Клуб вясёлых і знаходлівых на астравецкай сцэне

15:42 / 05.11.2010

Дзе можна паваляць дурня – і за гэта не атрымаць вымову, адкрыта жартаваць над настаўнікамі – і не адправіцца “на дыван” да дырэктара, даць волю сваёй фантазіі і артыстызму – і законна прагульваць урокі на рэпетыцыях? Скажаце, такой “халявы” не бывае? Бывае, толькі гэта наўрад ці можна назваць “халявай”, бо прыдумваць жарты, разняволена і артыстычна выступаць на сцэне і даносіць свае “прыколы” да гледачоў – гэта сапраўднае майстэрства, якое патрабуе добрай падрыхтоўкі і маральнай вытрымкі. А называецца яно – Клуб вясёлых і знаходлівых, раённы этап якога праходзіў ў апошнюю суботу кастрычніка ў Астраўцы.





Трэці год я назіраю за гэтым вясёлым і знаходлівым ажыятажам на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец”. Што змянілася? У параўнанні з мінулым годам амаль нічога: адборачных тураў не было – на фінальную гульню маглі прыехаць усе жадаючыя каманды, конкурс складаўся толькі з аднаго выступлення, якое не павінна было перавышаць дзесяці хвілін. Сярод навінак быў толькі вядучы, у гэтым годзе трыбуну намесніка Аляксандра Маслякова ў Астраўцы займаў Павел Букель, які, дарэчы, вельмі трапна і крытычна адпускаў розныя жарты ў адрас не толькі каманд, але і членаў журы. Ну і, канешне, новай была тэма КВЗ – “Якасць заўсёды неабходна”.
Сёлета ў вясёлай гонцы павінны былі прыняць дзевяць каманд. Аднак па невядомых прычынах дзве з іх не даехалі да пункта прызначэння.
Распачала свята гумару каманда з Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання. Мінулагоднія “Белыя вароны” зараз ператварыліся ў “Страляных вараб’ёў” – падобна, рабяты нераўнадушныя да пярнатых. Зараз нават школьнікі абмяркоўваюць актуальную тэму засушлівага лета 2010 і як вынік – асаблівае павышэнне цэн на некаторыя прадукты. Рымдзюнцы, напрыклад, прапаноўвалі новы кулінарны шэдэўр – бутэрброд з грэчкай за 8 тысяч: яны так ударылі па цэнах, што самі ў шоку. Дарэчы, дзякуючы “Страляным вараб’ям” я даведалася, што вядомая замежная спявачка Лэдзі Гага апранаецца ў Астраўцы, а калі вы праглынеце батарэйку, то вас чакае электрычны стул. І асобны дзякуй рабятам за вырашэння праблемы росту валасоў на нагах.
Працягваць эстафету жартаў і “прыколаў” выйшла на сцэну каманда з СШ №1 пад бойкай назвай “Атас”. Яна запомнілася мініяцюрай пра нялёгкую працу астравецкіх таксістаў у выхадныя, а таксама песняй, прысвечанай Амаліі Пятроўне.





Не ведаю, як іншых, а мяне прыемна парадавалі рытаньскія ўдзельнікі “На сваёй хвалі”. Іх выступленне глядзелася надзвычай лёгка – што называецца, сядзі і атрымлівай задавальненне. Думаю, нікога не пакінуў раўнадушным нумар пра аўтамабіль і карову-абгоншчыцу. А піяршчыкі і рэкламшчыкі вядомых мабільных сетак, калі б яны, вядома, прысутнічалі ў зале, безумоўна звярнулі б увагу на сімпатычную і бойкую бабулю, якая ва ўсю рэкламавала сваю “мабілу”. Словам, малайцы, рытаньцы!
Ніхто спачатку нават не здагадваўся, што будзе ў бліжэйшыя 10 хвілін, калі на сцэну паднялася міхалішкаўская каманда “Без тармазоў”. З выгляду такія мілыя, сімпатычныя дзеткі. А што выраблялі на сцэне! Жартавалі, не прытарможваючы. У адпаведнасці з назвай, і палажылі-такі залу ў накаўт смехавым прыёмам. Паважаныя мужчыны, калі вы бачыце жанчыну з намаляванымі брывамі, не спяшайцеся думаць, што яна перастаралася з пінцэтам ці аміячнай фарбай. Гэта – вынік паходу ў палаючую хату, якую абавязкова павінна наведаць кожная сапраўдная жанчына.





