Тыдзень postfactum: не сезонная гарачыня

08:50 / 02.03.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Афрыка Афрыцы – розніца. У якой небудзь экватарыяльнай яе частцы можна і дванаццаць месяцаў на сонейку грэцца. А на поўначы кантынента, як і ў Еўропе, зараз зіма.
Аднак на вуліцах і плошчах гарадоў не па сезону горача.


На мінулым тыдні ўвага ўсяго свету была прыцягнута да Лівіі.
Невялікая краіна з шасцімільённым насельніцтвам і штогадовым даходам ад продажу нафты ў 35 мільярдаў долараў тым не менш з’яўляецца адной з бяднейшых на афрыканскім кантыненце. У краіне пануюць беспрацоўе і карупцыя. Больш паловы насельніцтва знаходзіцца за мяжой беднасці.
На хвалі падзей у суседніх дзяржавах народнае абурэнне спачатку вылілася ў вулічныя акцыі пратэсту, якія затым перараслі ва ўзброеныя сутычкі з вернымі ўладзе вайсковымі падраздзяленнямі. Сёння ж можна ўпэўнена гаварыць аб тым, што ў Лівіі ідзе грамадзянская вайна.
Шматгадовая закрытасць краіны ад знешняга свету стала прычынай супярэчлівых звестак і неверагодных чутак аб падзеях.
Інфармацыйныя агенцтвы свету распаўсюдзілі шакіруючую інфармацыю аб бамбардзіроўках лівійскай авіацыяй мяцежных гарадоў. Па іх звестках, некалькі лётчыкаў, якія адмовіліся выканаць загад, былі збітыя.
Старэйшы сын Каддафі Саіф аль-Іслам абверг чуткі, назваў іх правакацыяй і заклікаў заходніх журналістаў прыехаць у Лівію, каб  пераканацца ў адваротным.
Канешне, ад малодшага Каддафі, які не так даўно заняў пасаду другога чалавека ў дзяржаве і па праву падзяляе з бацькам адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, цяжка было чакаць іншых выказванняў.
З іншага боку, ніякіх фота- і відэа- пацвярджэнняў бамбардзіровак мы таксама не ўбачылі.
Тым часам стала вядома, што малодшы сын лідара нацыі ўвогуле перайшоў на бок апазіцыі. Аднак і гэтая інфармацыя не атрымала афіцыйнага пацвярджэння.
Межы краіны амаль не ахоўваюцца. А там, дзе ахоўваюцца, пагранічнікі наладзілі няхітры бізнес на перасячэнні мяжы бежанцамі. Усё большая іх колькасць мае намер перабрацца ў Еўропу. Няма чаго казаць: апошняя не ў захапленні ад падобнай перспектывы. І ўвогуле, хутчэйшае вырашэнне лівійскага крызісу – самае злабадзённае для старога свету пытанне.
Лівія – не Туніс і нават не Егіпет. Лівія – гэта нафта. Адна толькі Італія больш за палову сваіх патрэб задавальняе за кошт гэтай краіны. Менавіта таму, пры ўсёй адыёзнасці палітычнай фігуры аўтарытарнага лідэра “джамахерыі”, кіраўніка Лівіі прымалі і абходжвалі прэзідэнты ўсіх заходніх дэмакратый. Не перашкодзіла “сімпатыі” нават прызнанне Каддафі ў падрыхтоўцы і здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Такіх, як падрыў брытанскага пасажырскага самалёта над Шатландыяй у 1988 годзе – ахвярамі тэракту тады сталі 270 чалавек.
Кожны дзень лівійскіх падзей каштуе Еўропе вельмі дорага. Цэны на нафту папаўзлі ўверх. А святла ў канцы “тунэля” пакуль не відаць. У сваім паўтарагадзінным выступленні па мясцовым тэлебачанні Каддафі  не тое, што адмовіўся пайсці ў адстаўку — паабяцаў патапіць бунт у крыві і расправіцца з усімі “пацукамі і тараканамі”. Гэта значыць – маніфестантамі.
Атрымаць праўдзівыя дадзеныя аб колькасці ахвяр сёння не ўяўляецца магчымым. Паводле некаторых звестак, лік пайшоў на тысячы.
На фоне ўсеагульнага бязладдзя, дакладней – безуладдзя адну з усходніх правінцый узяла пад свой кантроль сумнавядомая “Аль-Каіда” і абвясціла ў горадзе Дзерн ісламскі эмірат. Несуцяшальны “званочак”. Аднак цалкам верагодны сцэнарый развіцця падзей. Пакуль два бакі будуць знясільваць сябе ў барацьбе за ўладу, можа стацца і так, што абяскроўленую краіну “голымі рукамі” возьме трэццяя сіла, якая да пары,  да часу будзе заставацца ў ценю. У любым выпадку, Лівія — гэта той апетытны “кавалачак”, за які варта пазмагацца. Чым ўсё гэта абернецца для Еўропы?  Нічым добрым.
У пошуку міру і спакою лівійцы імкнуцца да суседзяў. Аднак там таксама далёка да парадку.
У Тунісе новая хваля выступленняў. На гэты раз супраць часовага ўраду. Уцёкі прэзідэнта Бен Алі не вырашылі і не маглі вырашыць праблем, якія накопліваліся гадамі і дзесяцігоддзямі. Але трываць далей і чакаць ні ў кога няма жадання.
Не спакайней і ў Егіпце. У выніку “егіпецкай рэвалюцыі” да ўлады прыйшла не апазіцыя, а ваенныя. Адзіным паслабленнем, на якое аказаліся здатнымі новыя лідары, стала скарачэнне каменданцкай гадзіны. Разам з тым уведзена забарона на забастоўкі і маніфестацыі, распушчаны парламент, фактычна страціла сілу канстытуцыя.
Выступленне нязгодных з дадзенымі рашэннямі, якое адбылося ў пятніцу 26 лютага, было жорстка, з выкарыстаннем слёзатачывага газу і электрашокераў, разагнана паліцыяй. Праўда, на наступны дзень старшыня так званага вышэйшага савета ўзброеных сіл, міністр абароны, фельдмаршал Махамед Хусейн Тантаві, які выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы, папрасіў прабачэння за дзеянні сваіх падначаленых і загадаў вызваліць арыштаваных маніфестантаў. Наўрад ці гэта супакоіць апазіцыю.
Усё толькі пачынаецца. Шкада, што ў дачыненні да  Блізкага і Сярэдняга Усходу сёння гэта гучыць зусім не аптымістычна.