Каманда алімпіёнікаў павялічылася

11:51 / 26.01.2011

На мінулым тыдні школьнікі з нашага раёна ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове і літаратуры, хіміі і інфарматыцы.


Сем школьнікаў – Аксана Аўгуль, Уладзіслаў Міхно, Канстанцін Лябецкі і Вікторыя Базіс з гімназіі №1, Кацярына Тарашкевіч з Рытаньскага НПК, Аляксей Мацкела з Міхалішкаўскай школы і Стасіс Чучурка з Кямелішкаўскага НПК – у мінулы  панядзелак   адправіліся ў Гродна, каб абараніць гонар сваіх школ і раёна і пазмагацца за права называцца  лепшымі.
А ў канцы тыдня яны ўжо вярнуліся ў Астравец з перамогамі. Так школьнікі-хімікі з гімназіі №1 Уладзіслаў Міхно і Канстанцін Лябецкі, з якімі займаецца настаўнік хіміі Віталій Тадэвушавіч Стаціна, прывезлі дзве ўзнагароды – дыплом І і ІІ ступені адпаведна. Вучань Міхалішкаўскай школы Аляксей Мацкела, з якім працуе Марыя Вацлаваўна Сяргей, таксама вярнуўся з дыпломам ІІ ступені.
Аксана Аўгуль, якая выступала на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, паспяхова прайшла тры туры – і была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Рыхтавала Аксану  настаўніца гімназіі №1 Марыя Антонаўна Блізнік.
Прывёз узнагароду з абласной алімпіяды па інфарматыцы і вучань Віталія Вячаслававіча Смірнова  Стасіс Чучурка – ён атрымаў грамату ўпраўлення адукацыі  за добрыя паказчыкі ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Віншуем вучняў і іх настаўнікаў з удалым выступленнем!


Алена ЯРАШЭВІЧ.