Каб памяталі і ведалі

13:19 / 22.03.2010
Вялікая Айчынная вайна пакінула ў гісторыі Беларусі глыбокі і балючы след. 2010 год – год 65-годдзя Перамогі. Вельмі важна і патрэбна, каб будучае пакаленне заўсёды памятала пра падзеі тых гадоў і людзей, подзвігі і гераізм якіх дапамаглі падараваць мір народу нашай краіны. З гэтай нагоды ў навучальных установах праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 65-годдзю Перамогі.
Ужо ў пачатку гэтага года раённым Саветам ГА БРПА і ЦПР быў праведзены раённы конкурс праектаў “Ветэранскія лёсы”. Прысланыя работы ацэньваліся па шасці намінацыях і па двух узроставых катэгорыях: 13-14 і 15-17 гадоў. У выніку пераможцамі ў намінацыі “Ветэран жыве побач” сталі піянеры з Міхалішкаўскай школы. У намінацыі “Успамінаючы аб пражытых гадах” – дружыны Варонскай БШ і Гервяцкай СШ. Лепшымі ў намінацыі “Шануем подзвігі і славу дзён мінулых, каб будучае зберагчы ад бяды” прызнаны атрады са Спондаўскай СШ, Рытаньскага НПК і Падольскага НПК.
А нядаўна былі падведзены вынікі раённага этапу абласной творчай экспедыцыі “Памяць палаючых гадоў”. Сэнс яе заключаўся ў вывучэнні гісторыі спаленых вёсак Гродзеншчыны ў гады вайны. На шчасце, Астравеччыну мінуў гэты злы рок, таму нашы піянерскія дружыны ўзяліся за вывучэнне вёсак з іншых раёнаў. Патрабаванні да выніковых справаздач аб зробленай рабоце былі высокімі і сур’ёзнымі. Лепшымі творчымі экспедыцыямі былі прызнаны работа Максіма Кавалеўскага – члена піянерскай дружыні імя М.А. Кляцоўскага з Міхалішкаўскай СШ і калектыўная праца дружыны імя І.А. Ушакевіча Дайлідскай СШ. Іх экспедыцыі адпраўлены на абласны этап.
“Каб не было вайны” – менавіта так сімвалічна называўся яшчэ адзін абласны конкурс праектаў, вынікі раённага этапу якога таксама ўжо падведзены. У намінацыі “Дзіцячыя ініцыятывы, сацыяльныя акцыі” пераможцамі сталі: члены школьнага вучнёўскага самакіравання гімназіі №1 з акцыяй “Мы памятаем ваш подзвіг!”, піянерская дружына імя М.А. Кляцоўскага Міхалішкаўскай СШ з праектам “Верная сяброўка”. У намінацыі “Тэматычныя калектыўна-творчыя справы, экскурсіі, форум-тэатр” лепшымі былі прызнаны: праект экскурсіі піянераў СШ №1, калектыўна-творчая справа “Мінулых дзён перагарнуўшы старонкі” атрада “Падарожнік” дружыны імя І.М. Мартынава са Спондаўскай СШ і КТС “Дзеля жыцця на зямлі” – работа піянераў з Варонскай базавай школы.

Марына Мацкевіч.