Па аператыўных зводках міліцыі

09:00 / 03.11.2010
“Патэлефанаваў”

Крадзеж мабільных тэлефонаў доўгі час застаецца адным з галоўных пытанняў у супрацоўнікаў міліцыі. І, нягледзячы на тое, што зараз “мабільных” злодзеяў знаходзяць вельмі хутка, на колькасць здарэнняў гэта ўплывае мала.
Як заявіла жыхарка вуліцы Цэнтральнай з Рымдзюн, 11 кастрычніка з 9.00 да 9.30 з яе пакоя знік мабільны тэлефон. Па гэтай справе ўжо затрыманы аднавясковец жанчыны.



Бярыце беларускае!

Як бы многія ні наракалі на айчыную тэхніку, але ў некаторых яна карыстаецца вялікім попытам.
Так, жыхарка вёскі Альгіняны паведаміла аб тым, што з 10 да 15 гадзін 15 кастрычніка з яе дома быў украдзены ДВД-прайгравальнік маркі “Гарызонт”.
Міліцыянерамі вядзецца следства.



Спакусіліся на спадчыну

Калі доўгі час па незапатрабаваную маёмасць не прыходзяць гаспадары, то яна ідзе ў даход дзяржавы. Але часам бывае, што калі яна нават і запатрабавана, то на яе ўжо паклалі вока злодзеі.
Як паведаміла жыхарка горада Вільнюса, у перыяд часу з 11 па 18 кастрычніка з дома на хутары Гіры, які ёй дастаўся ў спадчыну, невядомая асоба ўкрала дарожны веласіпед і гаспадарчы інвентар.
Міліцыянерамі па гэтай справе ўзбуджана крымінальная справа.



Да халоднай зімы

Чым бліжэй зіма, тым часцей і больш “працуюць” злодзеі.
Жыхарка вёскі Падольцы звярнулася ў міліцыю і паведаміла, што ў ноч на 27 кастрычніка з хлява былі ўкрадзены веласіпед, сякера і чатыры колы з зімовай гумай, а з гаража знікла скураная куртка.
Па гэтаму факту вядзецца праверка.



“Абагравальнікі” нарыхтаваны

Жыхары раёна ўжо амаль закончылі рыхтавацца да зімы. Але ў некаторых грамадзян нарыхтоўкі і закупкі ідуць яшчэ поўным ходам.
*11 кастрычніка ў 14.30 супрацоўнікамі Астравецкага РАУС на вуліцы Кастрычніцкай быў затрыманы жыхар вёскі Ліпнішкі 1956 года нараджэння, які меў пры сабе 1,5 літра самагонкі. Далейшая праверка паказала, што гэтую вадкасць ён набыў у жыхара вёскі Кавалі за 15 тысяч рублёў.
*30 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што мужчына 1971 года нараджэння з вуліцы Быліны, які нідзе не працуе, прадаў жыхару вёскі Палушы паўлітра самагону.
Па гэтых справах складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Антон ЧЫК.