Украли поросят - получили срок

16:14 / 14.08.2017
Матэрыялы гэтай крымінальнай справы нагадваюць старую беларускую казку-прытчу «Ад крадзенага не патаўсцееш». Тую, дзе сын, якому прыйшоў час выбіраць сабе справу жыцця, прыйшоў да бацькі і сказаў, што хоча быць зло­дзеем: не трэба цяжка працаваць – і заўсёды з барышом. «Добра, – сказаў сыну мудры бацька, – рабі, як знаеш». Сын украў у суседняй вёсцы вала, яны з бацькам памералі вяровачкай пуза – і сталі спажываць крадзенае мяса. А калі з’елі і зноў памераліся, аказалася, што сын, які ад кожнага шолаху кідаўся хавацца, схуднеў на «дармовых» харчах, а бацька, які папярэдне схадзіў да чалавека, якога абакраў яго сын, растлумачыў яму ўсё і заплаціў за вала, паправіўся – бо еў не крадзенае, а сваё. 
Часта, аналізуючы, з-за чаго людзі гатовы пайсці за краты, дзіву даешся: няўжо ім так мулка спаць у сваім ложку і так нясмачна есці на сваёй кухні, што дзеля хвіліннага прыбытку яны гатовы пазбавіцца самага дарагога, што ёсць у чалавека, – волі?
У сакавіку трое жыхароў нашага раёна: двое мужчын з Міхалішак і жанчына з Варнян,  якая, мяркуючы па ўсім, была ў іх кампаніі «капітанам», вырашылі разбагацець. Працаваць, адкладваць, эканоміць – гэта доўга і нецікава. А вось украсці – проста і лёгка, як у той казцы: на «пуп» браць не трэба, барыш хуткі і, як здавалася «джэнтльменам удачы», надзейны.
З прадметам крадзяжу таксама доўга «не замарочваліся»: прадпрымальная жанчына пераканала, што лепш за ўсё «браць» парасят са свінчыка. А каб прапажы не заўважылі, трэба падкінуць на іх месца дохлых – з жывёламагільніка. Усё геніяльнае – проста! Збыць здабычу – не праблема: вяскоўцы «з рукамі адарвуць» парасят, якіх, падкарміўшы, можна прадаць за добрыя грошы. І з «купцом», жыхаром вёскі Вашкуны, папярэдне дамовіліся – таго чамусьці не цікавіла, адкуль парасяты, чаму тавар прывязуць ноччу, – галоўнае, што цана прымальная.
Як траім зладзеям удалося беспе­рашкодна трапіць на тэрыторыю свіна­комплекса, як жанчына-«капітанша» маг­ла незаўважна праз акно трапіць у па­мяшканне секцыі, дзе ўтрымліваліся парасяты, і адкрыць дзверы сваім сябрукам па злачыннаму промыслу – гэта ўжо пытанні да кіраўніцтва КСУП «Варняны». З такімі парадкамі застаецца толькі здзіўляцца, што зладзеі ўкралі ўсяго дзесяць парасят, а не вывезлі ўсю секцыю.
На першым часе ўсё ішло па плану: зладзеі выцягнулі з секцыі жывёлін, загрузілі ў машыну, на іх месца падкінулі дохлых, адвезлі сваю здабычу пакупніку, атрымалі грошы – 400 рублёў (увогуле кошт украдзеных парасят быў ацэнены ў 1 170 рублёў, але «камерсантам» хапіла і таго) – і адправіліся святкаваць удала «абцяпаную» справу.
Але, як кажуць, нядоўга музыка гучала… Не патаўсцелі ад крадзенага ні зладзеі, ні пакупнік, які паквапіўся на чужое дабро. Усім ім давялося адказваць перад законам за свае ўчынкі. Прыгавор суда быў не вельмі суровы: кожнаму з удзельнікаў «свінскай» справы прызначылі меру пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на адзін год з адтэрміноўкай выканання прыгавору на адзін год.
Ці пойдзе гэты ўрок на карысць прадпрымальным «свінапасам», ці зразумелі яны, што ад крадзенага не патаўсцееш і што лепш хлеб з вадою, чым турма, – пакажа час.

Анастасія Грабоўская, памочнік пракурора.
Ніна Аляксеева.  

  
Текст: Главный администратор