Раённы конкурс «Настаўнік года» прайшоў у Рымдзюнах

16:01 / 22.02.2011
1

Умелы, духоўны, мабільны, творчы… Усё гэта – пра настаўніка. Менавіта такі настаўнік запатрабаваны сёння ў вучняў і бацькоў.
А для таго, каб выбраць лепшага з лепшых, у суботу ў Рымдзюны з’ехаліся настаўнікі з усіх школ раёна. Тут прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.


Зала Рымдзюнскага культурна-асветнага цэнтра была запоўнена ўдзельнікамі, групамі падтрымкі, вучнямі  і настаўнікамі. Важнае месца ў конкурсе, як заўсёды, адводзілася членам журы. Яго ўзначаліў начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка. А ў нялёгкай справе яму дапамагалі  намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, галоўныя спецыялісты Н.І. Станкевіч, Д.І. Петрык, Я.Б. Петрык, старшыня райкама прафсаюза  Л.В. Ярмоліч, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета С.С. Мальдзіс і метадысты Л.Л. Кетрыс, В.А. Трэйгіс і Ю.А. Субаткевіч. Галоўнымі героямі сталі, канешне ж, настаўнікі-канкурсанты – Ганна Мечыславаўна Пацэль, Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч, Уладзімір Леанідавіч Батура, Алена Мар’янаўна Кармаза і  Наталля Іванаўна Буйнарэвіч.
Як адзначыў у сваім прывітальным слове начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка, сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 90 педагогаў, 25 з іх трапілі ў адборачны тур. І толькі пяць па выніках праведзеных урокаў і іх аналізу прайшлі ў фінал.





А ўвогуле з 1995 года – а менавіта тады ўпершыню быў праведзены рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года” – толькі чатыры педагогі ўдзельнічалі ў абласным этапе: І.А. Лях, А.Ч. Севасцьян, Т.В. Берняковіч і Н.К. Шукяловіч. Цяпер жа з пяці канкурсантаў неабходна было выбраць аднаго педагога – таго, хто будзе абараняць гонар Астравеччыны на абласным конкурсе.
І вось конкурс адкрыты, жараб’ёўка праведзена, і вядучыя, у ролі якіх зноў выступілі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Гудагайскай школы А.П. Лазарава і Т.П. Карпіцкая запрашаюць ўдзельнікаў на сцэну.
Каб прайсці ўсе выпрабаванні, канкурсантам неабходна было пераадолець чатыры этапы, якія складаліся з творчага самапрадстаўлення, рашэння педагагічных сітуацый, абароны адукацыйнага праекта і расповеду  пра свет прафесійных і асабістых захапленняў. На кожны з этапаў быў адведзены пэўны час і вызначана колькасць балаў.





