20 чэрвеня – Дзень медыцынскіх работнікаў

15:09 / 18.06.2010
3

20 чэрвеня сваё прафесійнае свята святкуюць медыцынскія работнікі – людзі, якія вяртаюць нам здароўе і жыццё. Сёння мы знаёмім вас  з некаторымі з іх.

Уладзімір Часлававіч Мажэйка: "Прафесіянал – гэта назаўсёды"

Уладзіміру Часлававічу Мажэйку, намесніку галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы па лячэбнай рабоце, 38 гадоў, 13 з якіх ён з’яўляецца практыкуючым хірургам – у тым ліку і цяпер, нягледзячы на выкананне адміністрацыйных функцый. Урач першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Любіць сваю работу, сям’ю, сабаку і лес.
Пра астатняе – чытайце ў інтэрв’ю.

—Уладзімір Часлававіч, нягледзячы на даволі высокую пасаду, якую вы займаеце, і немалы стаж работы, для жыхароў Астравеччыны вы застаецеся своеасаблівым “цёмным конікам”, ведаюць пра вас мала. Таму давайце пачнём з самага пачатку. Скажыце, чаму медыцына?
—Я вырас у Ашмянах, мама мая працавала ў раённай бальніцы бухгалтарам, і таму я часта круціўся ў яе на рабоце – магчыма, гэта паўплывала на выбар будучай прафесіі. Да таго ж у школе мне падабалася і лёгка давалася біялогія, я нават заняў у выпускным класе другое месца на абласной алімпіядзе. Праўда, на прыёмную камісію ў медінстытуце мой дыплом ніякага ўражання не зрабіў – гэтак жа, як і залаты медаль. Прапанавалі свае веды прадэманстраваць на экзамене. Запаветную «пяцёрку» з першага заходу атрымаць не ўдалося, прахадны бал на лячэбны факультэт у той год быў вельмі высокі – словам, з першага разу не паступіў. Мог з гэтым самым дыпломам без уступных экзаменаў ісці на біяфак Гродзенскага ўніверсітэта, многія раілі так і зрабіць, але мне хацелася ў медыцынскі. Таму вярнуўся дамоў, уладкаваўся ў Ашмянскую бальніцу санітарам… Тады, канешне, было крыўдна, што не атрымалася паступіць з першага разу, але цяпер ніколькі не шкадую, што так атрымалася: я ведаю бальнічную работу знутры, і пераканаць мяне, што нешта там зрабіць немагчыма, цяжка: я ведаю, як гэта робіцца – сам гэта рабіў.
Працаваў санітарам два гады, пакуль медінстытут не скарыўся маёй упартасці.
—А чаму хірургія?
—На трэцім курсе пачалі вывучаць агульную хірургію. І тады я вырашыў: гэта – маё. Хірургія патрабуе пэўных рыс характару: рашучасці, адказнасці, умення прымаць рашэнне. Калі стаіш за аперацыйным сталом, часу на тое, каб падумаць, параіцца з калегамі, пачытаць спецыяльную літаратуру, няма, рашэнне трэба прымаць тут і зараз. Ад твайго рашэння часта залежыць жыццё чалавека, і работы над памылкамі не будзе… Усё гэта мне імпануе, і я цвёрда вырашыў: буду хірургам. Нават калі нам сказалі, што ў Гродзенскай вобласці хірургі не патрэбны, і каб заставацца тут, трэба мяняць спецыялізацыю.
—Вы не змянілі – і…
—І паехаў па размеркаванню ў Магілёўскую вобласць, горад Кіраўск. Сімпатычны ўвогуле гарадок, нядрэнная бальніца, калектыў мне падабаўся. Але да маладых спецыялістаў там адносіліся так… Ну як бы больш правільна сказаць – неберажліва, ці што? Маўляў, з’едзеце вы – прышлюць іншых, камплектаванне кадраў у тых раёнах прыярытэтнае. Ды і бацька стаў хварэць. Таму пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі на сямейным савеце было прынята рашэнне вяртацца на радзіму. У Ашмянах хірургі былі не патрэбны. Ды я, шчыра кажучы, не вельмі хацеў вяртацца ў сваю бальніцу — мяне ж там усе помнілі хлопчыкам-санітарам. Хацелася пачаць з чыстага аркуша. І яшчэ – самастойнасці: да таго часу ў нас ужо была сям’я. З Дзінай мы вучыліся разам, жылі на адным паверсе, пажаніліся на пятым курсе, перад размеркаваннем. У Кіраўску ў нас нарадзілася дачка.
У Астраўцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны прапанаваў нам работу: мне – пасаду хірурга, Дзіне Аляксандраўне –фтызіятра. Далі пакойчык у інтэрнаце, затым – блок, пазней мы атрымалі кватэру ў адрэстаўрыраваным доме медыкаў, так што Астравец – гэта ўжо, напэўна, назаўсёды.
—Першую сваю самастойную аперацыю помніце?
—А як жа!
Інтэрнатуру я праходзіў у Бабруйску – там аперыраваў многа, браў шмат дзяжурстваў – хацелася як мага больш набрацца вопыту, усяму навучыцца. Але там за плячыма заўсёды стаяў больш вопытны хірург, і была ўпэўненасць, што нават калі ты нешта будзеш рабіць не так –цябе паправяць.
А ў Кіраўску ў першае ж дзяжурства паступілі два маладыя хлопцы, міліяцыянеры, з рэзанымі ранамі шыі: у рэстаране іх парэзалі крымінальнікі. А шыя – гэта вельмі складаная частка цела: там мноства буйных сасудаў, нерваў. Спачатку ў мяне ўзнікла нейкая разгубленасць: ну чаму гэта выпала менавіта мне, і на першым жа дзяжурстве, і ці спраўлюся я? Тэхнічна я ведаў, як зрабіць гэтую аперацыю, а псіхалагічна быў яшчэ не гатовы. У такіх момантах галоўнае – не праяўляць залішняй самаўпэўненасці: маўляў, як-небудзь зраблю. Бо зрабіць трэба не як-небудзь, а так, як трэба. І я не палічыў для сябе ганебным выклікаць загадчыка аддзялення. Той прыехаў, мы ўзялі ў аперацыйную першага хлопца. А з другім спраўляўся ўжо сам. На шчасце, усё абышлося добра.
Кажуць, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. І разам з тым памылкі ўрачоў заўважаюцца больш, чым чые-небудзь іншыя – магчыма, таму, што яны вельмі дорага каштуюць. Як вы адносіцеся да ўрачэбных памылак?
—Ну, памылка ўрача – гэта ўжо крымінальная адказнасць, менавіта таму, што яна дорага каштуе.
Але ж не заўсёды сумны вынік – гэта менавіта памылка ўрача. Скажам, прывезлі да нас пацярпеўшага ў дарожнай аварыі. Мы зрабілі рэнтген, але ж у нас няма камп’ютэрнага тамографа. Урач праводзіць лячэнне – і не бачыць, што ў мозгу схавалася гематома, якую трэба тэрмінова выдаліць. Чалавек памірае. Што гэта, ўрачэбная памылка? Наўрад ці можна яго абвінаваціць, але ж гэта не здымае з урача адказнасці, перш за ўсё маральнай, псіхалагічнай. Паверце: усе ўрачы вельмі цяжка перажываюць, калі лячэнне не дае належнага выніку. І ўсе ў нашай бальніцы спецыялісты стараюцца павышаць свой прафесійны ўзровень, каб памылак было як мага менш. Скажу без перабольшвання: па колькасці ўрачоў, які закончылі ардынатуру, наша бальніца самая перадавая ў вобласці. А гэта – паслядыпломная адукацыя, магчымасць атрымаць дадатковыя веды ў лепшых клініках сталіцы.
Я таксама закончыў ардынатуру па хірургіі – гэта вельмі карысна. І сёлета паступілі чатыры чалавекі. Кіраўніцтва бальніцы гэта ўсяляк заахвочвае і стымулюе.
—Вы не толькі хірург, але яшчэ і намеснік галоўнага ўрача. Што з гэтага вам бліжэй, цікавей?
—Калі я згаджаўся на пасаду намесніка галоўнага ўрача, я ставіў абавязковую ўмову, што застануся практыкуючым хірургам. Я па-ранейшаму лячу хворых у стацыянары, бяру дзяжурствы — гэта неабходна для падтрымання прафесійнага ўзроўню. І потым, не сакрэт, што кар’ера любога адміністратара можа быць вельмі хуткацечнай, і гэта не заўсёды залежыць ад яго самога. А калі ты спецыяліст, прафесіянал, то гэта – назаўсёды.
І потым – я намеснік галоўнага ўрача менавіта па лячэбнай рабоце. Гэта значыць, што павінен быць у курсе ўсіх бальнічных спраў. Мой рабочы дзень пачынаецца гадзін у сем раніцы: прыходжу ў прыёмны пакой, гляджу, да каго на працягу апошніх сутак выязджала “хуткая дапамога”, каго шпіталізавалі, з якім дыягназам, у якое аддзяленне. Найбольш цяжкіх пацыентаў да ўнутрыбальнічнай планёркі паспяваю нават паглядзець. Так што і на пасадзе намесніка я застаюся перш за ўсё ўрачом. І толькі потым — адміністратарам.
—Што ў вашых абавязках дастаўляе вам задавальненне, а што рабіць не вельмі хочацца?
—Вось калі паступае хворы ў вельмі цяжкім стане, і мы ўсёй бальніцай “выцягваем” яго, і потым у чалавека жыццё складваецца нармальна – гэта, безумоўна, самая вялікая радасць для любога ўрача. Некалі да нас паступіў у вельмі цяжкім стане васемнаццацігадовы хлопец, які разбіўся на матацыкле – я яго аперыраваў. Прыязджалі кансультанты з Гродна і толькі развялі рукамі – бесперспектыўны. Тры тыдні ён знаходзіўся на апаратным дыханні. А потым выкараскаўся. Я нядаўна даведаўся: той хлопец ажаніўся, стварыў сям’ю. Вось гэта і ёсць самая вялікая радасць.
А непрыемна… Паперы бескарысныя выконваць непрыемна – апошнім часам іх столькі ідзе… Думаеш: лепш бы ў той час, як складаеш чарговую нікому непатрэбную справаздачу, заняўся б якой-небудзь канкрэтнай і карыснай справай. Непрыемна, калі канфлікты ўзнікаюць – апошнім часам людзі сталі больш злыя, агрэсіўныя. Ці можа, проста больш стомленыя? Пакаранні да падначаленых прымяняць непрыемна. Вядома, у арсенале адміністратара павінны быць і бізун, і пернік, але так хочацца бізун схаваць куды падалей, а выкарыстоўваць толькі пернікі. Хоць час ад часу даводзіцца карыстацца і бізуном – калі не прымяняць, то хоць бы выцягваць і паказваць.
—Вы прыехалі ў Астравец дзесяць гадоў назад. Працавалі звычайным урачом, што называецца, свой сярод сваіх. І тут раптам – намеснік, адміністрацыя… Адносіны з былымі калегамі давялося мяняць?
—У пэўнай ступені. Так, пакуль працаваў хірургам, з’явіліся сябры, прыяцелі. Яны і цяпер засталіся, але я стараюся, каб наша дружба не ўплывала на работу, а існавала па-за бальніцай. Каб мяне не маглі папракнуць: вось, маўляў, ты хірург, то і прэферэнцыі аддаеш сваёй хірургічнай службе, а іншыя пакутуюць. Не магу сказаць, што гэта ў мяне стопрацэнтна атрымліваецца, але стараюся быць справядлівым.
--Тое, што ў сям’і – два медыкі, дапамагае ў рабоце і жыцці ці наадварот — перашкаджае?
—Канешне, дапамагае! Не сакрэт, што ўрачы – гэта своеасаблівыя фанатыкі. Работа ў нас такая, што не забудзешся пра клопаты, зачыніўшы дзверы кабінета: і дома ўвесь час пракручваеш сітуацыю, думаеш, як паступіць, што зрабіць? І з кім лепш параіцца ў выпадку сумненняў, як не з родным чалавекам, які да таго ж калега?
Іншая справа, што часам прыходзіш дахаты, падпітаны чыёйсці агрэсіяй. Тут у нас дзейнічае сямейнае табу: негатыў у сям’ю не несці і на блізкіх не выліваць! У такіх выпадках я бяру сабаку і іду гуляць у лес – балазе, ён зусім побач. Жывёла і прырода здымаюць усе стрэсы.
—А дачцэ сваёй параілі б ісці ў медыцыну?
—Цяжка сказаць… Тут галоўнае нават не тое, што б мы параілі, а да чаго ў яе самой душа ляжыць. Ангеліна ж у нас больш гуманітарый. І, нягледзячы, што скончыла толькі 5 класаў, яна ўжо вырашыла, што ў будучым стане журналісткай. Прычым марыць пра тэлежурналістыку: ужо знайшла ў інтэрнэце, дзе можна набыць гэтую прафесію, якія экзамены трэба здаваць… А з іншага боку — усё яе жыццё праходзіць у бальніцы ці бальнічным асяроддзі: бацькі ўрачы, усе суседзі, сябры сям’і – таксама медыкі, дом наш стаіць амаль што на бальнічным двары… Так што ўпаўне магчыма, што гэта ў далейшым зробіць свой уплыў. Але кім ёй быць – няхай вырашае сама.
—А што яшчэ, акрамя прыроды і хатніх жывёл, дапамагае вам адпачыць, падзарадзіцца станоўчай энергіяй? Якое месца ў гэтым займаюць інтэлектуальныя гульні, у якіх каманда медыкаў на чале з вамі прымае самы актыўны ўдзел — а на апошнім турніры было заўважана нават дзве бальнічныя каманды?
—Калі я скажу, што з’яўляюся фанатам інтэлектуальных гульняў, то гэта будзе няпраўдай. Але бальнічная каманда стараецца прымаць удзел ва ўсіх па-забальнічных мерапрыемствах. Па-першае, таму, што гэта цікава. І агульныя інтарэсы, не звязаныя з працай, вельмі згуртоўваюць калектыў, да таго ж даюць цудоўную псіхалагічную разгрузку.
Ну, а інтэлектуальныя гульні дазваляюць яшчэ і праверыць сябе, атрымаць такі пазітыўны адрэналін. Пасля турніру ў людзей вочы гараць. І пажаданне адно: часцей праводзьце падобныя турніры –абавязкова будзем удзельнічаць.
А што тычыцца адпачынку ўвогуле… Неяк на яго ўсё менш застаецца часу. Вось ужо гадоў дзесяць мару ўзяць у рукі вуду – і ўсё ніяк не вазьму. Паляванне? Не, гэта не маё – і на рабоце крыві хапае.
—Каго вы лічыце сваім настаўнікам па жыцці?
—У значнай ступені –Валянціна Ігнатавіча Тачонага. Хоць я і закончыў, акрамя ардынатуры па хірургіі, яшчэ і па арганізацыі лячэбнага працэсу, і атрымаў там шмат цікавых і карысных ведаў, усё ж тэорыя –гэта адно, а практыка часам – зусім іншае. І бачыць, як вырашае гэтыя практычныя пытанні старэйшы кіраўнік у медыцыне Гродзенскай вобласці, і які эфект гэта дае – цудоўная школа. Сёння наша бальніца – адна з лепшых у вобласці, у многіх напрамках мы далёка наперадзе суседзяў. Скажам, да нашага акушэра-гінеколага Святланы Георгіеўны Нікалаенка едуць вучыцца суседзі з іншых раёнаў: такія высокатэхналагічныя аперацыі робяць толькі ў нас. Мы аднымі з першых пачалі праводзіць ультрагукавое даследаванне сэрца. А вазьміце добраўпарадкаванне – мы ўсе неяк ужо прывыклі ды прыгажосці, чысціні, камфорту – а між тым такое ўбачыш нават не ў кожнай сталічнай клініцы. Так што павучыцца ў Валянціна Ігнатавіча можна многаму.
—Канешне, у вас яшчэ не той узрост, калі трэба падводзіць вынікі. І ўсё ж, калі б была такая магчымасць, ці змянілі б вы нешта ў сваім жыцці?
—Вось так задумаўся над вашым пытаннем – і прыйшоў да высновы, што я, напэўна, — шчаслівы чалавек, бо мне не хочацца нічога мяняць. Работа мне падабаецца – а калі яна ў радасць, то і працаваць лёгка, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Сям’я ў нас добрая. Месца жыхарства мяне таксама задавальняе – ніколі не любіў вялікія гарады, бываючы ў Мінску, за дзень так стамляюся, што потым у Астраўцы надыхацца не магу. Магчымасці рэалізаваць сябе таксама ёсць — было б жаданне, а без яго і ў сталіцы не рэалізуешся.
Так што ўсё ў мяне цудоўна, і нічога ў сваім жыцці я мяняць не хачу.




