Журналисты Гродненской области стали участниками семинара, посвящённого демографической ситуации
11:13 / 09.11.2016
За апошнія дзесяцігоддзі сямейныя адносіны моцна змяніліся. Сям’я 1950 гадоў, дзе мужчына быў кармільцам, а жанчына – хатняй гаспадыняй, вельмі адрозніваецца ад сучаснай. Старэнне насельніцтва, нараджэнне аднаго-двух дзяцей, значнае павышэнне рэпрадуктыўнага ўзросту і іншыя фактары прывялі да таго, што дзяржава стала надаваць значную ўвагу дэмаграфічнай сітуацыі.
Пра развіццё сістэмы падтрымкі сямей, якія выхоўваюць дзяцей, расказала намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
Перад прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны таксама выступілі намеснік начальніка упраўлення па грамадзянству і міграцыі Аляксандр Надзейка і начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак, які расказаў пра перадавы вопыт работ і інавацыйныя праекты. Адзін з такіх –скрынінг раку малочнай залозы ў жанчын “групы рызыкі” ва ўстановах аховы здароўя Гродзеншчыны. Начальнік упраўлення дэмаграфічнай статыстыкі нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Таццяна Бабур пазнаёміла журналістаў з афіцыйнымі крыніцамі дэмаграфічных дадзеных.
Другая частка семінара прайшла ў форме дыскусіі, падчас якой журналісты задавалі пытанні экспертам.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, кіраўнік праекта “Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” Марыяна Сакалова адзначыла, што тэма дэмаграфіі патрабуе ўдумлівых адносін з боку журналістаў і для таго, каб яе раскрыць, патрэбна паглыбляцца ў праблему і быць карэктнымі і прафесійнымі.
Лічбы і факты
* На сённяшні дзень насельніцтва Беларусі складае 9 505 163 чалавекі.
* Штогод развод бацькоў перажывае 25 тысяч дзяцей.
* Гендарны разрыў паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын складае 10 гадоў.
* На фінансавання разнастайных сацыяльных дапамог і выплат затрачваецца 2 працэнты ўнутранага валавага прадукту.
Алена ГАНУЛІЧ.