Літоўскую мову вывучаюць у цэнтры пазашкольнай работы

08:47 / 17.02.2011

З восені на базе цэнтра пазашкольнай работы, акрамя даўно існуючых гурткоў, адкрылася некалькі новых, якія карыстаюцца попытам не толькі сярод дзяцей, але  і іх бацькоў. Да аднаго з такіх і адносіцца гурток літоўскай мовы.


– Заняткі гуртка “Вывучаем літоўскую мову” праводзяцца толькі раз у тыдзень. Але і гэтага дастаткова, каб праз год-другі пачаць гаварыць па-літоўску, – лічыць кіраўнік гуртка Рэманта Бакшэне.
Жанчына  працуе ў  Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання. Шмат гадоў назад, заканчваючы Вільнюскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “літоўская мова і літаратура”, яна нават не думала, што працаваць давядзецца ў Беларусі. І пры гэтым выкладаць літоўскую мову  не як родную, а як другую, а то і трэцюю  замежную.
Да таго, як трапіць у Рымдзюны, Рэманта  два гады правяла ў Маскве. А калі мінулым летам вярнулася на радзіму, то падала анкету ў Міністэрства асветы Літвы. Прайшла адбор і была накіравана ў Рымдзюны. І тут з  радасцю ўзялася за работу.
– Выкладаць літоўскую мову як родную, і вучыць дзяцей, якія ні слова не ведаюць па-літоўску, – дзве розныя рэчы, – гаворыць Рэманта. –  Але невялікі вопыт у мяне ўжо быў, і я вырашыла яго прадоўжыць. А калі прыехала ў Рымдзюны,  ажыла душой – тут такая прыгажосць, чыстае паветра, едзеш зімой – і здаецца, што знаходзішся ў Швейцарыі: усё бела, чыста, акуратныя вясковыя домікі! А дзеці якія! У іх такі багаты духоўны свет!
А калі дырэктар цэнтра пазашкольнай работы прапанавала Рэманце адкрыць гурток па вывучэнню літоўскай мовы, яна адразу ж згадзілася.
Цяпер вучнямі Рэманты з’яўляюцца не толькі дзеці, але і дарослыя. Прычым ёсць сярод іх і першакласнікі, і падлеткі, і людзі сталага ўзросту. У кожнага з іх свае планы на вывучэнне мовы, у большасці за мяжой ёсць родзічы, таму веданне мовы лішнім не будзе.
Першакласніца СШ №1 Ліда Шылко старанна вымаўляе кожную літарку ў словах, спрабуе складаць сказы і гаварыць. Вывучаць мову яна захацела сама.
– Я думала: адзін раз сходзіць і забудзе пра сваё жаданне, –  расказвае мама Ліды Лілія Віктараўна. – Але не. Дачка старанна ходзіць на ўсе заняткі, а калі прыходзіць дамоў,  просіць дапамагчы з заданнямі. А  я ж сама літоўскай мовы не ведаю. Таму прыйшлося і мне ўзяцца за яе вывучэнне. Але гэта і добра – на Літве ў нас гістарычныя карані, ды і да родзічаў мы часта ездзім. І веданне мовы – гэта вялікі плюс.
Рэманта Бакшэне лічыць, што літоўскя мова – нескладаная для вывучэння, нічога немагчымага няма. Яна не сядзіць на месцы – распрацавала праект “Вучым літоўскую мову” і адаслала яго ў Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. І трэба спадзявацца, што ў настаўніцы ўсё атрымаецца.


Алена ЯРАШЭВІЧ.