З дынастыі Кардзісаў

У медыцыне, як, бадай, ні ў якой іншай прафесіі, развітая своеасаблівая “сямейнасць”: вельмі часта побач працуюць муж і жонка, а часам і некалькі пакаленняў урачоў з аднолькавым прозвішчам. Толькі ў нашай бальніцы я налічыла з дзесятак сямейных урачэбных пар. А часта развіваюцца цэлыя медыцынскія дынастыі. Адна з такіх – дынастыя медыкаў Кардзісаў.


Шлях да прафесіі
Для Дзмітрыя Яўгенавіча размеркаванне пасля Гродзенскага медінстытута ў Астравец было своеасаблівым вяртаннем да сямейных вытокаў – хоць, зрэшты, і Ашмяны, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, таксама не асабліва вялікі адрыў ад іх. Але, напэўна, не ўсе ведаюць, што вядомы не толькі ашмянскім, але і многім астравецкім пацыентам оталарынголаг Яўгеній Іванавіч Кардзіс, які шмат гадоў працаваў у Ашмянскай бальніцы, родам з Астравеччыны, з вёсачкі Грэбалы. Яны з жонкай Марыяй Іванаўнай нават працавалі пэўны час пасля заканчэння Юрацішкаўскага медвучылішча ў Рымдзюнах: ён — загадчыкам ФАПа, яна – акушэркай.
А пасля вырашылі прадоўжыць вучобу: пагадзіцеся, у той час, калі фельчар быў амаль што богам для вяскоўцаў, такое рашэнне, ды яшчэ абодвух, было ўчынкам. Спачатку паступіў у медінстытут муж, а затым і жонка. І ўжо пасля яго заканчэння Кардзісаў накіравалі на работу ў Ашмяны.
—Хоць увогуле пачатак нашай сямейнай дынастыі мы лічым яшчэ ад майго дзеда па маці Івана Аляксандравіча Акуліча, — расказвае Дзмітрый Яўгенавіч. — Дзед у гады вайны быў санінструктарам – цяпер яго ўжо, на жаль, няма. А ў мяне дык і выйсця іншага, можна сказаць, не было. Шчыра кажучы, я проста не ўяўляў, што на свеце існуюць прафесіі, не звязаныя з медыцынай. Я вырас у гэтым асяроддзі, малым пастаянна курсіраваў паміж Міхалконямі, дзе ў скурвендыспансеры працавала мама, і бальніцай, дзе днямі і начамі прападаў бацька. І дома размовы былі ўвесь час пра пацыентаў і іх хваробы. А тут і старэйшы брат паступіў у медыцынскі – што мне заставалася рабіць? Ужо справай гонару было падтрымаць дынастыю – хоць ніхто мяне да гэтага не вымушаў. Але ж, паўтаруся, нічога іншага я проста не ведаў.
…У Інэсы Раманаўны ўсё было з дакладнасцю наадварот: у яе сям’і ніхто і ніколі не працаваў у медыцыне. А дзяўчына з дзяцінства хацела стаць менавіта ўрачом. І менавіта педыятрам.
—Цяжка сказаць, чаму ўзнікла такое жаданне, — амаль што вінавата ўсміхаецца Інэса Раманаўна. – Можа, таму, што сама ў дзяцінстве шмат хварэла, часта ляжала ў бальніцы?.. Увогуле, мне хацелася, каб у сваёй прафесіі я была побач з дзецьмі і магла ім дапамагаць. Таму і выбрала адзін з самых складаных накірункаў у медыцыне — педыятрыю. Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што тады я яшчэ не ведала, наколькі ён складаны, сёння, магчыма, ужо б засумнявалася…
Студэнты медыцынскіх інстытутаў здаваліся ёй самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі, амаль што багамі: яны ўжо там, яны — вучацца! І Інэса мэтанакіравана ішла да сваёй мэты: у той час, як равеснікі бегалі на танцы і загаралі, яна штудзіравала біялогію – тым больш, што са школьным выкладчыкам гэтага прадмета ёй не пашанцавала: чалавек быў выпадковы, біялогію не ведаў і не любіў і навучыць чаму-небудзь не мог. Таму прыходзілася здабываць веды самастойна.
Інэса Раманаўна па жыцці – “выдатніца” ў самым лепшым сэнсе гэтага слова: яна да ўсяго прывыкла ставіцца вельмі адказна і рабіць усё “на пяцёрку”. І запаветны медінстытут скарыўся даволі лёгка: ёй, залатой медалістцы, трэба было здаць толькі адзін экзамен – біялогію. Але на “пяцёрку”! З гэтай задачай яна справілася – ажно сама не паверыла спачатку, што вось ужо і яна – сярод гэтых амаль што небажыхароў, студэнтаў медінстытута.


