Абітурыенту-2011. Як стаць міліцыянерам?

09:40 / 28.02.2011

На гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з паступленнем у праваахоўныя органы, адказвае старшы інспектар групы кадраў Астравецкага РАУС Вадзім Мар’янавіч Савіцкі.


– Нагадайце, калі ласка, яшчэ раз – хто можа  працаваць у праваахоўных органах?
– Да нас могуць звярнуцца паўналетнія маладыя людзі, якія адслужылі ў арміі і маюць сярэднюю, сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую адукацыю. Таксама прымаюцца на службу юнакі, якія не служылі, але  скончылі вышэйшую навучальную ўстанову. Абавязковае патрабаванне, каб на іх рахунку не было ніякіх адміністрацыйных ці крымінальных правапарушэнняў. Падманваць ці спрабаваць як-небудзь абхітрыць не рэкамендую – кожная кандыдатура старанна правяраецца.
І самае галоўнае, каб ва ўсіх маладых людзей, якія да нас звернуцца, было шчырае жаданне працаваць у міліцыі.
– Дапусцім, жадання  вышэй галавы, з адукацыяй – усё ў норме. І куды пайсці вучыцца? Што парэкамендуеце?
– Самы папулярны і прэстыжны варыянт – Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь, тым больш, што туды могуць паступаць як хлопцы, так і дзяўчаты. Дарэчы, зараз аддзел унутраных спраў Астравецкага райвыканкама праводзіць падбор кандыдатаў для паступлення ў гэтую ўстанову. Патрабаванні наступныя: узрост на момант паступлення можа быць 17 гадоў,  але не больш 25 гадоў, служба ў арміі або вышэйшая адукацыя і гэтак далей.
– Яшчэ не позна падаць дакументы?
– Паспяшацца раю тым, хто яшчэ канчаткова не вызначыўся. Бо тэрмін падачы дакументаў у Акадэмію – да 15 красавіка. Уступныя іспыты праходзяць у форме цэнтралізаванага тэсціравання: беларуская (руская) мова, матэматыка, грамадазнаўства. Акадэмія рыхтуе будучых афіцэраў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй за кошт бюджэту на наступных факультэтах: факультэт міліцыі, следча-экспертны, крымінальна-выканаўчы і іншыя. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і пасля вучобы атрымліваюць званне лейтэнанта міліцыі.
– А калі з паступленнем не пашанцавала…
– Заўсёды ёсць запасны варыянт. У той жа Акадэміі можна вучыцца  на факультэце права – праўда, ужо на платнай аснове. Калі гэта не падыходзіць, магу рэкамендаваць Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Умовы паступленне  такія ж, як і ў Акадэмію. Адзінае абмежаванне – дзяўчат туды не бяруць. А вось маладыя людзі могуць смела падаваць дакументы да 1 мая.
– У апошні час на вуліцах Астраўца ўсё часцей можна сустрэць пешы міліцэйскі патруль. А сюды вакансіі ёсць?
– Сапраўды, у сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі і для прадухілення ўзрастання злачыннасці ў мінулым годзе быў створаны аддзел патрульна-паставой службы з месцам дыслакацыі ў Астраўцы. У гэтым годзе плануецца пашырэнне яго да ўзвода. Адпаведна, людзі нам вельмі патрэбны. Першапачатковая падрыхтоўка будзе праходзіць на працягу трох месяцаў у Навучальным Цэнтры МУС у Мінску.
Такім чынам, калі вас гэтая інфармацыя зацікавіла, звяртайцеся ў групу кадраў Астравецкага РАУС, кабінет 301 ці па тэлефоне 23-3-98.


Марына МАЦКЕВІЧ.