Злодзей паквапіўся на магнітафон... і бутэльку водкі

12:43 / 14.12.2011
Попыт на люкі…

26 лістапада каля 18.40 з неахоўваемага складскога памяшкання былі ўкрадзены металічныя люкі коштам 1 мільён 391 тысяча рублёў.
Як паказала следства, злачынства здзейснілі жыхар вёскі Стайкі Аршанскага раёна 1992 года нараджэння і жыхар Варнян 1981 года нараджэння, якія працуюць кабельшчыкамі ў “БМК Саюзтэлефонбуд”.
28 лістапада супраць гэтых мужчын была ўзбуджана крымінальная справа.



…І на інструменты

У ноч на 23 лістапада з двух экскаватараў “Solar 340LCV” былі ўкрадзены дзве скрынкі з інструментамі.
Экскаватары на момант здарэння знаходзіліся на неахоўваемай пляцоўцы аб’екта “Будаўніцтва Беларускай АЭС” каля вёскі Газа. Агульны кошт украдзеных рэчаў складае 560 долараў ЗША.



Дзіцячыя грошы

Чарговыя неплацельшчыкі, якія шкадуюць сваім дзецям даць грошай на ежу і адзенне, з’явіліся ў раёне.
Трое з неплацельшчыкаў – непрацуючыя мужчыны: жыхар вёскі Філіпаны 1969 года нараджэння, жыхар вёскі Рымдзюны 1965 года нараджэння і жыхар вёскі Гіры 1962 года нараджэння.
Супраць яшчэ адной жанчыны, жыхаркі Астраўца 1976 года нараджэння суд вынес гэтакі ж вердыкт.
Міліцыяй супраць гэтых людзей узбуджаны крымінальныя справы. Падобны выпадак быу таксама у горадзе Докшицы.



Незімовыя віды спорту

Веласіпед – зусім не зімовы від транспарту, але некаторыя злодзеі і летам, і зімой аддаюць перавагу менавіта яму...
Так 18 лістапада з двара дома №35 па вуліцы Валадарскага быў украдзены дамскі дарожны веласіпед жыхаркі вёскі Бялькішкі. А 24 лістапада з незачыненага склада былой кацельнай на тэрыторыі “МПМК-158” дарожны веласіпед жыхара вёскі Кумпяны.
Міліцыяй па гэтых выпадках узбуджаны крымінальныя справы.



“Спаліўся” з дызпалівам

30 лістапада супрацоўнікамі Астравецкай дзяржаўтаінспекцыі на дарозе Астравец-Ашмяны быў спынены аўтамабіль “Ровер-620”, якім кіраваў жыхар г. Ашмяны.
Пры аглядзе, у аўтамашыне ашмянца 1973 года нараджэння, было знойдзена 180 літраў дызельнага паліва, коштам 1 мільён 35 тысяч рублёў.
Па гэтай справе складзены адміністрацыйны пратакол.



Выпіць і патанцаваць…

У перыяд з 6 лістапада па 3 снежня ў дачны дом у вёсцы Кайміна Дольная ўлез злодзей.
Гаспадыня дома 1957 года нараджэння, жыхарка горада Мінска ў адзін з прыездаў убачыла, што з дачнага дома выняты аконны праём. З дома жанчыны злодзей знёс стэрэамагнітолу “Хундай”, акустычную сістэму і бутэльку гарэлкі.
Міліцыяй па гэтай справе вядзецца следства.



За рулём...

Зімовыя месяцы – не час для легкадумнага ваджэння. Тут і цвярозыя часам не спраўляюцца з кіраваннем, а што ўжо казаць пра п’яных?
3 снежня ў 14.10 непадалёк ад Вялікай Страчы на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем аўтамабіля “БМВ-316” жыхар вёскі Нарач 1991 года нараджэння. У выніку яго машына з’ехала ў кювет і перакулілася. У бальніцу з траўмамі была дастаўлена пасажырка, навучэнка Камароўскага ліцэя 1996 года нараджэння, жыхарка гарадскога пасёлка Свір.
29 лістапада ў 18.00 на аўтазаправачнай станцыі №60 быў спынены аўтамабіль Форд-Сіера, якім кіраваў жыхар пасёлка Гудагай 1989 года нараджэння. Экспертыза паказала, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Яшчэ адзін нецвярозы вадзіцель быў затрыманы на мінулым тыдні на вуліцы Ленінскай у раённым цэнтры – ім стаў жыхар Астраўца 1968 года нараджэння.
А 30 лістапада паўторна на працягу года ў рукі ДАІшнікаў трапіў непрацуючы жыхар Ашмян 1991 года нараджэння, якога 21 лістапада спынілі за рулём аўтамабіля “Сітраен”.



Грошы ад суседкі

6 снежня ў дом да жыхаркі вёскі Навасёлкі забраўся злодзей, які добра пажывіўся ўнутры.
Факт крадзяжу быў выкрыты ў гэты ж дзень. Як высветлілі міліцыянеры ў хату да пенсіянеркі 1937 года нараджэння залез непрацуючы 20-гадовы аднавясковец, які ўкраў у жанчыны 1 мільён 165 тысяч рублёў.
Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.


Антон ЧЫК.