Сям’я
Усе сябры ведаюць гісторыю пра жоўты чамадан і гісторыю іх знаёмства. Хоць жылі яны ў адным горадзе, былі аднагодкамі і час ад часу “перасякаліся” на нейкіх школьна-маладзёжных сцежках, усё ж “убачыў” Дзмітрый Інэсу ўжо пасля школы: прыгожая дзяўчына ішла па вуліцы роднага горада і несла такі ж прыгожы, незвычайны жоўты чамадан. Яны з сябрам падышлі, дапамаглі паднесці, пагаварылі ні пра што – словам, пазнаёміліся.
А потым высветлілася, што яны паступаюць у адзін інстытут.
Праўда, спачатку Інэса збіралася штурмаваць Ленінградскі педыятрычны – у 1986 годзе яшчэ існаваў Саюз, і з гэтым не было праблем. Ужо нават былі куплены білеты. Але сяброўка, якая паехала ў Піцер крышку раней, патэлефанавала ў ноч перад ад’ездам ўся ў слязах: у інтэрнат абітурыентаў не селяць, гасцініцы перапоўнены, хоць ты на вакзале жыві… І Інэса павезла дакументы ў Гродна. З вышыні пражытых гадоў можна казаць, што гэта была рука лёсу.
Падчас падрыхтоўкі да ўступных экзаменаў Інэса нават дапамагала новаму знаёмаму разбірацца з задачкамі па біялогіі – дарэчы, якраз такія трапіліся Дзмітрыю затым на экзамене, і гэта таксама было добрым знакам.
Яны вучыліся, сустракаліся, разам ездзілі дамоў… А потым Дзмітрыя забралі ў армію – тады яшчэ студэнтам не давалі адтэрміноўкі ад службы. І Інэса яго “абагнала” на цэлы курс.
А калі ён вярнуўся, яны вырашылі пажаніцца.


Праца
—Трапіць па размеркаванню ў Гродзенскую вобласць тады было практычна немагчыма, — узгадвае Дзмітрый Яўгенавіч. – У Ашмянскай бальніцы месца для нас не знайшлося. А Валянцін Ігнатавіч Тачоны пагадзіўся прыняць: прапанаваў Іне месца ўчастковага педыятра, а мне — рэнтгенолага. Спецыялізацыя ў мяне была цікавая, эксперыментальная – урач агульнай практыкі. Словам, усё – і нічога канкрэтнага… Але я яшчэ год давучваўся, а Іна з сынам прыехала ў Астравец, жыла і працавала тут адна.
Інэса так рвалася на працу, ёй так хацелася як мага хутчэй заняцца тым, пра што ўвесь час марыла – лячыць дзяцей, дапамагаць ім выздаравець — што яна нават не дабыла належнага ў такіх выпадках водпуску і выйшла на працу не 1 жніўня, а 19 ліпеня. І калегі, дачакаўшыся нарэшце падмены, дружна пайшлі ў водпуск. Малады спецыяліст засталася адна на ўсю педыятрычную службу. Але страху тады не было: яна ж з “чырвоным дыпломам” закончыла ўніверсітэт, усё ведае і ўсё ўмее, і галоўнае, у яе столькі жадання працаваць, лячыць, дапамагаць…
—Страх і няўпэўненасць прыходзяць пасля, з вопытам – як гэта ні парадаксальна, — сумна ўсміхаецца Інэса Раманаўна. — Калі робіш, здаецца, усё правільна, а лячэнне не ідзе. Калі хварэюць свае дзеці – і табе здаецца, што ты нічога не ведаеш і не ўмееш. Я некалі крыўдзілася на свайго свёкра, што ён дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся — і не хацеў лячыць сваіх унукаў, проста панічна баяўся гэтага. Калі дачцы трэба было выдаляць гланды, ён са слязамі на вачах прасіў: «Толькі не я!» – і мы павезлі яе да іншага ўрача. Сёння я яго разумею… У пэўнай ступені разумею нават расхваляваных мам, з якімі бывае цяжэй, чым з самімі дзецьмі: яны перажываюць і патрабуюць, каб дзіця вылечылі тут і зараз, неадкладна, хоць так не заўсёды атрымліваецца. Тады яны раздражняюцца і выплёскваюць сваю агрэсію на ўрача – нібы ён Бог ці чараўнік…
—Але ёсць у нашай працы і прыемныя моманты, — Інэса Раманаўна ўсмешкай спрабуе прагнаць змрочныя ўспаміны. – Вось, скажам, сёлета ў лагер “Ластаўка” прыехала дзяўчынка, Лэйла Міхцеева. А я памятаю яе зусім маленькай, дзевяцімесячнай. Яе прывезлі з найцяжэйшым перытанітам. Дзіцяці зрабілі некалькі аперацый, доўга лячылі. Але ж якая цудоўная цяпер дзяўчынка – вясёлая, жвавая.
Дзмітрый Яўгенавіч “уз’яднаўся” з сям’ёй пасля таго, як прайшоў інтэрнатуру ў Бараўлянах і набыў спецыяльнасць урача-рэнтгенолага. А заадно там жа прайшоў і эндаскапію. Спецыяльнасць гэтая ў тыя часы была новай, малавядомай, і трапіць на “японскі зонд” у абывацеля лічылася амаль такім жа цудам, як пабываць на прыёме ва ўсё ведаючага экстрасэнса. Хоць апаратура ў тых ужо далёкіх 90-х нават у параўнанні з сённяшняй была вельмі недасканалай, урачоў, якія б умелі на ёй прафесійна працаваць, — мала…
—Дыягностыка ва ўсім свеце лічыцца самым галоўным напрамкам у медыцыне, — гаворыць Дзмітрый Яўгенавіч. – Дыягностаў вучаць гадоў пятнаццаць, а то і болей – але потым гэта самыя высокааплатныя ўрачы і самыя запатрабаваныя. І гэта правільна, бо паставіць дакладны дыягназ – гэта нават не паўсправы, а большая палова яе: падабраць лячэнне, калі ведаеш, што лячыць, прасцей. У нас да гэтага, на жаль, яшчэ далёка. Хоць спецыялісты ёсць нядрэнныя, але апаратуры ўсё ж бракуе. Вось гэты фібрагастраскоп, на якім сёння працуем, лічыцца яшчэ вельмі прыстойным, хоць “адпахаў” больш як два эксплуатацыйныя тэрміны. Але якасны японскі апарат, пры добрым доглядзе, у адных руках – ён трымаецца малайцом і сёння вельмі дапамагае нашым урачам і найперш – пацыентам. Калі ў першы год маёй работы праводзілася ў год якіх 100-150 даследаванняў, то цяпер – каля 1700. І чаго нам толькі не даводзіцца бачыць! І язвы, і разрывы, і паліпы, і анкалогію – увесь букет. У спецыялізаваных клініках абследуюць, канешне, больш пацыентаў, але тут, у раёне, уся разнастайнасць захворванняў – і, адпаведна, большы вопыт. Так што работа цікавая, вельмі!
—Але сёння для работы патрэбна ўжо новая, больш сучасная апаратура,— працягвае загадчык эндаскапічнага кабінета.
І выдае запаветную мару:
—Ёсць надзея атрымаць новы лічбавы відэаэндаскоп. Ён дае непараўнальна большыя магчымасці. На гэтым апараце можна праводзіць усе даследаванні: гастраскапію, бронхаскапію, коланаскапію – даследаванне прамой кішкі. І ўсё гэта – з відэаздымкай, з запісам на лічбавыя носьбіты – уяўляеце, якая перспектыва? Калі б атрымалася, гэта быў бы хоць і адыходзячы, але яшчэ сённяшні дзень еўрапейскай медыцыны. Мы ж пакуль – ва ўчарашнім, калі не далей.
І тым не менш да ўрача вышэйшай катэгорыі Дзмітрыя Кардзіса ў Астравец, дзе ён працуе на такім жа не самым дасканалым абсталяванні, што і ў суседзяў, імкнуцца патрапіць людзі з іншых раёнаў. Чаму?
—Ну адкуль я ведаю? – паціскае плячыма Дзмітрый Яўгенавіч. – Працуе “сарафаннае радыё”. Напэўна, ўсё ж сёе-тое нам удаецца “выглядзець” і на гэтым апараце. Але калі б атрымалі той, абяцаны…


