Для островчан, желающих стать военными

13:15 / 27.01.2013

З пачаткам новага года спраў у раённым ваенкамаце прыбавілася: трэба не толькі падрыхтаваць чарговую партыю прызыўнікоў да вясенняга прызыву, але і дапамагчы тым юнакам, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з ваеннай справай і для гэтага збіраюцца паступаць у Ваенную акадэмію ці на ваенныя факультэты.
З мэтай дапамагчы вызначыцца юнакам і адбылася сустрэча з Раманам Курловым, ваенным камісарам Астравецкага раённага ваенкамата.


– У 2013-2014 вучэбным годзе падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь будзе ажыццяўляцца ў 11 вышэйшых ваенна-вучэбных установах Рэспублікі Беларусь і ў 12 вышэйшых ваенна-вучэбных установах Расійскай Федэрацыі па 72 спецыяльнасцях.
У ваенна-вучэбныя ўстановы прымаюцца на конкурснай аснове толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульнае сярэднюю (сярэднюю спецыяльную) адукацыю ва ўзросце ад 17 да 21 года ўключна.
– Што параіце найперш зрабіць юнакам?
– Тыя, хто жадае паступаць у ваенна-вучэбныя ўстановы, павінны падаць заяву ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства да 1 красавіка бягучага года. Да заявы прыкладаюцца аўтабіяграфія, характарыстыка з месца вучобы, даведка аб бягучай паспяховасці, копія пасведчання аб нараджэнні, 3 фатаграфіі без галаўнога ўбору памерам 37х47 міліметраў, 2 фатаграфіі памерам 45х60 міліметраў.
– А што пасля?
– Адабраныя кандыдаты ў камісарыяце будуць праходзіць папярэдні прафесійны адбор, які ўключае ў сябе медыцынскі агляд і прафесійна-псіхалагічную прыгоднасць. Далей адбудзецца канчатковы прафесійны адбор у абласным ваенным камісарыяце.
Пасля канчатковага адбору, кандыдатаў накіруюць у ваенна-вучэбныя ўстановы для рэгістрацыі і падачы дакументаў: пашпарта, пасведчання прызыўніка, арыгінала атэстата, арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на ільготы.
– Ваенную прафесію сабе выбіраюць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Што вы можаце сказаць апошнім?
– На жаль, у 2013-2014 вучэбным годзе на ваенную справу ў акадэмію і на ваенныя факультэты ў інстытуты прымаюцца толькі юнакі.
– У якіх установах юнакі могуць атрымаць прафесію ваеннага?
– Традыцыйна гэта – Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Інстытут пагранічнай службы, ваенна-медыцынскі факультэт ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», установа адукацыі «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», дзяржаўная ўстанова адукацыі «Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь», факультэт БДУ, ваенна-тэхнічны факультэт БНТУ, ваенны факультэт установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі», ваенна-транспартны факультэт пры «Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту», ваенны факультэт установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», «Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж».
З расійскіх устаноў міністэрства абароны нашых прызыўнікоў чакаюць у ваенным авіяцыйным інжынерным інстытуце (Варонеж), ваенна-паветранай акадэміі (Яраслаўль), ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (Санкт-Пецярбург), ваеннай акадэміі (Чарапавец), ваенным універсітэце (Масква), ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава (Санкт-Пецярбург), агульнавайсковай акадэміі Узброеных Сіл РФ (Разань), агульнавайсковай акадэміі Узброеных Сіл РФ (Новасібірск), ваеннай акадэміі супрацьпаветранай абароны імя маршала Маліноўскага (Смаленск), ваеннай акадэміі тылу і транспарту (Санкт-Пецярбург), ваеннай акадэміі войскаў радыя-, хім-, бія- абароны інжынерных войскаў (Цюмень), ваенна-марской акадэміі (Пушкін).
Больш падрабязныя адказы ўсё жадаючыя змогуць атрымаць у нашым ваенкамаце, а таксама на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: www.modmil.by.


-----------------------------
Антон Мальшэўскі .