Жыхар Альхоўкі украў у сваёй вёсцы аўтамабіль і паехаў катацца...

08:02 / 23.11.2011
ПРАКАЦІЎСЯ

На якія толькі неверагодныя “подзвігі” не падштурхоўвае часам людзей спіртное. Праўда, часцей за ўсё яны заканчваюцца парушэннем закона і ўзбуджэннем крымінальнай справы.
На нецвярозую галаву пацягнула на прыгоды вечарам 16 лістапада і жыхара Альхоўкі. У “вясёлым” стане ён украў у сваёй вёсцы аўтамабіль “Таёта Карына”, на якім вырашыў пракаціцца да Астраўца. Магчыма, маршрут паездкі мужчыны працягнуўся б і далей, але ў райцэнтры яго затрымалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
У адносінах аматара чужога аўто ўзбуджана крымінальная справа.



НІ БЕНЗІНУ, НІ ЭЛЕКТРАДРЫЛІ

Падаражанне бензіну хвалюе не толькі вадзіцеляў і ўладальнікаў аўтамашын, але і аматараў сцягнуць чужое. Толькі вырашаюць гэту праблему злодзеі некалькі іншым чынам.
Так, ноччу 15 лістапада з гаража ў вёсцы Міхалішкі невядомы ўкраў 75 літраў бензіну маркі “АІ-92”. Разам з палівам злодзей прыхапіў яшчэ і электрадрыль.
Па гэтай справе вядзецца следства.



Б’Е – ЗНАЧЫЦЬ, КАХАЕ?..

Так сцвярджае невядома кім – ці не самімі тыранамі? – прыдуманы выраз. Толькі з ім наўрад ці можна пагадзіцца, асабліва калі пальцы “каханага” сціскаюць шыю жонкі, а ён сам у гэты час пагражае яе забіць.
Менавіта такім драматычным – амаль што шэкспіраўскім – фіналам скончылася сямейная разборка ў адной сям’і астраўчан. На шчасце, пагроза аб забойстве засталася толькі словамі. Аднак у адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.



НЕ ЗАКУРЫЦЬ ТАВАРЫШ...

Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў сумесна з пагранічнікамі былі выяўлены і перахоплены чарговыя партыі незаконных цыгарэт.
Спачатку 18 лістапада ў 6.50 у лесе непадалёк ад вёскі Петраполь былі затрыманы двое астраўчан, у якіх праваахоўныя органы знайшлі і канфіскавалі 2000 пачак цыгарэт “Мінск Кэпітал” і 2000 – “Мінск супер слім” з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і без дакументаў, якія пацвярджаюць іх легальнасць. Агульная сума знаходкі – 11 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
У адносінах грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы.
А вечарам гэтага ж дня ў лесе непадалёк ад хутара Раголішкі былі затрыманы яшчэ трое непрацуючых, у якіх знайшлі 14400 нелегальных пачак цыгарэт “Фэст” на суму 31 мільён 680 тысяч рублёў.
Па гэтай справе таксама былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Падрыхтавала Марына БАРОК.