Захапленні
Дзмітрый Яўгенавіч – прафесіянал вышэйшай катэгорыі не толькі ў эндаскапіі. Калі б падобныя катэгорыі прысуджалі ў рыбалоўстве, там бы ён таксама быў сярод лепшых. Бо рыбак апантаны, як сам прызнаецца, “закручаны”.
—На рыбалцы я б, напэўна, мог знаходзіцца 300 дзён у годзе, — смяецца ён. – Пяць, так і быць, пакінуў бы для адпачынку. Цяпер на гэта неяк меней застаецца часу, а раней… На алтар гэтага захаплення было пакладзена ўсё: вольны час, фінансавыя зберажэнні… Я і сам разумею, што гэта ўжо занадта, але не магу: у мяне “ломка” пачынаецца, калі не вырваўся на рыбалку.
Ён рыбачыць, колькі сябе помніць, з маленства. Сам не разумее, адкуль гэта ўзялося: бацька, брат, іншыя родзічы да вуды абсалютна раўнадушныя… Так што ў гэтым сваім захапленні ён адарваўся ад дынастыі: больш ніхто ў сям”і не “падсеў” на рыбалоўную “іголку”. І нават сын бацькавай апантанасці не пераняў — у таго іншая “хвароба”, хоць і не менш “заразная”: Андрэй “хварэе” гульнёй КВЗ: і падчас вучобы ў школе быў апантаным КВЗэншыкам, і цяпер, студэнтам, гульню не пакідае.
А бацька рыбачыць у любую пару года: зімой, летам, вясной, восенню. Вядзе спецыяльны рыбалоўны дзённік: калі, дзе, у якое надвор’е, на якую прынаду, пры якой падкормцы, чым і г.д. — што злавіў. Ці не злавіў... Кажа, што некалі гэта стане неацэнным дапаможнікам для сапраўдных рыбакоў. Шмат пазней – калі гэты “збор твораў” стане поўным.
А Інэса Раманаўна любіць лазню – кажа, што для яе гэта лепшая рэлаксацыя. Ну і яшчэ чыста жаночыя справы: вышываць, вязаць — пад настрой, нават тыя ж градкі прапалоць ці бялізну папрасаваць. Калі гэта дазваляе пазбавіцца ад непрыемных думак – гэта таксама своеасаблівая рэлаксацыя.
Хоць увогуле яшчэ з тых часоў, калі ў першы год сваёй працы яны з малым сынам жылі ў інтэрнацкім пакойчыку, у яе засталася звычка: перарабіць усе хатнія справы, усіх пакласці спаць – і пакінуць колькі часу для сябе: гадзінку, паўгадзінкі, некалькі хвілін – колькі атрымаецца. Каб пачытаць, што хочацца, паслухаць любімую мелодыю, проста падумаць, памарыць. Каб час гэты быў – толькі яе…


Дынастыя
Усе ў іх сям’і – урачы. Маці, на жаль, ужо няма, але бацька – ён і сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, застаецца вельмі паважаным чалавекам у Ашмянах і аўтарытэтным спецыялістам. Брат Дзмітрыя Яўгенавіча – намеснік галоўнага ўрача Смаргонскай бальніцы, яго жонка – загадчыца педыятрычнага аддзялення там жа, іх дачка – урач неўрапатолаг, працуе ў Гродна, сын вучыцца ў Гродзенскім медуніверсітэце на дыягнастычным факультэце.
Добра гэта ці дрэнна?
—Не ведаю, — разводзіць рукамі Дзмітрый Яўгенавіч. – У мяне проста няма іншага вопыту, няма з чым параўноўваць – так было заўсёды. Бывае, збяромся на нейкае сямейнае свята, то яшчэ першыя два тосты памятаюць пра нагоду, з-за якой сабраліся. А затым пачынаецца… Нявесткі праводзяць свой “кансіліум”, абмяркоўваюць усе цяжкія выпадкі, якія адбыліся за апошні час – і тут жа ідуць тэлефанаванні ў Мінск, Гродна, удакладненне стану хворых. Брат расказвае пра змены ў медыцынскім заканадаўстве. Бацька пачынае ўспамінаць, як праз двухметровыя гурбы вязлі ў бальніцу на конях парадзіх – я нават мянушкі тых коней памятаю…
І сын Кардзісаў Андрэй пасля заканчэння школы паступіў… Ну куды б вы думалі? Канешне, у медыцынскі! Толькі ўжо не Гродзенскі, як усе ў сям’і, а ў Мінскі. Факультэт, праўда, выбраў іншы – стаматалагічны, хоць меў вельмі добрыя вынікі тэсціравання, і мог ісці на любы. Мусіць, вырашыў, што трэба разнастаіць напрамкі сямейнай дынастыі медыкаў.
Дачка Марыя яшчэ школьніца, сёлета скончыла восем класаў і з выбарам прафесіі пакуль не вызначылася. Але нешта падказвае бацькам, што і яна будзе працягваць сямейную дынастыю.
І гэта цудоўна: хай будзе як мага больш урачоў Кардзісаў – добрых і розных.


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.



Яе Астравец, яе бальніца, яе дзеці...

