У Астраўцы адзначылі 100-годдзе стварэння органаў ЗАГС
09:15 / 21.12.2017
Трэба сказаць, што нешматлікі калектыў раённага ЗАГСа – а сёння тут працуюць усяго два чалавекі: загадчыца Аксана Тадэвушаўна Дзятко і спецыяліст Ірына Іванаўна Кавалька – пастараўся, каб юбілей прайшоў у цёплай сямейнай атмасферы. У фае гасцей сустракала выстаўка вясельнай атрыбутыкі, шлюбных сукенак былых часоў, фотаздымкаў, на якіх многія пазнавалі сваіх бацькоў, сяброў, суседзяў…
Супрацоўніцы ЗАГСа сталі і вядучымі свята. Яны расказалі пра гісторыю сваёй установы – аказваецца, далёка не заўсёды аддзел ЗАГС асацыяваўся са святам: доўгі час запісы актаў грамадзянскага стану ажыццяўлялі ў сістэме Народнага камісарыята ўнутраных спраў – і там ужо дакладна абыходзіліся без вэлюмаў, галубоў і ручнікоў…
Успомнілі і ветэранаў – людзей, якія ў розныя часы працавалі ў ЗАГСе. З 1949 па 1983 год аддзел узначальвала Марыя Васільеўна Мядзелец, а затым яна яшчэ пэўны час працавала тут спецыялістам. Людміла Іванаўна Туманава загадвала аддзелам 29 гадоў. Фаіна Мікалаеўна Блашкевіч працавала загадчыцай аддзела нядоўга – але з ЗАГСам яе звязвае доўгае і плённае супрацоўніцтва: у савецкія часы падчас рэгістрацыі шлюбу абавязкова павінен быў прысутнічаць дэпутат мясцовага Савета – і гэтую ролю часцей за ўсё даводзілася выконваць менавіта Фаіне Мікалаеўне.
Не забыліся і пра спецыялістаў, якія дапамагалі загадчыкам аддзела ажыццяўляць сваю пачэсную і такую неабходную людзям місію: Валянціну Чаславаўну Карцель, Галіну Уладзіміраўну Лукшу, Таццяну Іванаўну Жук. Дарэчы, многія з ветэранаў пачулі ў гэты дзень не толькі словы ўдзячнасці за шматгадовую працу, але і былі адзначаны: Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Людміла Іванаўна Туманава і Таццяна Іванаўна Жук, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – Аксана Тадэвушаўна Дзятко, Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў, падарункам ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – вернага спадарожніка і памочніка аддзела ЗАГС – Ірына Іванаўна Кавалька. Словы падзякі прагучалі і ў адрас Марыі Станіславаўны Пасечнік, пад музычнае суправаджэнне якой не адно дзесяцігоддзе адбываецца таінства стварэння новай сям'і.
Святочны настрой для ўдзельнікаў свята стваралі вядомыя ў Астраўцы калектывы – хоры ветэранаў і «Польскае рэха Астраўца», юная Каця Вайцяхоўкая.
А галоўным падарункам для аддзела да стогадовага юбілею органаў ЗАГС можна лічыць тое, што раённы аддзел пасля доўгіх блуканняў па прыстасаваных памяшканнях цяпер мае свой утульны, прыгожы, дыхтоўны дом, які яго гаспадыні абуладкоўваюць творча, з любоўю і густам – каб кожны, хто прыйдзе сюды з радаснай ці сумнай нагоды, адчуваў сябе не ў казённай установе, а нібы дома – камфортна і ўтульна.
Фота Івана ПЕТРЫКА
і Юрыя ГОРЫДА.