Разбілі градуснік – выклікайце выратавальнікаў

10:42 / 22.10.2019

Прывітанне, сябры!

Сёння пагаворым на важную тэму. Дарэчы, гэта будзе карысна і дарослым: гутарка пойдзе пра ртуць.

Вашы бацькі павінны ведаць і вам, напэўна, расказвалі, што ртуць вельмі небяспечная. Дзе яна «сустракаецца», я, спадзяюся, вам добра вядома: калі вы захварэеце, то тэмпературу мераеце, хутчэй за ўсё, ртутным градуснікам (хоць зараз многія карыстаюцца электроннымі). У рознай колькасці ртуць ёсць у люмінесцэнтных лямпах, сухіх батарэйках, танометрах і нават у некаторых электрычных званках. І калі гэтыя прыборы разаб’юцца ці адслужаць сваё, іх нельга выкідваць у сметніцу. А некаторыя так і робяць: разбілі градуснік – венікам на шуфлік яго ды да іншага смецця ў вядро. Думаюць, што прыбралі, – і памыляюцца.


Гэта толькі здаецца, што прыбраць ртуць, якая пры ўдары распадаецца на шарыкі, лёгка. Між тым гэтыя шарыкі могуць «схавацца» ў расколінах падлогі, у меблі. Тут трэба памятаць, што гэты метал вельмі хутка выпараецца і яго пара шкодная: яна ўплывае на цэнтральную нярвовую сістэму, органы дыхання і стрававання, селязёнку, печань, ныркі.

Таму, раю вам, калі ў вас разбіўся градуснік, лепш выклікаць выратавальнікаў – для збору ртуці ў іх ёсць спецыяльныя прыстасаванні. Дарэчы, я пацікавіўся ў іх, колькі разоў на год яны выязджаюць на такія выпадкі і колькі часу патрэбна на ўборку. Лічыце самі: у сярэднім здараецца 20 такіх выездаў, а збор ртуці займае самае малае паўгадзіны!

Канешне, можна і самастойна вырашыць праблему – толькі зрабіць усё па правілах: вывесці з пакою людзей і хатніх жывёл, надзець ватна-марлевую павязку і з дапамогай пэндзліка і папяровага канверта ці скотчам асцярожна сабраць шарыкі ртуці ў шкляны слоік з растворам марганцоўкі, праветрыць памяшканне.


Ртуць потым трэба аднесці ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях – гэта на той выпадак, калі ў вас разбіўся градуснік. А вось прыборы, якія адпрацавалі сваё, можна здаць у Астравецкае РУП ЖКГ.

З павагай Ягор

Текст: Главный администратор