і ў патрэбнай сям’і. З малаком маці ўвабрала дзяўчынка любоў да роднага краю і вёскі. Ад бацькі – любоў да зямлі: ён хаця нарадзіўся і вырас у Маскве і быў гараджанінам, ніколі не цураўся працы на зямлі.
Бацькоўскія дом і сцены і цяпер саграваюць яе сэрца і душу...
Кім быць? Пытанне, якое часцей за ўсё ўзнікае ў выпускных класах. У Валянціны Андрэеўны гэтых пакут не было. Дзякуючы мудраму, таленавітаму педагогу Раісе Якаўлеўне Міньковай, якая заўсёды была побач, дзяўчына вырашыла стаць настаўніцай. А Іосіф Іосіфавіч Матулойць і Алена Карпаўна Гайдукевіч прывілі ёй любоў да роднай мовы і літаратуры – і яна без разважанняў падала дакументы на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння былі Спонды, Трокенікі – і нарэшце родныя Варняны.
– Настаўнікам я стала толькі ў Варнянах. Не ўсё прамудрасці нашай прафесіі можна спасцігнуць адразу. Веды не перадаюцца, нават калі ты цудоўна ведаеш свой прадмет, задача настаўніка – навучыць вучыцца і здабываць веды.
Для Валянціны Андрэеўны школа – гэта яе жыццё. Яе цікавіць усё, і яна сама лёгка можа зацікавіць сваім прадметам, навуковай дзейнасцю, работай у школьным музейным пакоі.
– Дзеці цяпер іншыя. Не лепшыя ці горшыя – проста іншыя. У многіх сем’ях змяніліся маральна-этычныя каштоўнасці. Як вынік – змяніліся і дзеці. Але калі іх зацікавіш, падштурхнеш, то ўсё атрымліваецца.
Асабліва падабаецца выхаванцам Валянціны Андрэеўны працаваць у школьным гісторыка-краязнаўчым пакоі, стваральнікам і арганізатарам якога калісьці яна стала разам з Людмілай Іванаўнай Кухарэвіч.
– У маім дзяцінстве ў школе працавалі цудоўныя настаўнікі, але ніколі на ўроках гаворкі не вялося пра Варняны. А ў нашай вёскі – такая багатая мінуўшчына! І аднойчы з лёгкай рукі Адама Восіпавіча Мальдзіса мы ўзяліся за аднаўленне гістарычнай памяці. З таго часу ў нас назапашана шмат архіўных матэрыялаў і побытавых рэчаў – іх хопіць не тое, што на школьны музей, а на музей вёскі!
Таму і марыць Валянціна Андрэеўна пра музей Варнян – карысць ад гэтага будзе вялікая. Чаму б не паспрабаваць?



Не магу без школы!

Жыццё Наталлі Гендрыкаўны Адула з 2005 года звязана з Варнянскай школай. Тады яна, малады спецыяліст, пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта прыехала на радзіму па размеркаванні.
– Шчыра кажучы, я заўсёды хацела вярнуцца на радзіму. І калі ў спісах па размеркаванні спачатку не ўбачыла свайго прозвішча – расплакалася. Потым гэтую недарэчнасць выправілі – і я прыехала ў Астравец. Праўда, вярнуцца ў родную Кямелішкаўскую школу мне не хацелася – лічу, што цяжка праявіць сябе там, дзе некалі вучыўся. І тут, быццам падслухаўшы мае думкі, кіраўніцтва аддзела адукацыі накіравала мяне ў Варняны.
Наталля Гендрыкаўна хутка адчула сябе ў школе сваёй. Нельга сказаць, што вопыт прыйшоў адразу. Але з дапамогай калег, якія працавалі побач, малады педагог зразумела: школа – гэта тое, пра што яна марыла з дзяцінства.
Праз нейкі час яна выйшла замуж. Нарадзілася дачка, але доўга сядзець дома Наталля не змагла. Зноў школа ўзяла верх – маладая мама даверыла дачушку свекрыві і выйшла на работу.
– Мне пашанцавала і з сям’ёй, і са школай, і з дзецьмі. У школе мне добра, муж мяне заўсёды падтрымлівае, дапамагае, а мае пяцікласнікі – самыя таленавітыя, творчыя, актыўныя і вясёлыя дзеці.



Усё жыццё – эксперымент

Сяргей Мар’янавіч Свіркоўскі працуе ў школе першы год. У тым, што ён стаў настаўнікам, нічога дзіўнага няма – у сям’і пяць пакаленняў выбіралі сабе педагагічны спецыяльнасці. Праўда, усе былі матэматыкамі. Сяргей профіль змяніў – пасля заканчэння Міхалішкаўскай школы падаў дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, а праз пяць гадоў выйшаў адтуль дыпламаваным настаўнікам біялогіі і хіміі.
–З дзяцінства мяне прывабліваў эксперымент. А дзе, як не на ўроках хіміі, можна было даць волю фантазіі? І дома я змешваў розныя медыцынскія прэпараты, набіраў іх у шпрыц і калоў у якую-небудзь маміну расліну. Як правіла, пасля такога эксперыменту вазон гінуў, а я атрымліваў “па шапцы”.
А цяпер Сяргей Мар’янавіч ужо сам вучыць дзяцей праводзіць доследы і эксперыменты. І па словах дзяцей – ім гэта падабаецца. Таксама, як і настаўніку.
–Бачыць, як дзеці засвойваюць веды, якія ты стараешся ім перадаць, займацца з імі дадаткова і атрымліваць ад гэтага асалоду – што можа быць лепш для настаўніка?
Акрамя працы ў школе Сяргей Мар’янавіч захапляецца футболам. У школе і падчас вучобы ва ўніверсітэце гуляў спачатку за зборную школы, потым за зборную факультэта. Цяпер жа часцей глядзіць футбол па тэлевізары, хаця ў спартыўную залу ходзіць рэгулярна. А яшчэ ён праходзіць службу ў войску ў рэзерве – у Слоніме, у сухапутных войсках.