Пачалося ўсё з самапрадстаўлення. На сцэну падымаецца настаўніца англійскай мовы Мальскага НПК  Наталля Іванаўна Буйнарэвіч. Побач дзеці, якія расказваюць пра любімага педагога і задаюць ёй пытанні на англійскай мове. А потым разам з настаўніцай чытаюць любімыя вершы. Усё дзейства суправаджаецца мультымедыйным паказам слайдаў. Дэвізам самапрадстаўлення сталі словы – “Маё жыццё, як свечка, якая будзе  гарэць вечна”.  Пачынаць заўсёды цяжка, але ў настаўніцы ўсё атрымалася.
Наступным  на сцэну выходзіць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Кямелішкаўскага НПК Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч. Ён упэўнены, што толькі дзякуючы працы можна нечага дасягнуць,  і стараецца паказаць гэта дзецям на сваім прыкладзе. Аляксандр Леанідавіч акрамя таго, што выкладае гісторыю, займаецца і грамадскай дзейнасцю – ён член камісіі па выбарах, член грамадскага аб’яднання БРСМ, таварыства ведаў, Беларускага Саюза афіцэраў. А яшчэ ён не ўяўляе свайго жыцця без сям’і – жонкі і дачушак  Вікторыі і Кацярыны.
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Гудагайскай школы Уладзімір Леанідавіч Батура з сям’і педагогаў, таму пытанне: “Кім быць?” перад ім не паўставала. Было пытанне: якім быць? З дзяцінства ён захапляўся спортам, і пасля заканчэння школы падаў  дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны фізкультурны тэхнікум. Потым быў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмія фізічнай культуры і спорту. У сваім выступленні Уладзімір Леанідавіч спалучыў вялікую колькасць жанраў – песні, танцы, аповед, паказ мультымедыйнай прэзентацыі з выказваннямі вядомых людзей. А за дэвіз сабе ўзяў наступныя словы: “Памылак не бойся: без іх не пражывеш”.
Ганна Мечыславаўна Пацэль запрасіла ўсіх у вандроўку па краіне “Маё жыццё”. Горад Дзяцінства, Хутарок Сямейны, Рака Сяброўства, Пік Перамогі, Возера Мары і, нарэшце, Сталіца Настаўніцкая… Шчырасцю, спакоем, а яшчэ чыстай,  мілагучнай беларускай мовай яна падкупіла многіх. Да таго ж у Ганны Мечыславаўны была, бадай што, самая вялікая група падтрымкі, прычым не толькі ў зале, але і на сцэне – вучні, настаўнікі і сын, які прысвяціў любімай маме верш і падарыў кветкі.
Апошняй выступаць давялося   настаўніцы пачатковых класаў Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Алене Мар’янаўне Кармаза. Алена Мар’янаўна  таксама нарадзілася ў сям’і настаўнікаў, таму падказку ў выбары прафесіі ёй далі бацькі. Настаўніца прытрымліваецца дэвіза: “Век жыві – век вучыся” і імкнецца стаць дасканалым педагогам. А галоўным дасягненнем лічыць поспехі сваіх вучняў, не толькі цяперашніх, але і тых, хто ўжо вырас, атрымаў прафесію і стаў прафесіяналам у сваёй справе – а такіх шмат.
На наступным этапе настаўнікам прыйшлося  рашаць педагагічныя сітуацыі, на абдумванне якіх давалася толькі адна хвіліна.
Як паступіць, калі на дошцы ўбачыш карыкатуру на сябе? Наталля Іванаўна не разгубілася –  яна дамалявала б яе і прадоўжыла ўрок. Хлопчыка, які дражніў дзяўчынку за тое, што яна тоўстая, Аляксандр Леанідавіч пазнаёміў бы з жанчынамі эпохі Адраджэння. А калі б не дапамагло, то “прайшоўся б па радні”.
Уладзімір Леанідавіч, якому дасталося пытанне пра тое, што трэба рабіць, калі дзеці, гуляючы ў “даганялкі”, штурхнулі адзін аднаго, а назаўтра ў школу прыйшла мама, паспрабаваў бы растлумачыць бацькам, што здарылася, і пастараўся б  не дапускаць такіх сітуацый у будучыні.
Ганне Мечыславаўне прыйшлося рашаць сітуацыю з хлопчыкам, якому падабалася дзяўчынка-аднакласніца, і які ў  настаўніцы прасіў нумар яе тэлефона. А Алена Мар’янаўна дапамагала хлопчыку, які атрымаў “двойку” і выкінуў сшытак у сметніцу. У выніку ўсё з сітуацыямі справіліся на “выдатна” і аўтаматычна перайшлі на наступны этап – абарону адукацыйных праектаў.
За дзесяць хвілін педагогам неабходна было даказаць, што іх праект самы лепшы. За гэты конкурс яны маглі атрымаць найбольшую колькасць балаў – 10. Праекты былі на розныя тэмы. “Вывучэннне англійскай мовы праз гісторыю і культуру малой радзімы”, “Арганізацыі і працоўныя калектывы мікрараёна Кямелішкі”, “Развіццё фізічных якасцей на ўроках метадам кругавой трэніроўкі і на занятках атлетычнай гімнастыкай”, “Работа з адоранымі вучнямі” і “Развіццё творчых здольнасцей на ўроках літаратурнага чытання”. З такой нялёгкай справай настаўнікі таксама справіліся даволі лёгка. Аповед суправаджаўся паказам слайдаў. А настаўніцам з Мальскай і Варнянскай школ дапамагалі яшчэ і іх вучні.
І вось застаўся апошні этап – і настаўнікі зноў выходзяць на сцэну і  расказваюць пра свет сваіх захапленняў.
Наталля Іванаўна Буйнарэвіч шукала адказ на складанае філасофскае пытанне: што такое шчасце? Для яе было шчасцем нарадзіцца ў патрэбны час і ў патрэбнай сям’і, вучыцца ў школе ў цудоўных настаўнікаў, а потым самой вучыць дзяцей. І хобі ў яе – гэта  яе вучні і школа. Кожны дзень бачыць, як устае сонца, як растуць твае дзеці і становяцца сапраўднымі патрыётамі. Кожны сам стваральнік свайго шчасця, лічыць настаўніца. А сваё шчасце  Наталля Іванаўна ўжо знайшла.
Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч, акрамя школы, захапляецца зборам грыбоў, любіць хадзіць у лазню, якую, дарэчы, пабудаваў сам, а яшчэ захапляецца фалерыстыкай. У калекцыі настаўніка больш за 500 знакаў, медаляў і ордэнаў рознай тэматыкі, пра якія ён так захоплена расказваў, што зацікавіў гэтым заняткам, напэўна, не аднаго чалавека. Аляксандр Леанідавіч  займаецца  спортам і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах.





