Алена Рэміс дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы з прэзідэнтам

09:32 / 03.11.2010

Для юных беларусаў 22 кастрычніка было асаблівым днём – на іх пытанні адказваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І калі для беларускага лідара прэс-канферэнцыя – звычайная справа, то моладзь да гэтай сустрэчы рыхтавалася некалькі месяцаў.
Рэспубліканская акцыя “Пытанне Прэзідэнту” стартавала 14 красавіка. Яе ўдзельнікамі сталі 2980 вучняў і студэнтаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Збор пытанняў працягваўся больш чым месяц. Яшчэ нейкі час занялі іх сістэматызацыя і аналіз. І як вынік – 60 удзельнікаў гэтай акцыі, якія задалі самыя цікавыя і нестандартныя пытанні, былі запрошаны ў авальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Наша газета ўжо паведамляла, што Алена Рэміс, вучаніца 11 класа Гервяцкай СШ, таксама была запрошана на сустрэчу да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння сваімі ўражаннямі Алена дзеліцца з чытачамі нашай газеты.


– Як ты даведалася пра акцыю і чаму вырашыла паўдзельнічаць у ёй?
– Пра акцыю расказала наш класны кіраўнік Вольга Станіславаўна Чубрык. Яна ж і прапанавала задаць пытанне Прэзідэнту.
Не скажу, што я доўга думала над пытаннем. Я не вельмі цікаўлюся палітыкай, і таму вырашыла спытаць пра асабістае. У сваім пісьме я расказала пра свае захапленні, пра выпуск школьнай газеты “Міг” і пацікавілася ў Аляксандра Рыгоравіча, чым ён займаўся, калі яму было 16 гадоў.
Але, шчыра кажучы, я нават і не спадзявалася, што маё пытанне дойдзе да Прэзідэнта.
– А што ты адчула, калі даведалася, што цябе запрасілі на сустрэчу з прэзідэнтам?
– Спачатку ў гэта цяжка было паверыць. Нечаканасць. Вялікае хваляванне. Радасць. Я і цяпер думаю, што гэта быў шчаслівы выпадак.
– Ты першы раз бачыла прэзідэнта на свае вочы?
– Не. Першая сустрэча адбылася ў 2007 годзе – тады Аляксандр Рыгоравіч наведваў наш аграгарадок і сустракаўся з жыхарамі. У мінулым годзе я была на парадзе ў Мінску – і там таксама бачыла кіраўніка дзяржавы. А сёлета пашчасціла трапіць на сустрэчу ў Нацыянальную бібліятэку.
– Хвалявалася?
– Напачатку адчувалася трымценне ў душы. Але пасля першага пытання ўсе супакоіліся і адчувалі сябе добра.
Маё пытанне было трыццатым і я разумела, што да мяне чарга можа не дайсці. Так і атрымалася. Аляксандр Рыгоравіч адказаў на дваццаць пытанняў. Але наша сустрэча замест запланаваных дзвюх гадзін доўжылася больш за дзве з паловай.
Але на сваё пытанне я, хаця і ўскосна, усё ж атрымала адказ. Напрыклад, даведалася, што Аляксандр Рыгоравіч у школе любіў гуманітарныя прадметы, шмат чытаў і нават спрабаваў пісаць вершы, што ён займаўся футболам, а потым стаў на канькі.
– Дарэчы, пра пытанні. Якое з іх табе больш за ўсё спадабалася?
– Нягледзячы на тое, што пытанні задавалі падлеткі, было шмат важных, якія датычыліся сферы адукацыі і міжнародных адносін, развіцця нашай краіны і асобных рэгіёнаў і, канешне, тыя, што тычыліся асабістага жыцця прэзідэнта.
Мне спадабалася пытанне пра пенсіянераў, якія працягваюць працаваць пасля выхаду на пенсію, і маладых спецыялістаў, якія не могуць знайсці работу. Важным было таксама пытанне пра ролю жанчын у нашым грамадстве, пра службу ў арміі.
А больш за ўсё ўразіла відэасустрэча Прэзідэнта з дзяўчынкай са Слуцка Палінай Сыцько. З-за фізічных недахопаў яна не змагла прыехаць у Мінск, таму задавала пытанне пры дапамозе тэлемаста.
– Што яшчэ запомнілася ад гэтай паездкі?
– Усё было вельмі добра арганізавана. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам мы зрабілі экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы. У нас нават была магчымасць стаць яе чытачамі.
А ў падарунак кожны з нас атрымаў буклет “БРСМ – Маладосць мая” з дыскам, картамі усіх абласцей Беларусі і тры спецвыпускі выданняў для дзяцей – “Знамя Юности”, “Переходный возраст” і “Зорька”, кнігу “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” і аўтаручкі з подпісам “Ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Да таго ж – мора ўражанняў і новых сяброў.
– Ты ўжо паспела адчуць, што стала вядомай?
– Я не лічу, што стала знакамітай. На маім месцы мог апынуцца кожны. І зайздрасці я таксама не адчуваю. Мае родныя і аднакласнікі рады, што мне пашанцавала. Задаюць пытанні, цікавяцца. Настаўнікі запрашалі на класныя гадзіны расказаць пра паездку.
Дарэчы, калі ў мяне будзе яшчэ адзін шанс задаць пытанне Прэзідэнту, то я ўжо дакладна ведаю, якім яно будзе.


Што датычыцца самой Алены, то яна ніколі не шукае лёгкіх шляхоў – пастаянна працуе над сабой і настойліва рухаецца да дасягнення сваёй мэты.
Ужо не першы год яна з’яўляецца рэдактарам школьнай газеты “Міг”, якую стварае разам са сваімі сябрамі і настаўнікамі Вольгай Станіславаўнай Чубрык і Алесяй Вітольдаўнай Барусевіч.
Цяпер Алена рыхтуецца да здачы экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. І канешне ж, марыць, што ў хуткім часе стане студэнткай, а потым – кваліфікаваным псіхолагам.
А ў перапынках паміж вучобай і выпускамі газеты не забывае Алена і пра розныя мерапрыемствы, без якіх не можа быць поўнавартаснага школьнага жыцця, і пра сваё хобі: Алена спрабуе пісаць раманы і дэтэктывы. Пакуль што – невялікія, памерам у звычайны сшытак у 48 лістоў. І піша іх пакуль што “ў стол”. А іх чытачамі з’яўляюцца мама, класны кіраўнік і аднакласнікі. Але мне чамусьці верыцца, што наступіць час, калі яе кнігі будуць надрукаваны і іх прачытаюць многія.


Алена ЯРАШЭВІЧ.


p style="text-align: left;"