Пад вуглом 40 градусаў: "п'яныя" лічбы раёна

15:18 / 18.02.2011
11431

У каго ці ў што можа ператварыць чалавека п’янства, да чаго давесці, вядома даўно. Аднак вастрыня гэтай праблемы з часам не змяншаецца. Давайце прааналізуем сённяшнія “п’яныя” лічбы раёна.
Па выніках 2010 года на Астравеччыне ў стане алкагольнага ап’янення ўчынена 71 злачынства – гэта больш за 40 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Многа гэта ці мала, мяркуйце самі – у цэлым па вобласці “пад мухай” учынена менш трэці ўсіх злачынстваў.


Стан “падшафэ” стаў прычынай двух дарожна-транспартных здарэнняў. Іх магло быць і больш, калі б работнікі праваахоўных органаў своечасова не спынілі многія факты кіравання аўтатранспартам  у нецвярозым стане. На жаль, п’яніц, якія лёгка садзяцца за руль у нецвярозым стане, у раёне хапае. Напрыклад, непрацуючы жыхар вёскі Малі паўторна на працягу года руліў пад хмяльком машынай “Мерседэс” па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. Яго прыкладу паследаваў рабочы МПМК-158, які таксама раней прыцягваўся да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане і якому вельмі трэба было п”янаму патрапіць у Гервяты. Яны, а таксама яшчэ некалькі падкіх да алкаголю асоб, што  любяць пакатацца з ветрыкам, прадоўжаць сваю юрыдычную самаадукацыю, толькі цяпер яны будуць вывучаць ужо не адміністрацыйны, а крымінальны кодэкс.
Без сумнення, колькасць супрацьпраўных дзеянняў і смерцяў  у п’яным угары ўзрасло б у разы, калі б міліцыя не знішчыла ў мінулым годзе амаль 16 тон самагону і самагоннай брагі, а таксама 41 апарат для вытворчасці “саматужнага напою”. Нелегальныя вытворцы і перапрацоўшчыкі панеслі не толькі матэрыяльныя, але і фінансавыя страты – ім давялося заплаціць немалыя штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні. Так, за выраб ці набыццё моцных алкагольных напояў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), захоўванне апаратаў для іх вырабу да адказнасці прыцягнуты 43 “падпольшчыкі”. А за незаконную перавозку,  захоўванне алкагольных напояў уласнай вытворчасці і іх продаж у адміністрацыйным парадку было пакарана 25 чалавек.
У прыватнасці, за выраб самагону да адказу прыцягнуты пенсіянеркі з вёсак Малыя Свіранкі і Клюшчаны, якія “кашаварылі” ў лясах. А вось пенсіянерка з вёскі Сарочча абуладкавала цэх па вытворчасці саракаградуснай прама ў лазні ўласнага дома. Аб’ёмы вытворчасці ўражвалі – у момант рассакрэчвання “кропкі” каля самагоннага апарату знаходзілася каля тоны брагі.
Не супакоіліся самагоншчыкі і ў гэтым годзе. У студзені колькасць канфіскаваных міліцыяй самагонных апаратаў павялічылася з аднаго да чатырох, знішчанай брагі – з 400 літраў амаль да 1,5 тоны, а прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці – з трох да дзевятнаццаці.
Прыведзеныя лічбы яшчэ раз пераканаўча даказваюць неабходнасць самых сур’ёзных адносін да пытання выкаранення п’янства з нашага жыцця. І гэта задача не толькі міліцыянераў з пісталетамі, гумовымі палкамі і наручнікамі, але і ўсёй цвярозай часткі грамадства.


Сяргей ШАРШАНЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений