Кямелішкаўская школа: з мінулага ў будучыню

01:34 / 12.02.2010
Наведаць школы, пазнаёміцца з іх гісторыяй, вучнямі і настаўнікамі збіралася адразу ж, як пачала працаваць у рэдакцыі. Але заўсёды знаходзіліся неадкладныя справы і гэта адыходзіла на другі план. А аднойчы, едучы з Гервят, падвезлі маладую дзяўчыну – як потым высветлілася, настаўніцу, якая і спытала: “А чаму вы пра Кямелішкаўскую школу не напішаце?”
“Сапраўды: чаму б і не?” – падумала я. І ў адзін з дзён накіравалася ў Кямелішкаўскі НПК.
З гісторыі
У Кямелішкаўскай школы даволі багатая гісторыя. У 1936 годзе польскія ўлады пабудавалі тут школу, навучанне ў якой вялося на польскай мове. Школа на той час была сямігадовая. У 1953 годзе школа атрымала статус сярэдняй, а ў 1955 першыя выпускнікі атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі. У 1981 годзе школа пераехала ў новы будынак, у якім знаходзіцца і зараз. Праўда, у 2007 годзе ў рамках будаўніцтва аграгарадка ён быў амаль поўнасцю абноўлены, і школа атрымала статус навучальна-педагагічнага комплексу.
Сённяшні дзень
Школа, па цяперашніх мерках, невялікая – 102 вучні, 32 выхаванцы дзіцячага садка і 24 настаўнікі. Калектыў настаўнікаў – цікавы, вясёлы і згуртаваны.
А адметнасцю Кямелішкаўскага НПК з’яўляецца тое, што калектыў педагогаў дастаткова малады, сярэдні ўзрост іх – 30 гадоў, многія з якіх, дарэчы, з’яўляюцца яе былымі выпускнікамі. І радуе тое, што маладыя спецыялісты прыязджаюць у гэтую школу амаль кожны год і замацоўваюцца тут.
А ў мінулым годзе з’явілася нават настаўніцкая сям’я. Малады настаўнік матэматыкі Вольга Уладзіміраўна і настаўнік працоўнага навучання Анатолій Іосіфавіч Баран, які прыехаў у школу трохі раней, стварылі сям’ю і засталіся тут працаваць. Маладой сям’і пашанцавала – праўленне СВК, па просьбе дырэктара школы, выдзеліла настаўнікам дом.
Яшчэ адной асаблівасцю школы з’яўляецца тое, што тут ёсць настаўнік польскай мовы – асяроддзе ў Кямелішках гістарычна польскамоўнае. Вучні на факультатывах пры дапамозе Анжэлы Юр’еўны Будзіч маюць магчымасць вывучаць мову, на якой размаўлялі іх прадзядулі і прабабулі.
На працягу некалькіх гадоў вучні і настаўнікі з Кямелішак сумесна з вучнямі і настаўнікамі з Літвы і Латвіі ўдзельнічалі ў міжнародным інавацыйным праекце “Інтэррэг – ІІІ” – новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў краязнаўстве. Дзякуючы ўдзелу ў ім, школьны музейны пакой папоўніўся вялікай колькасцю матэрыялу па краязнаўству і інфармацыйных тэхналогіях. Дзеці мелі магчымасць наведаць Літву і самі прыняць гасцей з суседніх рэспублік. Дарэчы сказаць, госці заўсёды былі моцна ўражаны школай. Большасць з іх здзіўлялася, што ў беларускіх вёсках могуць быць такія школы, у якіх ёсць усё для навучання і выхавання дзяцей.

У школе працуюць цудоўныя, таленавітыя настаўнікі. Такія, як энергічная і творчая настаўніца пачатковых класаў Галіна Тадэвушаўна Мазура, сур’ёзны і патрабавальны выкладчык інфарматыкі Віталій Вячаслававіч Смірноў, эмацыянальная і цікавая “русічка” Яніна Яраславаўна Ядзінская, разважлівы і сур’ёзны фізрук Уладзімір Амаравіч Якубоўскі, усюды паспяваючая і строгая намеснік дырэктара Данута Сцяпанаўна Марцінкевіч, якая, да таго ж, з’яўляецца шматдзетнай маці і ўзнагароджана “Ордэнам Маці”, і яе калега – жыццярадасная, маладая і энергічная Марына Мечыславаўна Матыевіч і шмат іншых, якія заўсёды імкнуцца да таго, каб правесці пазнавальныя ўрокі і арганізаваць цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, зрабіць так, каб дзецям у школе было добра і ўтульна.

Абноўленаму будынку радуюцца ўсе: і дзеці, і іх бацькі, і настаўнікі. І хаця школа пасля рамонту працуе ўжо тры гады, выглядае яна проста цудоўна – бачна, для ўсіх яна стала другім домам і кожны імкнецца захаваць яе чыстай, прыгожай, утульнай, ёсць добрая мебель.
А яшчэ школа ганарыцца сваімі вучнямі – выдатнікамі, таленавітымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, спартсменамі. Нездарма ж пры ўваходзе вісіць “галерэя талентаў”, дзе можна ўбачыць самых-самых. Каму больш даспадобы песня – займаюцца ў школе мастацтваў і з’яўляюцца ўдзельнікамі “Кемяліны”, спартсмены – наведваюць спартыўныя секцыі і такім чынам праслаўляюць сваю школу, а самыя разумныя атрымліваюць перамогі на алімпіядах.
Школа цесна супрацоўнічае і з пагранічнікамі. Яны частыя госці тут не толькі ў святы, але і ў будні.
У навучальна-педагагічным комплексе працуе яшчэ і яслі-сад. У маленькіх выхаванцаў таксама ёсць магчымасць хадзіць у спартыўную залу і развіваць свае таленты, выступаць на адной сцэне са сваімі старэйшымі братамі і сёстрамі і сябрамі. І ад гэтага ў выйгрышы ўсё – і дзеці, і бацькі, і вёска.    У школе працуюць цудоўныя, таленавітыя настаўнікі. Такія, як энергічная і творчая настаўніца пачатковых класаў Галіна Тадэвушаўна Мазура, сур’ёзны і патрабавальны выкладчык інфарматыкі Віталій Вячаслававіч Смірноў, эмацыянальная і цікавая “русічка” Яніна Яраславаўна Ядзінская, разважлівы і сур’ёзны фізрук Уладзімір Амаравіч Якубоўскі, усюды паспяваючая і строгая намеснік дырэктара Данута Сцяпанаўна Марцінкевіч, якая, да таго ж, з’яўляецца шматдзетнай маці і ўзнагароджана “Ордэнам Маці”, і яе калега – жыццярадасная, маладая і энергічная Марына Мечыславаўна Матыевіч і шмат іншых, якія заўсёды імкнуцца да таго, каб правесці пазнавальныя ўрокі і арганізаваць цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, зрабіць так, каб дзецям у школе было добра і ўтульна.

Алена Ярашэвіч