Мудры кіраўнік – аснова поспеху

01:37 / 12.02.2010
Узначальвае Кямелішкаўскую школу з 1994 года Хрысціна Мечыславаўна Сянюць – мудры кіраўнік і трывалая апора для ўсіх настаўнікаў і вучняў, якая з задавальненнем адказала на мае пытанні.

Як праходзяць будні кіраўніка школы?
– Мой рабочы дзень пачынаецца ў 8 гадзін, а вось калі ён закончыцца, не ведае ніхто, нават я сама. Пытанняў узнікае шмат. Сярод іх і запланаваныя раней, таму што трэба праводзіць свае ўрокі і наведваць згодна з планам работы ўрокі настаўнікаў, аказваць метадычную дапамогу педагогам, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, удзяляць пэўную ўвагу дашкольным групам у дзіцячым садзе, наведваць сем’і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Але ёсць праблемы, якія ўзнікаюць знянацку – і іх таксама трэба вырашаць.
– Што найбольш хвалюе дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў?
– Тое, што ў школу ідуць бацькі, – гэта цудоўна. Найчасцей яны звяртаюцца за парадай. Калі штосьці не атрымліваецца ў дзяцей – дапамагаем. Я па-мацярынску люблю тых дзетак, якія абдзелены бацькоўскай ласкай і ўвагай. Яны прыходзяць і дзеляцца са мной сваімі хатнімі праблемамі. Іх дастаткова абняць, пагладзіць па галоўцы, суцешыць – і яны адразу адчуваюць, што некаму патрэбныя. І часта іх духоўны свет вельмі багаты, проста дома іх ніхто не заўважае.
– Калі б вас былі неабмежаваныя магчымасці, што вы яшчэ зрабілі б для школы?
– Можна сказаць, што ў нас ёсць усё, што неабходна для вучобы і выхавання дзяцей. Але заўсёды хочацца яшчэ больш – да прыкладу, абсталяваць дзіцячую пляцоўку для выхаванцаў дзіцячага сада, а яшчэ пашырыць экспазіцыю музейнага пакоя. Дарэчы будзе сказаць, што дзякуючы настаўніку геаграфіі Ігару Іванавічу Шафранскаму і вучням, якія наведваюць гурток “Спадчына”, зроблена шмат для аднаўлення нашай мінуўшчыны.
– Школа – сельская і канкурыраваць з гарадскімі школамі ёй складана. Што вы робіце для таго, каб быць, так бы мовіць, “на плыву”?
– Перш за ўсё стараемся, каб усе зразумелі, што ў нас ёсць добрыя настаўнікі, таленавітыя дзеці і клапатлівыя бацькі, якім неабыякава тое, чым жыве школа. Канешне, не заўсёды ўдаецца стаць лепшымі, тым не менш, мы стараемся і многае, дзякуючы аптымізму і еднасці дзяцей і дарослых, у нас атрымліваецца.
Якімі, на ваш погляд, якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік?
– Па-першае, гэта прафесіяналізм, веданне свайго прадмета. А таксама кампетэнтнасць ва ўсіх пытаннях, таму што сучасных дзяцей цікавіць вельмі многае і настаўнік заўсёды павінен прыйсці ім на дапамогу, нават тады, калі дзіцячае пытанне датычыцца не твайго прадмета.
А яшчэ ён павінен быць чалавечным, добрым і ўмець выслухаць і пачуць кожнага.
Узначальвае Кямелішкаўскую школу з 1994 года Хрысціна Мечыславаўна Сянюць – мудры кіраўнік і трывалая апора для ўсіх настаўнікаў і вучняў, якая з задавальненнем адказала на мае пытанні.

Алена Ярашэвіч