Журналистское расследование: "творожные разборки"

20:00 / 13.01.2013

Тварог утрымлівае вялікую колькасць бялкоў, тлушчаў, а таксама карысныя для здароўя жалеза, магній, кальцый і фосфар. У склад тварожных бялкоў уваходзяць незаменныя амінакіслоты, якія могуць быць альтэрнатывай жывёльным бялкам. Менавіта з-за лёгкага засваення тварог рэкамендуецца дзецям, пажылым людзям і пацыентам, якія аднаўляюць свае сілы пасля хваробы.
А ў чым розніца паміж тварагом і тварожным прадуктам? Якія тэрмін прыгоднасці сапраўднага тварагу? Чым ён можа быць небяспечны? Адказы – у гэтым тварожным даследаванні.



Тры ці трыццаць?


Колькі ж дзён можа захоўвацца сапраўдны тварог?
Пры выбары тварагу самым важным крытэрыем з’яўляецца тэрмін прыгоднасці. Было праведзена даследаванне, што менавіта ў гэтым кісламалочным прадукце хутчэй за ўсё размнажаецца кішэчная палачка. Таму ніколі не купляйце тварог з рук – вы наўрад ці атрымаеце аб’ектыўную інфармацыю, калі ён быў выраблены, з якіх інгрэдыентаў і ў якіх умовах.
У магазіны звычайна паступае пастэрызаваны тварог, прыгатаваны пры дапамозе закваскі з малака, папярэдне абеззаражанага ад бактэрый – а гэта прадаўжае тэрмін прыгоднасці прадукту. Горш за ўсё захоўваецца тварог, які прадаецца на развес – 36 гадзін. У папяровай упакоўцы – ад трох да пяці дзён, інакш ён пачне акісляцца. Тварог, заключаны ў герметычную ўпакоўку, можа захоўвацца даўжэй, бо ён ізаляваны ад шкодных мікраарганізмаў. Аднак калі вы бачыце, што тэрмін прыгоднасці гэтага малочнага прадукту – месяц і больш, то сцеражыцеся кансервантаў. Такі тварог таксама можа быць выраблены метадам мембраннай фільтрацыі, а гэта значыць, што ён падвяргаўся моцнаму награванню і частка карысных рэчываў, галоўным чынам вітамінаў і мікраэлементаў пры гэтым загінула. Адным словам, чым менш тэрмін прыгоднасці, тым больш тварог карысны.
Тварог павінен размяшчацца ў магазіне ў халадзільных вітрынах пры тэмпературы ад +2 да +6. Многія гаспадыні захоўваюць тварог у маразільнай камеры – між тым, замарожванне ў хатніх умовах яму супрацьпаказана: значна парушаецца структура бялку і пагаршаюцца смакавыя і іншыя якасці. Дапускаецца толькі завадское замарожванне пры вельмі нізкай тэмпературы -35 градусаў.



Тварог ці тварожны прадукт?


Сапраўдны тварог называецца выключна “тварагом”, а не “тварожным прадуктам” ці “тваражком”, і ў яго склад уваходзяць толькі малако і закваска. Калі ж вытворца пры заквасцы выкарыстоўвае замест малочнага тлушчу раслінны алей (часцей за ўсё пальмавы ці какосавы), то ён не мае права назваць свой выраб тварагом. Прысутнасць у складзе напаўняльнікаў, цукру, кансервантаў і стабілізатараў таксама чведчыць пра тое, што перад намі – тварожны прадукт, а не тварог.
У ежу можна ўжываць і тое, і другое. Так, у тварожнага прадукта ёсць свае плюсы: ён утрымлівае менш жывёльных тлушчаў, таму больш карысны для сасудаў. Галоўнае, каб інфармацыя на ўпакоўцы была праўдзівай, і тварожны прадукт не выдавалі за тварог.
Натуральнае малако ці адноўленае?
Адноўленае малако вырабляюць з натуральнага сухога малака. Другімі словамі, такое малако атрымліваюць шляхам дабаўлення вады ў парашок сухога малака. І хоць па свайму складу і каларыйнасці яно нічым не адрозніваецца ад натуральнага, тым не менш карысных рэчываў і мікраарганізмаў у малацэ пасля высушвання застаецца значна менш.
Таму на ўпакоўцы ад тварагу звярніце ўвагу на тое, зроблены ён з цэльнага малака ці з адноўленага. Больш карысным, безумоўна, будзе першы варыянт.



“Тварожныя разборкі”


Мы купілі некалькі варыянтаў тварагу і тварожных прадуктаў, каб параўнаць іх склад, тэрмін прыгоднасці і высветліць, які ж з прапанаваных кісламалочных прадуктаў лепш выбраць.