Трыццаць два гады ў тандэме з любімай прафесіяй…Трыццаць два гады самаадданай працы — і днём, і ноччу, каб даць, зберагчы, выратаваць чыё-небудзь жыццё.
Загадчык радзільнага аддзялення Астравецкай ЦРБ Святлана Георгіеўна Нікалаенка літаральна год назад прыехала ў наш пасёлак. Але і за такі кароткі час ёй удалося заваяваць давер пацыентак, павагу калег і адміністрацыі, а наш маленькі гарадок стаў для яе родным.


Святлана Георгіеўна нарадзілася ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна. Бацькі яе былі ўрачамі: бацька – хірургам, а маці – педыятрам. Жылі яны пры бальніцы, ды і дома размовы былі пераважна пра медыцыну. Гуляла маленькая Святлана, вядома ж, “у доктара” – на плячы заўсёды вісела сумка з чырвоным крыжам, а ў сумцы – бінт, ёд, вата. Пытанне аб выбары будучай прафесіі нават не стаяла, і яе паступленне ў Гродзенскі медыцынскі інстытут было абсалютна заканамерным. А марыла стаць маладая дзяўчына акушэрам-гінеколагам.
– Усіх уражвае найперш акушэрства, таму што ты дапамагаеш з’явіцца на свет новаму жыццю, – кажа Святлана Георгіеўна. – А мяне моцна ўразіла гінекалогія: там ты бачыш шчаслівую маму, а тут – здаровую жанчыну.
Пасля заканчэння інстытута Святлана Георгіеўна працавала ў Гродна акушэрам-гінеколагам. Спачатку ў радзільным доме, а потым – у бальніцы хуткай дапамогі. Першыя роды, якія прымала маладая доктар, ужо сцерліся з памяці – усё ж такі столькі гадоў прайшло. Затое засталося некалькі незабыўных. Так, запомнілася, калі ёй упершыню прыйшлося накладваць акушэрскія шчыпцы, бо ў жанчыны была блізарукасць высокай ступені. Святлана Георгіеўна вельмі хвалявалася, але, дзякуй Богу, усё прайшло паспяхова, нарадзілася здаровае дзіцятка вагой 4 кілаграмы. Як потым аказалася, тады нараджала пляменніца дацэнта. Вось было жаху для маладога спецыяліста – на шчасце, ужо постфактум.
Запомніўся Святлане Георгіеўне і выпадак, калі яна прымала роды яшчэ ў адной жанчыны. Немаўля ляжала ва ўлонні ягадзіцамі ўніз – зараз у такіх выпадках робяць кесарава сячэнне, а ў тыя часы роды вяліся самастойна. Было цяжка… Затое такія дзеткі нараджаюцца з прыгожымі кругленькімі галоўкамі...
– Я бяру ў рукі гэтае прыгожае немаўля, а яно глядзіць на мяне – і пачынае звонка смяяцца. Я запомніла гэтыя вочкі на ўсё жыццё. Пачуцці проста невыказныя…
Дваццаць шэсць гадоў Святлана Георгіеўна жыла і працавала ў Гродна. А ў 2004 годзе па кантракту паехала працаваць на Бліжні Усход у Рэспубліку Йемен. Пяць гадоў на чужыне яна марыла, што вернецца дадому, ляжа на траву – і будзе доўга ляжаць, каб набрацца сіл ад роднай зямлі...
Па вяртанні на радзіму яна прыехала ў камандзіроўку ў Астравец, дзе дагэтуль была не аднойчы. Але змяненні, што адбыліся ў пасёлку за апошнія гады, моцна яе ўразілі.
– Мне так лёгка дыхалася ў Астраўцы! І ў аддзяленні адчувала сябе вельмі камфортна. Здавалася, што людзей, якія працуюць тут, я ведаю ўсё жыццё. І калі Валянцін Ігнатавіч прапанаваў мне работу, я з задавальненнем згадзілася.
Прыемна, што з прыходам Святланы Георгіеўны закіпела жыццё ў аддзяленні. Ужо рэдка парадзіх адпраўляюць у Ашмяны, Гродна – толькі ў выпадку, калі ёсць цяжкая паталогія. А так на месцы робяць самыя складаныя, высокатэхналагічныя аперацыі. Цяпер Святлана Георгіеўна сама ездзіць у Ашмяны: праводзіць навучанне і дапамагае калегам.
– Мы паказалі, што ўмеем працаваць, – і жанчыны сталі нам давяраць. Яркі прыклад: за 2008 год у Астравецкай бальніцы нарадзілася толькі 50 дзетак, а за мінулы год – 150. А за пяць месяцаў бягучага года на свет з’явілася яшчэ 82 дзіцяці. Жанчыны ўжо не едуць нараджаць у тыя ж Ашмяны, яны нам вераць, а мы ў сваю чаргу стараемся апраўдваць іх давер. Тым больш, што дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць нарадзіць.
Працуюць у радзільным аддзяленні вельмі добрыя спецыялісты, якія пастаянна ўдасканальваюць свае веды. А ў хуткім часе, дзякуючы намаганням галоўнага ўрача і падтрымцы старшыні райвыканкама, тут з’явіцца новы фетальны кардыяманітор, які паказвае сэрцабіццё плода, і ўрачы могуць бачыць, як дзіця развіваецца.
Парадзіхі, якія паступаюць у радзільнае аддзяленне, забяспечваюцца аднаразовымі родавымі камплектамі, прэпаратамі ёду, вітамінамі. Жанчынам з сацыяльна небяспечных сем’яў прапаноўваюць бясплатна сродкі кантрацэпцыі. Арганізоўваюцца выезды гінеколагаў на ФАПы, і жанчыны з вёсак на месцы могуць атрымаць кансультацыю спецыяліста.
–Да нас прыходзіць ад 30 да 60 чалавек за прыём. Хаця ў цэлым я б не сказала, што нашы жанчыны ўважліва ставяцца да свайго здароўя і выконваюць рэкамендацыі ўрача. Цяжка нават уявіць, каб дзе-небудзь у Еўропе доктар зрабіў пацыенту прадпісанні, а той іх не выканаў. А ў нас гэта – звычайная справа. І калі ацэньваць стан здароўя жанчын, то можна сказаць, што яны сталі часцей хварэць. Чаму? Магчыма, з-за таго, што няма фізічных нагрузак, ды і спортам яны не часта займаюцца. Вось і атрымліваецца, што жанчыны становяцца слабымі і хваравітымі. Хаця цяжарнасць – гэта ж нармальная фізіялогія жанчыны.
– Здаецца, што за спіной такі багаты вопыт, але працаваць не становіцца лягчэй, – разважае Святлана Георгіеўна. – Мяняюцца хваробы, трэба пастаянна вучыцца, ды з узростам ацэньваеш усё зусім па-іншаму. У маладосці табе нічога не страшна, а вось калі набяжыць пару дзесяткаў гадоў, то кожныя роды перажываеш з большым хваляваннем, бо разумееш, што можа быць, калі нешта пойдзе не так. І адна справа, калі ты працуеш у вялікай бальніцы, дзе побач ёсць вопытныя калегі, урачы сумежных спецыяльнасцей, ты маеш вялікую базу медыкаментаў і самую сучасную апаратуру – і зусім іншая, калі гэта маленькая бальніца і табе даводзіцца адказваць за ўсё самой.
Многія лічаць, што для акушэраў-гінеколагаў нараджэнне дзіцяці – гэта звычайная штодзённая праца. Гэта няпраўда! Кожныя роды – гэта шмат перажыванняў, таму што ты адказваеш за два жыцці – маці і дзіцяці. А калі на свет з’яўляецца маленькі чалавечак, і ты першы, хто трымае новае жыццё ў руках – гэтыя пачуцці словамі выразіць проста немагчыма.
Нягледзячы на тое, што Святлана Георгіеўна прыехала ў Астравец не так даўно, ён стаў для яе родным. “Мой Астравец, мая бальніца, маё аддзяленне ”, – так гаворыць яна, – магчыма, нават не ўсведамляючы, калі ўзнікла гэта “маё” ў адносінах да нядаўна чужых мясцін.
А сілы доктару дапамагаюць аднавіць яе блізкія. У Святланы Георгіеўны дзве дарослыя дачкі: старэйшая працуе ўролагам у Англіі, а малодшая –гінеколагам у Гродна. Дарэчы, зяці ў яе таксама медыкі, а ўнучка Вольга ўсім расказвае, што, калі вырасце, абавязкова стане доктарам.
Святлана Георгіеўна вядзе актыўны лад жыцця – любіць займацца спортам, асабліва плаваннем, ходзіць у лес па грыбы і ягады. А яшчэ ёй падабаецца прыходзіць на «востраў кахання» і карміць лебедзяў. Увогуле яна лічыць, што ў жыцці трэба заставацца аптымістам, радавацца кожнаму дню, а жанчына, паводле яе слоў – гэта актрыса, і нават калі ёй сумна, ніхто не павінен гэтага бачыць.
– Я шчаслівая, што лёс мяне прывёў у Астравец. Калі працуеш у вялікім горадзе, то ўсё неяк рассейваецца, і не так заўважныя вынікі тваёй працы. А тут мяне не пакідае адчуванне шчасця. Я іду па горадзе, бачу мам з калясачкамі і разумею: гэта ўсё – і мае дзеці!