Будучыя...

...педагог

Адзінаццацікласніца Яна Бумбуль – сціплая дзяўчына, якая любіць сваю вёску і родную мову. І разам з тым, яе добра ведаюць не толькі ў школе, але і ў раёне, і нават у вобласці.
Гэтая актыўная, разумная і мэтанакіраваная дзяўчына – пастаянная ўдзельніца шматлікіх навуковых канферэнцый і конкурсаў, пра якія не раз пісала і наша газета.
Сёлета Яна прадстаўляла наш раён на абласной алімпіядзе па беларускай мове – на жаль, да жаданага дыплома, да якога дзяўчына ішла разам са сваёй настаўніцай Ганнай Мечыславаўнай Пацэль, не хапіла ўсяго аднаго бала.
–Конкурс – гэта заўсёды вялікая праца і адказнасць. Надзея ў душы жыла, але, на жаль, так здарылася, не спраўдзілася. А тым, хто яшчэ толькі ўваходзіць у алімпіядны рух, мне хацелася б пажадаць любіць тое, што вы робіце, працаваць, шукаць, слухаць настаўніка і, канешне, верыць у сябе.
Цяпер Яна рыхтуецца да паступлення – у марах бачыць сябе настаўніцай, а можа, і перакладчыкам – дакладна яшчэ не вызначылася. Але ў перапынках паміж заняткамі знаходзіць час і на навуковую дзейнасць – даследуе прозвішчы жыхароў Астравеччыны, і на вышыванне, і на любімыя вершы Эдуарда Асадава. А наперадзе ў яе яшчэ адно выпрабаванне – выбар будучага шляху.



…перакладчыца

Васьмікласніца Марта Блашкевіч з дзяцінства баялася ўрачоў, асабліва стаматолагаў. І, каб пераадолець гэтую боязь і мець здаровыя зубы, вырашыла, што вырасце – і стане ўрачом. Потым дзяўчынка пайшла ў школу і зразумела, што гэта прафесія ўсё ж не для яе.
Адбылося гэта ў пятым класе, калі на ўрок прыйшла Вольга Іосіфаўна Сянюць і загаварыла на незразумелай мове. Але яе словы падаліся Марце такімі прыемнымі і блізкімі, што яна адразу ж вырашыла: вырасту і стану настаўніцай англійскай мовы, а яшчэ лепш – перакладчыцай. З таго часу яна кожны дзень старанна рыхтуецца да ўрокаў, ездзіць на алімпіяды і займае прызавыя месцы.
Час пасля школы Марта прысвячае не толькі ўрокам. Сёлета яна заканчвае музычную школу па класу фартэпіяна, але развітвацца з любімымі выкладчыкамі не збіраецца – вучыцца яшчэ і ў харэаграфічным класе.
– Маладая дзяўчына павінна ўмець усё: спяваць, іграць на музычных інструментах, прыгожа танцаваць, вышываць, вязаць, маляваць, – лічыць Марта. – Праўда, не заўсёды на ўсё хапае часу, але я стараюся яго знайсці.



...доктар

Партрэт Дашы Лукша кожны год упрыгожвае школьную Дошку гонару. З пачатковых класаў Даша – выдатніца, і лічыць, што толькі тады, калі будзеш вучыцца, зможаш дасягнуць вышынь. Прычым ва ўсім.
Дзяўчынцы на ўсё хапае часу – і на ўдзел у школьных алімпіядах амаль па ўсіх прадметах. А яшчэ – у раённай па беларускай мове, на якой ужо некалькі гадоў запар яна займае прызавыя месцы, і на любімыя прадметы – хімію і біялогію.
– Мне сапраўды цікава вучыцца, спазнаваць нешта новае, чытаць кнігі, праводзіць доследы, удзельнічаць у мерапрыемствах і конкурсах, – расказвае Даша. – Школа – прамежкавы пункт паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, у якім вялікую ролю іграе настаўнік. Але яшчэ большую – вучань. Менавіта ад нас залежаць нашы поспехі.
І хаця Даша яшчэ толькі сямікласніца, яна дакладна ведае, кім стане ў дарослым жыцці, і ўжо цяпер рыхтуецца да паступлення.
– Быць урачом – адказна. Але гэта адна з самых карысных прафесій – дапамагаць людзям, лячыць іх ад розных хвароб, даваць надзею на жыццё. Што можа быць больш высакародна?
А ў вольны час Даша вышывае крыжыкам, вяжа, любіць падарожнічаць і сустракаецца са сваёй сяброўкай Самантай.


Алена ЯРАШЭВІЧ.