Тварог “Смаргонскі край”


Вытворца – “Смаргонскія малочныя прадукты”
Тэрмін прыгоднасці – 30 сутак


У складзе прадукту – толькі натуральныя інгрэдыенты: малако нармалізаванае пастэрызаванае з выкарыстаннем замарожанай бактэрыяльнай закваскі. Нічога лішняга.
Вытворца нават указаў на ўпакоўцы колькасць малочнакіслых мікраарганізмаў напрыканцы тэрміну прыгоднасці.
Тварог карысны тым, што ён багаты бялком. У названым прадукце яго ўтрымліваецца ў дастатковай колькасці – 15 грамаў, а вугляводаў – усяго 1,5 грама. Цудоўны выбар для тых, хто аддае перавагу здароваму харчаванню!
Надпіс “Упакаваны ў газавым асяроддзі” азначае герметычную ўпакоўку, што дазваляе прадоўжыць тэрмін прыгоднасці да 30 дзён. Праўда, інтэрнэт стракаціць артыкуламі пра тое, што прадукты ў вакуумнай упакоўцы могуць быць шкоднымі для здароўя, бо, калі бактэрыя трапіць у асяроддзе без кіслароду, яна становіцца больш агрэсіўнай, чым ў звычайных умовах. Аднак будзем спадзявацца, што вытворцы выконваюць усе ўмовы герметызацыі. Хаця, калі ёсць такая магчымасць, то лепш купіць тварог у звычайнай папяровай упакоўцы.



Тварог “Беллакт”

Вытворца Валкавыскае ААТ “Беллакт”
Тэрмін прыгоднасці – 10 сутак


Не можа не радаваць, што ўсе звычайныя тварагі, прадстаўленыя ў нашых магазінах – “Савушкін прадукт”, “Смаргонскія малочныя прадукты”, “Беллакт”, “Маладзея” – утрымліваюць толькі натуральныя інгрэдыенты. Так, і ў склад гэтага тварагу ў папяровай упакоўцы ўваходзіць толькі нармалізаванае пастэрызаванае малако і закваска. Бялку ў гэтым прадукце ўтрымліваецца 15,5 працэнта, вугляводаў – 1,5 працэнта.



Маса тварожная з курагой “Маладзея”

Вытворца “Маладзечанскі малочны камбінат”
Тэрмін прыгоднасці – 5 сутак


Кароткі тэрмін прыгоднасці – паказчык добрай якасці прадукту. Тэарэтычна на ўсіх папяровых упакоўках павінен стаяць такі максімальны тэрмін.
У складзе тварожнай масы ўтрымліваецца тварог (хаця вытворцы падрабязна не апісалі, з чаго ён выраблены), цукар, масла, курага і араматызатар ідэнтычны натуральнаму “Ванілін”. Гэты прадукт таксама ўтрымлівае толькі натуральныя інгрэдыенты, акрамя араматызатараў, і заслугоўвае ўвагі пакупнікоў. Дарэчы, араматызатары, ідэнтычныя натуральным, маюць лабараторнае паходжанне, яны павінны валодаць падобнай з прыроднай хімічнай структурай. Тым не менш гэта ўжо дабаўка, якую вытворца выкарыстоўвае для  змяншэння затрат. Было б лепш, калі б у тварожную масу дабаўлялі звычайны ванілін.
Тварожная маса вельмі смачная, аднак варта зазначыць, што бялку тут утрымліваецца менш, чым у звычайным тварагу – 10 грамаў, затое вугляводаў нашмат больш – 34,2 грамы.



Паста тварожная “Ласкавае лета”

Вытворца “Савушкін прадукт”
Тэрмін прыгоднасці – 25 сутак


Склад гэтага прадукта не такі просты і зразумелы, як у папярэдніх. Паста ўтрымлівае тварог, які выраблены не толькі з малака і закваскі –  выкарыстоўваліся яшчэ харчовыя дабаўкі і ферментныя прэпараты жывёльнага паходжання – пепсін і хімазін, якія выкарыстоўваюцца для надання тварагу мяккасці. У складзе таксама ўтрымліваюцца вяршкі і напаўняльнік з цукру, стабілізатараў з незразумелымі назвамі, араматызатараў, фарбавальнікаў. І хоць вытворца на сайце кампаніі сцвярджае, што ўсе гэтыя дабаўкі бясшкодныя, зразумела, што больш карысна для здароўя будзе купіць натуральны тварог.
Да таго ж бялку ў гэтай тварожнай пасце ўтрымліваецца ўсяго 6 грамаў, а вугляводаў – 13.


Нездарма кажуць, што ўсё геніяльнае – проста – гэтак жа, як і усё карыснае для нашага здароўя. Лепш за ўсё купляць самую звычайную ежу, у тым ліку і звычайны тварог – па-першае, вам гэта абыдзецца танней, а па-другое, вы будзеце ўпэўнены, што вы і ваша сям’я харчуецца натуральнымі прадуктамі.
Безумоўна, тваражкі, тварожныя пасты вельмі смачныя – аднак чаму б не зрабіць такі дэсерт самому? Вазьміце натуральны тварог, дадайце цукру, смятаны і ў блэндары ўзбіце з вашымі любімымі фруктамі. Смачна і карысна!


Вольга ШОЎКУН.