Вольга ШОЎКУН.




Вочы дабрыні

Першапачаткова гэты матэрыял задумваўся як невялікі артыкул аб буднях радавога ўрача – праблемы, поспехі, планы на перспектыву. Але ўжо праз некалькі хвілін размовы з Вандай Міхайлаўнай Аўлас, урачом кабінета прафілактыкі Астравецкай раённай паліклінікі, стала зразумела, што гэта не той выпадак, калі можна задаволіцца некалькімі дзесяткамі радкоў дзяжурнага тэксту. Ёсць у гэтай жанчыне нейкі ледзь улоўны агеньчык, незвычайная душэўная цеплыня, шчырасць, прага жыцця, якія прыцягваюць, не адпускаюць, не пакідаюць абыякавым, якімі жадаеш зарадзіцца сам.


З яе, без сумненняў, мог атрымацца выдатны псіхолаг. А мажліва, актрыса. Настаўніца замежнай мовы ў школе прадказвала ёй будучыню перакладчыка. Выкладчык літаратуры бачыў у сваёй вучаніцы настаўніцу ці нават пісьменніцу. Але сама Ванда Міхайлаўна з сямі гадоў нікім, акрамя ўрача, сябе не ўяўляла.
Знойдзе, бывала, сярод поля замерзлую птушачку, сагрэе яе ў дзіцячых далонях, падыхае – і птушачка ажывае. У гэтым яна бачыла найвялікшае для сябе шчасце – вяртаць жывой істоце жыццё. Праўда, дзіцячая свядомасць да пары, да часу не супастаўляла гэта жаданне з прафесіяй урача. Да таго моманту, пакуль на яе жыццёвым шляху не сустрэлася звычайны фельчар вясковага ФАПа Зінаіда Малахавецкая. Цёця Зіна, як яе называлі хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй акругі. Гэта была надзвычай прыгожая, дасціпная жанчына з вельмі добрым, шчырым і клапатлівым сэрцам.
—Я хачу быць такой, як вы! -- сказала ёй аднойчы Ванда.
—Я толькі фельчар. А ты павінна стаць урачом! – пагладзіўшы малую па галоўцы, адказала цёця Зіна.
З гэтага моманту лёс Ванды быў вырашаны. Яна зрабіла свой выбар!
Шлях да мары аказаўся доўгім. Нават вельмі доўгім. І не толькі таму, што ў медінстытут паступіла дзяўчына толькі з трэцяга разу.
Каб нароўні змагацца з гарадскімі абітурыентамі за месца на студэнцкай лаўцы, патрэбны былі грунтоўныя веды. Гэта Ванда выдатна разумела і сама. Пераконваў яе ў тым і бацька. Як-ніяк, хоць і селянін ад галавы да пят, а закончыў Віленскую гімназію! Таму цану адукацыі ведаў! Толькі дзе набыць тыя веды? У Мачулах, дзе прайшло дзяцінства дзяўчынкі, толькі пачатковая школа. А далей трэба ісці ў людзі. Бліжэйшая школа – кіламетраў з дзесяць. Ну і што? Хіба гэта адлегласць для маладых ножак?! Адна бяда – набралі ў клас толькі 5 вучняў! Таму неўзабаве і закрылі – недакамплект.
У Міхалішкаўскай школе клас быў, ды не было інтэрната. А ў Гервятах знайшлося і адно, і другое. Але дзе тыя Гервяты?! Ад Мачулаў з паўсотні кіламетраў будзе! Пяць дзён жылі ў інтэрнаце, а на шосты выпраўляліся да дому. Пешшу. З часам, праўда, даведаліся, што з Гіраў на Вільнюс аўтобус ходзіць. Значыць, кавалак дарогі можна “зрэзаць”. Да Вароны ехалі з камфортам, адтуль да Перавознікаў – пешшу, а там на лодцы праз Вілію – і зноў да Кямелішак пехатой. Туды, дадому, яшчэ нічога. Спяшацца няма куды. А вось назад, у школу… Месяць, бывала, дзеці снег, ідучы праз лес да рэчкі. Спяшаюцца, каб на аўтобус паспець. А прыйдуць на бераг, крычаць, што ёсць моцы: “Перавоз!”. Гэта значыць, каб з другога берагу лодка прыйшла. Калі прыйдзе, аднаму Богу вядома. Не метро ж! А аўтобус школьнікаў не чакае. Тады ў школу на сваіх дваіх, праз Варняны…
Такія вось “універсітэты”, якія сённяшнім вучням і іх бацькам не прысняцца нават у кашмарным сне!
Тым не менш здолела Ванда гэтую сваю першую прыступку паспяхова пераадолець. Ды яшчэ з сярэбраным медалём! Толькі вось атрыманых ведаў для штурму вышэйшай медыцынскай навучальнай установы не хапіла. Ні з першага разу, ні з другога.
Іншы на яе месцы, напэўна б, увогуле адмовіўся ад намераў і накіраваўся б туды, куды паступіць было прасцей. Хоць бы ў тое ж медыцынскае вучылішча. Але характар у дзяўчынкі быў, што крэмень. Зрэшты, такім і застаўся.
Ванда ўладкавалася санітаркай у Кямелішкаўскую бальніцу – за 36 рублёў у месяц. Днямі працавала, дапамагала ўрачам і хворым, а па вечарах, якія часцяком непрыкметна перацякалі ў ноч і нават раніцу, карпела за падручнікамі. Дзеля большай упэўненасці, ад школьных падручнікаў паступова перайшла да… інстытуцкіх. Дайшла такім чынам ажно да другога курса – і ў трэці раз адправілася пакараць сваю вяршыню.