Даспадобы прыйшлася гледачам і новая версія вядомай тэлеперадачы “Белорусское времечко” на міхалішкаўскі лад. А кампанія мабільнай сувязі МТС і наогул павінна прыплаціць камандзе кругленькі ганарар за рэкламу. “Парваў залу” рэпартаж з дзіцячага тэатра, дзе дырэктар звальняў двух сваіх супрацоўнікаў – ігра акцёраў, асабліва аднаго з іх, была настолькі эмацыянальнай, што цяжка было стрымаць слёзы… ад смеху. І канчаткова «дабіў» гледачоў жарт пра новую туалетную паперу з дзірачкамі.
Досыць спакойна прайшло выступленне наступнай каманды з Варнян “Наша Варняша”. Тут паказвалі іншую тэлеперадачу – “Малахаў + якасць”. А таксама прадэманстравалі новыя прыёмы “падкатаў” маладых людзей да дзяўчат і паказалі, як бавіць час моладзь на дыскатэцы ў Вароне.
Наступнымі дэманстраваць сваю весялосць і знаходлівасць на сцэну падняліся гімназісты “Energy SHOT”. І ўдарылі гумарам па гледачах. Мініяцюры “Чалавек-маланка”, “Маладая мама” і “Выпадак у чарзе” заслужана атрымалі буру апладысментаў. Асобных слоў заслугоўвае “званая вячэра” з Мікалаем Валуевым, дзе галоўнымі стравамі былі хлеб з хрэнам, вада з-пад крана і “вясёлыя” забавы на рынгу. Паспрабуй тут не паставіць 100 балаў! На адным дыханні глядзелася і славесная дуэль амерыканца з беларусам на бязлюдным востраве – беларуская якасць перамагла над амерыканскай колькасцю. Ну і асобнай “фішкай” па традыцыі напрыканцы выступлення гімназістаў стаў відэаролік “Кантрольная закупка”.
Не стану крывіць душой – у мінулыя гады мне вельмі падабалася каманда Гудагайскай СШ “Не адвесці вачэй”. Зараз былыя кавэзэншчыкі ўжо сталі студэнтамі, я з нецярпеннем чакала выхаду на сцэну новых вясёлых і знаходлівых прыкалістаў-гудагайцаў. Назву каманда вырашыла не мяняць. Рабяты парадавалі бойкім выхадам і арыгінальным “танчыкам”. Годна глядзеліся мініяцюра “Магазін за 5 хвілін да закрыцця”, блокбастар жахаў “Гадзіла ў Мінску”, а таксама прызнанне “дзембеля” сваёй каханай. Ну і, канешне, каб грозная, сур’ёзная, крутая чацвёрка з “Брыгады” танцавала стрыптыз – гэта трэба было бачыць. Што ж, падрастае годная змена.
На гэтым выступленні каманд закончыліся, журы прыступіла да сваёй нялёгкай місіі, а юныя кавэзэншчыкі застылі ў нецярплівым чаканні. Калі б я судзіла КВЗ, то без ваганняў аддала б першае месца “бестармазным” міхалішкаўцам. Але ў журы была крыху іншая думка. Прызавыя месцы размясціліся наступным чынам. Журы не змагло-такі адвесці вачэй ад гудагайцаў і прысудзілі ім трэцяе месца. “Серабро” – у каманды з Міхалішак. А першае места занялі энергічныя гімназісты. Упершыню быў узнагароджаны лепшы ігрок гульні – ім стаў няўрымслівы і артыстычны Вадзім Ляховіч з Міхалішак – ён сапраўды гэтага заслужыў. Па ўмовах зборная каманд-пераможцаў будзе прадстаўляць Астравеччыну ў вобласці, а калі пашанцуе, то і ў рэспубліцы. Ну што ж, як кажа Аляксандр Васільевіч – ні пуху…


Марына МАЦКЕВІЧ.