Тыдзень postfactum: за рысай чалавечнага

13:05 / 07.12.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

У апошні дзень лістапада быў вынесены прысуд па самай гучнай крымінальнай справе ў суверэннай гісторыі Беларусі. Арганізатары і выканаўцы выбуху ў мінскім метро атрымалі за здзейсненае злачынства выключную меру пакарання.


Беспрэцэдэнтная атмасфера адкрытасці, у якой адбываўся судовы працэс, здаецца, павінна была садзейнічаць усталяванню даверу да судовага разбіральніцтва і перакананню ў аб’ектыўнасці следства. Аднак з самага пачатку судовы працэс выклікаў у пэўнай часткі грамадства традыцыйнае: “Не верым!”. Аб’ектыўныя факты – відэазапісы з камер назірання, паказанні сведкаў, матэрыялы вобыскаў і нават уласныя прызнанні абвінавачаных – падвяргаліся катэгарычнаму адмаўленню – “выбілі”, “сфабрыкавалі”, “падтасавалі”, “запалохалі”…
Чым запалохалі – страхам смерці? Чым увогуле можна запалохаць чалавека, які ідзе на эшафот?
Як справядліва заўважыў чалавек сталага ўзросту, які выйшаў з залы суда адразу пасля абвяшчэння прысуду: “Калі б мяне абвінавачвалі ў тым, чаго я не рабіў, я б кожныя 5 хвілін крычаў з лавы падсудных: “Я не вінаваты!”
Галоўны ж арганізатар і непасрэдны выканаўца выбуху ўвесь час, пакуль ішоў суд, захоўваў маўчанне. На этапе папярэдняга следства ён падрабязна расказаў, як задумваў злачынства, як да яго рыхтаваўся, як выконваў. Мяркуючы па яго халоднаму позірку, спакойнаму, нават, нейкаму абыякаваму голасу на відэакадрах, цяжка западозрыць органы ў тым, што паказанні былі “выбіты”.
Не падалі голасу ў падтрымку свайго дзіцяці і бацькі. Чаму? Ці не таму, што яны даўно ўсё зразумелі?
На жаль, з самага пачатку некаму вельмі хацелася надаць трагічнай падзеі палітычную афарбоўку. Адразу з’явіліся заявы, што тэракт улады абавязкова выкарыстаюць для барацьбы з апазіцыяй. А калі стала вядома, што здзейснілі яго адзіночкі, якія ў партыях не ўдзельнічалі, да рэлігійных плыняў не належалі і да радыкальных рухаў адносінаў не мелі, насуперак логіцы і здароваму сэнсу сталі гучаць прамыя абвінавачванні ўладных структур у арганізацыі выбуху. Раскрыццём матыву, сэнсу, прад’яўленнем фактаў і доказаў ніхто сябе не абцяжарваў.
Так, застаўся незразумелым матыў і тых, хто на самай справе гэта злачынства здзейсніў. Што падштурхнула на першы погляд звычайных хлопцаў з рабочай ускраіны да забойства дзесяткаў людзей? За што і чаму? – пытанні, якія задавалі мы сабе адразу пасля выбуху. Выразнага адказу ад саміх тэрарыстаў так і не атрымалі. Псіхолагі зрабілі выснову аб такім вось нечалавечым спосабе самарэалізацыі.
Для некаторых гэта прагучала непераканаўча.
А можа, уся справа ў тым, што звычайнаму чалавеку проста непадуладна зразумець матыў нелюдзя? Як не дадзена знайсці рацыянальнае тлумачэнне забойству ўвогуле, насіллю над дзіцём, жанчынай…
Ці хтосьці возьме на сябе смеласць сказаць, што ведае матыў таго ж Чыкацілы і яму падобных, на сумленні якіх сотні ахвяр?
Дарэчы, гэтыя істоты не з клеткі збеглі, не з рэзервацыі, не з псіхіятрычнай клінікі. Вылюдкамі яны былі толькі ў нікому невядомай частцы свайго жыцця. А ў другой – мелі сям’ю, працоўную біяграфію, пахвальную грамату да свята, станоўчыя водгукі сяброў і знаёмых. Андрэй Чыкаціла, напрыклад, працаваў выхавацелем у прафтэхвучылішчы, станоўча характарызаваўся калегамі і навучэнцамі. А ў “вольны” час гвалтаваў, здзекваўся і забіваў падлеткаў.
На думку псіхолагаў, менавіта такім “сярэднестатыстычным”, і з’яўляецца характэрны партрэт серыйнага забойцы. Таму і ўдаецца ім доўгі час пазбягаць справядлівага пакарання.
У выпадку з тэрактам у мінскім метро выканаўцаў і арганізатараў у адной асобе знайшлі на працягу сутак. Хаця – як сказаць? Па сутнасці, па следу Канавалава ішлі амаль тры гады. З таго дня, калі на святкаванні Дня Незалежнасці адбыўся выбух ля стэлы “Мінск – горад герой!”
Тым не менш аператыўнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у некаторай часткі грамадства выклікала сумненне: “Вельмі хутка знайшлі! Няйначай, “прызначылі” вінаватых!”
Варта ўспомніць, што, пакуль ішло раскрыццё выбуху ля стэлы, таксама сумняваліся: “Вельмі доўга шукаюць! Напэўна, нешта ці некага хаваюць!”
Можна толькі здагадвацца, колькі было б абурэння, самых неверагодных чутак і плётак, калі б арганізатараў выбуху ў метро знайшлі не так хутка альбо не знайшлі ўвогуле.
І самае галоўнае – з якім пачуццём увесь гэты час жылі б мы? Дастаткова ўспомніць паведамленне аб выбуху маршрутнага аўтобуса, якое з’явілася на наступны дзень пасля падрыву метро. Выбух, на шчасце, аказаўся чуткай. А вось слёзы маці у гэты дзень, перажыванні за дзяцей і нязвыклае для Беларусі адчуванне няўпэўнасці, падаўленасці і безабароннасці перад невядомай сілай, якая так проста ахвяруе чалавечымі жыццямі, былі самымі сапраўднымі.
Будзем спадзявацца, што падобнае больш на беларускай зямлі не паўторыцца.