“І ты да гэтага часу не можаш паступіць?!”, — не маглі ўзяць да толку абітурыенты, з якімі перад экзаменамі яна жыла ў інтэрнаце і якіх спадарожна кансультавала па фізіцы і хіміі. Ванда толькі няўцямна разводзіла рукамі: “Не магу”. І слёзы ледзь не каціліся па яе шчоках ад такой несправядлівасці, якую нават малазнаёмыя людзі адразу заўважылі. Зразумеўшы, што вясковай дзяўчыне не хапае элементарнай упэўненасці, можа нават нейкай нахабнасці, будучыя ўрачы “выпісалі” Вандзе рэцэпт супакойваючага сродку. Толькі папярэдзілі – не больш адной таблеткі. Яна ж перад экзаменам прыняла адразу дзве. І калі зайшла ў аўдыторыю, тыцнула пальцам у грудзі аднаму з экзаменатараў і сказала: “Здаваць экзамен я буду вам!”. Ад такой нахабнасці той ледзь не папярхнуўся гарбатай і здзіўлена ўтаропіўся ў дзёрзкае дзяўчо. Сакрэт такой своеасаблівай “сімпатыі” быў простым – менавіта гэтаму выкладчыку Ванда два гады ніяк не магла даказаць сваю “прафпрыгоднасць”. Таму, асмялеўшы да неймавернасці ад прынятага прэпарату, вырашыла тут і зараз расставіць усе кропкі над “і”. І свайго дабілася!
Калі прыйшла пара выбіраць спецыялізацыю, Ванда Міхайлаўна бачыла сябе толькі хірургам! Але ці то з-за таго, што прадстаўніцы прыгожай паловы ў хірургічным аддзяленні, як, дарэчы, і за рулём, у той час з’яўляліся досыць рэдка, ці то па нейкай іншай прычыне, на гэту спецыялізацыю яе не ўзялі. Выбару амаль не засталося – калі, не хірург, то акуліст. Таму, што акуліст – «хірургіруючая» спецыяльнасць.
Інтэрнатуру пасля заканчэння інстытута малады ўрач праходзіла ў адной з паліклінік Брэста. А затым атрымала пастаяннае месца працы ў адным з раённых цэнтраў Брэстчыны – Івацэвічах.
Івацэвічы – горад ва ўсіх адносінах прывабны. Не вялікі і не малы, утульны. Людзі, калегі па працы скрозь добразычлівыя, прыязныя. Работа цікавая. Жыллё. Перспектывы службовага росту. Чаго яшчэ хацець? Толькі аднаго: вярнуцца на радзіму. Але ад дабра дабра не шукаюць.
Пакрысе Ванда Міхайлаўна стала прыжывацца на новым месцы і, напэўна, тут і склалася б удала яе жыццё, калі б не Валянцін Аляксандравіч Ражко, тагачасны галоўны ўрач Астравецкай раённай бальніцы. Даведаўшыся, што дзесьці на “чужыне” шчыруе дзяўчына з Астравеччыны з такой неабходнай раёну спецыяльнасцю, ён вырашыў зрабіць усё магчымае, каб вярнуць яе на радзіму. Калі туманныя, неакрэсленыя перспектывы маладога ўрача не задаволілі, “націснуў” на тое, што не ўлічваць Ванда Міхайлаўна не магла – маці. Гады рабілі сваю справу, здароўя ў мамы не прыбаўлялася, і дачка ёй была вельмі патрэбна. Ушчуванні з двух бакоў зрабілі сваю справу.
Нядоўга разважаючы, сабрала Ванда Міхайлаўна свой няхітры скарб і, не ўяўляючы толкам, што яе чакае наперадзе, без выразных перспектыў жылля і ўвогуле якіх-небудзь перспектыў, суцэла паспадзяваўшыся толькі на сумленнае слова галоўнага ўрача, вярнулася на радзіму. “Прыемных” уражанняў ад сустрэчы з роднымі мясцінамі дадаў таксіст, які з Ашмян, куды яна дабралася на аўтобусе, павёз яе дадому ў Кямелішкі праз Вільнюс. І гэта золкім лістападаўскім вечарам. Сёння яна, напэўна б, са страху памерла ад такога “круізу” сярод ночы. А тады ніякіх дрэнных думак нават у галаву не прыйшло.
У Астраўцы яе сустрэлі сардэчна. Яшчэ б: два гады пуставала працоўнае месца акуліста! Затое і работы быў непачаты край. Той дзень, калі у паліклініцы з’явіўся яшчэ адзін акуліст, яна ўспамінае як адзін з самых шчаслівых момантаў свайго жыцця. Але адбылося гэта праз многа год пасля яе прыезду на Астравеччыну. А тады, у пачатку работы, былі дзяжурствы праз дзень, прыём пацыентаў. Іншым разам – па 140 чалавек у дзень! Нічога, спраўлялася. Яшчэ і вучыцца паспявала. Набіралася вопыту ў Маскве, Ленінградзе, Адэсе… Прага да ведаў была ёй уласціва заўсёды. Як і незвычайная працаздольнасць. Па жыцці яна — безнадзейны працаголік!
“Коля – дамывай! Маша – даварвай!”, — колькі разоў, на бягу апранаючыся, кідала яна сваім дзецям гэтыя словы і спяшалася на чарговы тэрміновы выклік.
Падчас ёй самой патрабавалася тэрміновая медыцынская дапамога, а яна, ледзь стоячы на нагах, аперыравала вока пацыента. Таму што не магла інакш. Таму што дапамога акуліста заўсёды неадкладная.
Ужо некалькі год Ванда Міхайлаўна не займаецца медыцынскай практыкай. Без ваганняў саступіла сваё месца, калі прыйшла пара. Перадала справу свайго жыцця ў дастойныя рукі, такому ж прафесіяналу, як і сама.
Праўда, і на спачын, з кветкамі на падаконніку ды агародам пад вокнамі таксама не пайшла. Яна баец — а месца сапраўднага байца на перадавой! Яе перадавая сёння – прафілактыка. Ванда Міхайлаўна імкнецца рэалізаваць запаветную мару кожнага ўрача – пераканаць нас, пацыентаў сённяшніх, а найперш – будучых, у тым, што мы самі ў адказе за сваё здароўе.
Як і ў мінулыя гады, яна ў пастаянным руху. Па-ранейшаму гараць дабрынёй яе шчырыя вочы. І сэрца такое ж спагадлівае, клапатлівае, адкрытае, як у той маленькай дзяўчынкі з Мачулаў, што сагравала сваім дыханнем замерзлую птушачку.


Эдуард СВІРЫД.