Островчане делают добро

09:51 / 08.01.2013

У адным з пераднавагодніх нумароў рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” сумесна з раённымі арганізацыямі “Беларускі дзіцячы фонд” і “Беларускі саюз жанчын” аб’явіла акцыю “Ёлка жаданняў”. Дзеці, якія па нейкіх прычынах знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, напісалі пісьмы Дзеду Марозу, у якіх папрасілі яго аб навагодніх падарунках. І няхай большасць з іх ужо даўно не верыць у Дзеда Мароза, кожны спадзяваўся атрымаць пад ёлачку самае жаданае.


Мы спадзяваліся, што жадаючых дапамагчы дзецям будзе шмат. Але чамусьці – вядома, у кожнага на гэта былі свае прычыны – такіх жадаючых было мала.
Амаль на наступны дзень пасля выхаду матэрыялу ў рэдакцыю завітала жанчына, якая прынесла свае ахвяраванні на пакупку падарункаў для дзяцей. Адгукнулася на просьбу аб дапамозе і наш даўні пазаштатны аўтар, удзельніца ўсіх рэдакцыйных конкурсаў і акцый Рэгіна Дрэма. Сваю лепту ў збор сродкаў унеслі супрацоўнікі рэдакцыі, вучні 5 класа Кямелішкаўскага НПК і маленькая дзяўчынка Верачка, якая пажадала, каб усе дзеці былі шчаслівымі.
На адно з пісем выхаванцаў прытулку адгукнулася жанчына, якая не пажадала назваць сваё імя. Яна дапамагла рэалізавацца жаданню Віталія Кавалеўскага, бо за свае сродкі набыла хлопчыку МР-3 плэер.
Зразумела, што большасць з тых, хто адгукнуўся на просьбы дзяцей, зрабілі гэта не дзеля таго, каб іх імёны былі надрукаваны ў раённай газеце. Кожны зрабіў гэта па закліку яго сэрца.
Бліжэй да вызначанага дня, калі мы збіраліся ісці набываць падарункі для шасці дзетак, якія напісалі пісьмы Дзеду Марозу, у прытулак прывезлі яшчэ 5 дзяцей. І стала зразумела, што за тыя грошы, якія ўдалося назбіраць, задаволіць просьбы ўсіх дзяцей не атрымаецца.
Таму каб купіць Уладзіку Войшнісу мабільны тэлефон, аб якім хлопчык марыць цэлы год, мы накіраваліся ў магазін “Планета Тэхна”. І зноў жа да нашай радасці са словамі “Мары павінны збывацца” прадпрымальнік і гаспадар магазіна Аляксей Багдзюн падарыў Уладзіславу мабільны тэлефон Нокіа.
Яшчэ больш добрых і радасных эмоцый мы атрымалі, калі аўтар гэтых радкоў і па сумяшчальніцтву сакратар раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” разам са старшынёй раённай арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд” Вольгай Анатольеўнай Альфер прыехалі з машынкамі, лялькамі, кніжкамі, мабільным тэлефонам, МР-3 плэерам і, канешне ж, салодкімі падарункамі ў прытулак, а потым – у бальніцу, у якую якраз на навагоднія святы трапілі трое выхаванцаў прытулку.
Дзеці ўзрадаваліся атрыманым падарункам і напачатку не маглі паверыць, што іх жаданні збыліся! Яны стаялі, глядзелі на тое, што далі ім амаль незнаёмыя людзі і час ад часу паўтаралі: “Я ніколі не верыў, што маё жаданне можа спраўдзіцца”. І толькі праз некаторы час пачалі адкрываць каробачкі і разглядваць падарункі, зашумелі і пачалі дзяліцца радаснымі эмоцыямі: “Класна!”, “Здорава!” “Пашанцавала!” і “А калі я паеду дамоў…”
Прайшлі ў раёне і навагоднія акцыі “Нашы сэрцы – хворым дзецям” і “Раждзественскае акенца”, арганізатарам якіх стала раённая арганізацыя “Беларускі дзіцячы фонд”, і якія змаглі ажыццявіцца толькі дзякуючы дабрачынным ахвяраванням дарослых і дзяцей з розных арганізацый і устаноў адукацыі Астравеччыны.
Напярэдадні Новага года члены “Беларускага дзіцячага фонду” наведалі дзяцей, якія знаходзіліся на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні раённай бальніцы, і ўручылі ім салодкія падарункі. Не засталіся без падарункаў і дзеці-інваліды, якія вучацца
дома – ім таксама падарылі крыху радасці і шчасця, а таксама прысмакі і мяккія цацкі.
Аказваецца тварыць дабро вельмі проста. Варта толькі паверыць, што свет не без добрых людзей – і ўсё атрымаецца. Раённыя арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд” і “Беларускі саюз жанчын” выказваюць шчырую ўдзячнасць усім, хто адгукнуўся на нашы просьбы і падарыў дзецям радасць і добры настрой!


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.