У жыцці Уладзіміра Леанідавіча Батуры прафесія і захапленні заўсёды ішлі і  ідуць побач. Спаборніцтвы, першынствы, турніры – усім гэтым ён стараецца зацікавіць сваіх вучняў і ў яго атрымліваецца, аб чым сведчыць вялікая колькасць узнагарод. А летам настаўнік ператвараецца ў выхавацеля-артыста і з задавальненнем праводзіць час у летніку. Яшчэ Уладзімір Леанідавіч захапляецца разьбой па дрэве – паліцы, рамкі для фотаздымкаў, камоды і шафкі – многія рэчы ў доме зроблены ўласнымі рукамі. А побач ў жыцці заўсёды ідзе песня – захапленне са студэнцкіх гадоў: яго Уладзімір Леанідавіч вельмі ўдала і прадэманстраваў.
Варнянцы паказалі сапраўдны міні-спектакль пра школьнае жыццё, пра тое, як Ганне Мечыславаўне Пацэль не хацелася ехаць на конкурс, а заадно паказалі і расказалі пра яе захапленні – школьнае жыццё з перамогамі і надзеямі, падарожжы не толькі па краіне, але і за яе межамі, заняткі спортам і трэніроўкі, кветкі, чытанне і танцы. І пацвердзілі песняй: усё ў жыцці педагога будзе добра!
Галоўнае захапленне Алены Мар’янаўны Кармаза – гэта яе вучні і сям’я – муж, дачушкі, бацькі і браты. А яшчэ – хатнія любімцы: кошка і сабакі, папугаі і залатыя рыбкі, якім у любы момант можна загадаць запаветнае жаданне. І канешне, калекцыя кветак – больш за 50 відаў.
Дзесьці праз тры гадзіны становіцца зразумела, што  хваляванні засталіся ззаду, наперадзе – толькі чаканне. Члены журы выстаўляюць апошнія балы і робяць падлікі. Выбраць пераможцу сапраўды аказалася цяжкай задачай. Кожны з канкурсантаў быў дастойны таго, каб яго  прызналі лепшым. І толькі лічбы, насуперак любым меркаванням, змаглі расставіць усе кропкі над “і”. З імі не паспрачаешся.
… На тварах адных – перажыванне, іншыя, наадварот, спакойныя: нарэшце ўсё закончылася. І толькі тады, калі  на сцэну падымаюцца намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка, цішыня, нягледзячы на эмоцыі,  запаўняе залу. А Віктар Збігневіч дзякуе за пачутае і ўбачанае і пачынае аб’яўляць вынікі.
Па выніках конкурсу пераможцам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Ганна Мечыславаўна Пацэль. Менавіта яна і атрымала галоўны прыз конкурсу – ноўтбук “Samsung”. Яна ж будзе абараняць гонар нашага раёна на абласным конкурсе ў маі гэтага года. Астатнія ўдзельнікі таксама не засталіся без узнагароды – У.Л. Батура, Н.І. Буйнарэвіч, А.М. Кармаза і А.Л. Іванцэвіч былі адзначаны дыпломамі аддзела адукацыі і прэміямі.
– Аб’яўлення вынікаў я чакала са спакойным сэрцам. Калі рыхтую да конкурсаў дзяцей, то заўсёды вучу іх, што трэба настройвацца на перамогу. Сама ж у падобным мерапрыемстве  ўдзельнічала ўпершыню – і вядома, вельмі рада, што ўсё атрымалася. Рада перш за ўсё за школу, – падзялілася сваімі думкамі Ганна Мечыславаўна Пацэль. – Самае складанае цяпер наперадзе – абласны конкурс.
А пераможаных на самай справе не было. Гэта ўсяго толькі конкурс, які яшчэ раз пацвердзіў, што ў нашым раёне шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія нясуць пачэснае  званне – Настаўнік.


Алена ЯРАШЭВІЧ.