У "Галактыцы" прайшла агульнараённая школьная дыскатэка

15:38 / 23.11.2010

Больш за 250 школьнікаў сабралася ў пятніцу ў “Галактыцы” на агульнараённай школьнай дыскатэцы “За здаровы лад жыцця”, арганізатарам якой ужо не першы год з’яўляецца цэнтр пазашкольнай работы.





– Падобныя мерапрыемствы ў нас праводзяцца кожны год. Сёлета мы прымеркавалі яго адразу да некалькіх падзей – гэта і дзень адмовы ад курэння, і дзень цвярозасці, і дзень барацьбы са СНІДам, – расказвае дырэктар цэнтра пазашкольнай работы Наталля Сянюць. – Да таго ж для дзяцей гэта выдатны шанс бліжэй пазнаёміцца са сваімі равеснікамі з іншых школ.
Праграма дыскатэкі была цікавай і насычанай. З роляй вядучага  выдатна спраўляўся кіраўнік гуртка цэнтра пазашкольнай работы Павел Букель. Эстафету ў яго  перанялі кавэзэншчыкі зборнай каманды нашага раёна  “Мірны атам”. Яны паказалі конкурсную праграму, з якой выступалі на абласным этапе каманд КВЗ. Кажуць, смех прадаўжае жыццё – дасціпныя жарты і гумар, што дэманстравалі дзеці, усім прыйшліся даспадобы і, трэба думаць, прыбавілі здароўя на некалькі дзён.
Наступным нумарам тэматычнай дыскатэкі стала віктарына. Сёлета ў нашым раёне стартаваў новы праект “На дуэль з туберкулёзам”, распрацаваны валанцёрамі атрада “Прамень”. Яны прыбылі на дыскатэку і правялі віктарыну па пытаннях прафілактыкі туберкулёзу. За правільны адказ на пытанне кожны атрымаў невялікі падарунак. А напрыканцы ўсе пагадзіліся з тым, што галоўнае – весці здаровы лад жыцця – і тады праблем у жыцці не будзе.
Выступілі са сваёй гульнёвай праграмай “Стань зоркай” пераможцы абласнога і дыпламанты рэспубліканскага конкурсу “Гуляюць дзеці – гуляем мы” супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы Павел Букель і Наталля Янкоўская. Паспрабаваць свае сілы і стаць зоркай мог любы жадаючы. А падняцца на сцэну пашчасціла толькі сямі школьнікам. Каб атрымаць тытул пераможцы і падарунак, неабходна было прайсці некалькі этапаў – здаць экзамен па харэаграфіі, паказаць навыкі чытання ў конкурсе скорагаворак, адгадаць гук. А пераможцу яшчэ прыйшлося паўдзельнічаць у шоу “Караоке А4”.
Ствараць добры настрой на працягу чатырох гадзін, што доўжылася дыскатэка, дапамагаў дзі-джэй “Хакер”, пад маскай якога схаваўся кіраўнік гуртка цэнтра Аляксандр Аляханаў.
Школьнікам мерапрыемства спадабалася. Адны прыехалі сюды, каб сустрэцца з сябрамі, з якімі пазнаёміліся летам у “Ластаўцы”, іншыя – набыць новых. Словам, усе былі задаволены.
Трэба спадзявацца, што такая сустрэча будзе не апошняй, і праз нейкі час рабяты сустрэнуцца зноў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.