Алкоголь довёл до беды

18:00 / 30.09.2013

Выпіў – і ў кювет


Практыка сведчыць, што асноўнай прычынай здарэнняў на дарогах з’яўляецца алкаголь. У верасні гэта сцвярджэнне пацвердзілася двойчы.

Першы выпадак адбыўся ў 11 гадзін раніцы на аўтадарозе Падольцы – Гадзілуны – Буйкі – Белая Вада, непадалёк ад Падольцаў. Нягледзячы на досыць  ранні час, жыхар Гадзілун ужо быў нецвярозы. Аднак гэта не перашкодзіла яму сесці за руль сваіх “жыгулей” і паехаць у бок Падольцаў.
Толькі па дарозе алкаголь узяў сваё – вадзіцель не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. У выніку пацярпеў не  толькі аўтамабіль, але і мужчына. З цялеснымі пашкоджаннямі ён быў дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу.
Яшчэ адно здарэнне адбылося каля трох гадзін ночы. Жыхару вёскі Гіры, бачна, спаць не хацелася, і ён разам са сваім сябрам вырашылі пашукаць  прыгод на матацыкле “Усход”. Пры гэтым мужчына сеў за руль нецвярозым і не маючы правоў. І прыгоды не прымусілі сябе доўга чакаць: каля Газы  вадзіцель не справіўся з кіраваннем, і матацыкл перакуліўся. У выніку мужчына атрымаў цялесныя пашкоджанні.
Алкаголь лёгка можа давесці да бяды. І калі адзін раз прынясе толькі цялесныя траўмы, то ў наступны можа забраць жыццё. Падумайце, ці варта  расплачвацца за яго ўжыванне такім дарагім коштам.



Два дні – дзве аварыі


Мінулыя выхадныя аказаліся багатымі на дарожна-транспартныя здарэнні. Дзве аварыі, адна з якіх – са смяротным зыходам, адбыліся ў гэтыя дні.

Вечарам у суботу аўтавоз “Сканія”, за рулём якога знаходзіўся грамадзянін Расіі, ехаў у бок Катлоўкі. Нішто не прадвяшчала бяды, пакуль на  аб’яздной дарозе вёскі Варняны не з’явіўся пешаход, які ішоў насустрач аўтамабілю па праезджай частцы, не быў абазначаны флікерам і знаходзіўся ў дадатак да ўсяго ў нецвярозым стане. У выніку аўтавоз наехаў на мужчыну, які ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння.
Загінуўшы быў пенсіянерам, жыхаром Варнян, які злоўжываў спіртнымі напоямі. Як расказала супрацоўнікам міліцыі яго жонка, у той дзень ён  таксама добра выпіў, пайшоў з хаты – і не вярнуўся. У чарговы раз жыццё даказала, што спіртное да дабра не даводзіць.
А на наступны дзень дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на ўчастку дарогі паміж Гервятамі і Рымдзюнамі. Жыхарка Рымдзюн, разварочваючыся на  “Жыгулях”, не саступіла дарогу “Аўдзі”, якая ехала ў спадарожным накірунку. Сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. У выніку здарэння пацярпела
вадзіцель “Жыгулёў”, якая з траўмай нагі была дастаўлена ў цэнтральную раённую бальніцу. Але, на шчасце, траўма аказалася не вельмі сур’ёзнай:  пасля аказання медыцынскай дапамогі жанчына вярнулася дадому.


--------------------------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.


Фота з сайта an.crimea.ua.