Як стаць гімназістам?

11:41 / 16.02.2011

Здаецца, што да канца навучальнага года яшчэ далёка, але  не паспеем мы азірнуцца, як прыйдзе май. І перад чацвёртакласнікамі ўзнікне пытанне: прадоўжыць навучанне ў сваёй школе ці пайсці ў гімназію?
Пра асаблівасці навучання ў  гімназіі, арганізацыю ўступных іспытаў і набору ва ўстанову наша размова з намеснікам начальніка аддзела адукацыі Наталляй Вікенцьеўнай Баніцэвіч.


– На вашу думку, наколькі апраўдана функцыянаванне гімназіі ў нашым раёне?
– У нашым раёне адкрыта і паспяхова працуе толькі адна ўстанова новага тыпу – гімназія №1, якая да 1 верасня 2004 года была СШ №2. І вельмі добра, што такая ўстанова ў нас ёсць – гэта дазваляе задаволіць адукацыйныя  запыты бацькоў і дзяцей, тут створаны ўмовы  для навучання дзяцей на павышаным узроўні. Ужо ў 5-9 класах школьнікі ў большым аб’ёме, чым у звычайных агульнаадукацыйных школах, вывучаюць  матэматыку і замежную мову, а ў старэйшых класах адукацыйны працэс арганізаваны па трох накірунках: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, і філалагічны (руская мова і замежная мова). Да таго ж навучанне тут вядзецца толькі ў першую змену. Асаблівыя патрабаванні прад’яўляюцца і да педагагічных работнікаў. Так, дырэктар гімназіі і яго намеснікі павінны мець вышэйшую катэгорыю, 70% настаўнікаў – вышэйшую і першую. На базе гімназіі створаны апорныя кабінеты, з кожным годам паляпшаецца яе матэрыяльна-тэхнічная база.
– Выніковасць дзейнасці нашай гімназіі пацверджана на практыцы?
– Канешне. Гэта перамогі ў алімпіядах рознага ўзроўню, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
– Як стаць гімназістам? Як будзе ажыццяўляцца набор у гімназію ў 2011 годзе?
– Прыём у гімназію будзе праходзіць па выніках уступных іспытаў па матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Пры залічэнні будуць улічвацца  адзнакі, атрыманыя на іспытах, і гадавыя адзнакі за 4 клас па гэтых жа прадметах – гэта новаўвядзенне. Атрымліваецца, што максімальная колькасць балаў пры залічэннні можа даходзіць да 60.
Новаўвядзеннем з’яўляецца і тое, што цяпер тэксты экзаменацыйных заданняў будуць падрыхтаваны Міністэрствам адукацыі – у хуткім часе плануецца выданне зборніка дыктантаў і кантрольных работ па прадметах. З яго мы і возьмем тэксты для ўступных іспытаў.
– Колькі дзяцей будзе прынята ў гімназію ў 2011 годзе?
– Лічбы прыёму будуць зацверджаны да 10 красавіка.  Сёння ў чацвёртых класах гімназіі (а гэта не гімназічныя класы) вучыцца 74 дзіцяці. Па выніках апытання 95%  з іх жадаюць прадоўжыць навучанне ў гімназіі. Як атрымаецца, убачым праз некаторы час.
– Тэрміны, калі будуць праведзены іспыты, ужо вызначаны?
– Прыём у гімназію пройдзе з 1 па 10 чэрвеня. Штогод тут праходзяць дні адчыненых дзвярэй для бацькоў і дзяцей – і з датамі экзаменаў там таксама можна будзе пазнаёміцца.
– Ці ёсць магчымасць у дзяцей, якія пражываюць у вёсках і вучацца ў вясковых школах, стаць гімназістамі?
– Такая магчымасць ёсць ва ўсіх дзяцей. Але пры гімназіі няма інтэрната, і таму прыняць дзяцей з аддаленых вёсак мы не можам. Але  калі ў бацькоў ёсць жаданне, каб дзіця вучылася ў гімназіі, і ёсць магчымасць кожны дзень дастаўляць яго на ўрокі, то яны могуць напісаць заяву на імя дырэктара гімназіі. Калі ў дзіцяці добрыя гадавыя адзнакі за чацвёрты клас і ён  паспяхова здасць уступныя экзамены, пройдзе адбор, то яго залічаць.
– Што вы можаце парэкамендаваць бацькам, чые дзеці збіраюцца паступаць у гімназію?
– Галоўнае – не хвалявацца. Калі ў вашага дзіцяці ёсць веды, ён без асаблівых цяжкасцей стане гімназістам. Трэба даць яму добра адпачыць і самому не накаляць абставінаў – тады ўсё атрымаецца.


Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.