Што дзе ўкралі і хто каго пабіў – паведамляе Следчы камітэт
11:57 / 11.12.2018
Часам дзіву даешся, наколькі непераборлівыя зладзеі: да іх рук ліпне літаральна ўсё!
Грошы…
***
200 долараў ЗША і два пачкі цыгарэт прыхапіў нецвярозы жыхар Астравеччыны з дома ў вёсцы Дайлідкі. Грошы ён выцягнуў з кашалька, які ляжаў на кухонным стале, тут жа знаходзіліся і цыгарэты.
За шкодную звычку браць усё, што дрэнна ляжыць, мужчына будзе адказваць па закону.
***
Неаднойчы судзімага мужчыну зноў пацягнула на прыгоды – ён вырашыў абрабаваць гандлёвы павільён у Кямелішках. Замкнёныя дзверы для злодзея не сталі перашкодай: разбіўшы аконнае шкло, ён пранік у памяшканне. У павільёне мужчына браў усё, што траплялася пад руку: грошы, спіртныя напоі, прадукты харчавання і іншыя рэчы. Матэрыяльны ўрон у выніку склаў каля 250 рублёў.
***
Аказваецца, бяды можна чакаць не толькі ад незнаёмцаў, але і ад блізкіх людзей. Так, жыхар раёна пранік у дом сваёй бабулі ў вёсцы Загазь і ўкраў у яе 320 рублёў.
***
Адпачыць па-царску захацеў каля 2 гадзін ночы нецвярозы грамадзянін Расіі. Толькі, бачна, для гэтага ў яго не хапала фінансаў. «Разруліць» праблему мужчына вырашыў, як яму падалося, простым спосабам: узяць грошы там, дзе яны ёсць. Для гэтага злодзей пранік у гандлёвы павільён «Царская карэта» і ўкраў адтуль 186 рублёў. «Царскі» адпачынак абярнуўся для мужчыны крымінальнай справай.
***
Кашалёк, які жыхарка Ашмянскага раёна страціла ў зале чакання астравецкага аўтавакзала, нядоўга заставаўся нічыйным. Новы «гаспадар» не стаў абцяжарваць сябе пошукамі былога ўладальніка і забраў знаходку сабе. Агульны матэрыяльны ўрон склаў каля 210 рублёў.
Па ўсіх пералічаных крадзяжах узбуджаны крымінальныя справы.
Паліва…
***
Вадзіцель пагрузчыка «Амкадор», жыхар горада Ашмяны, падчас работы на тэрыторыі асфальтабетоннага завода ДРБУ №159 у вёсцы Ізабеліна ўкраў 121,5 літра дызельнага паліва і 18 літраў маторнага масла. Сума матэрыяльнага ўрону склала 260 рублёў.
***
Трактарыст-машыніст КСУП «Міхалішкі» ў перыяд са жніўня 2017 года па май 2018 года перыядычна зліваў з бака трактара «Джон-Дзір» дызельнае паліва. У агульным ён украў 363 літры на суму 383,32 рубля.
Мабільныя тэлефоны…
***
Жыхар Воранаўскага раёна не знайшоў свой мабільнік, які ён пакінуў у падсобным памяшканні на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС. Кошт украдзенага склаў 335 рублёў.
***
Жыхар Гомельскай вобласці паквапіўся на мабільны тэлефон астраўчаніна: забраў яго з кішэня курткі ў памяшканні для адзення на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС. Тым самым злодзей нанёс гаспадару матэрыяльны ўрон на сумму 400 рублёў.
І іншае
***
Апрануцца на зіму за чужы кошт вырашыў жыхар Гомельскай вобласці. Для гэтага ён, знаходзячыся ў нецвярозым стане ў клубе «Блэк бар», прыхапіў з гардэроба пяць адзінак верхняга адзення. Украдзенае «пацягнула» на 394 рублі.
***
А жыхар Омска, бачна, хацеў падрыхтавацца да зімняй рыбалкі. Выпіўшы для смеласці, ён спачатку зайшоў у гандлёвы павільён «Чэмпіён спорт» і выйшаў адтуль, не разлічыўшыся, са спартыўным касцюмам коштам 140 рублёў. Затым мужчына зазірнуў у магазін «Рыбалоў» – там яму прыйшоўся даспадобы зімовы касцюм на суму 190,5 рубля. Аднак дармовы шопінг не сышоў злодзею з рук – расплачвацца давядзецца па закону.
***
Збіўшы навясны замок, злодзей пранік на будоўлю дома ў мястэчку Гудагай і вынес адтуль электрадрэль коштам 60 рублёў.
***
Музычную калонку коштам 69 рублёў украў расіянін з гандлёвага павільёна «Сірыус».
***
Жыхару Астравецкага раёна для шчасця не хапала… дэкаратыўных туй: на ўчастку дома па вуліцы Камарова ў Астраўцы ён выкапаў 23 туі. Матэрыяльны ўрон склаў 230 рублёў.
Ад змены ахвяр вынік не мяняецца
Сумеснае распіццё спіртных напояў мужа і жонкі нярэдка заканчваецца скандалам з пабоямі, а часам – і больш сур’ёзнымі злачынствамі. Аднак калі раней пацярпелымі часцей былі жанчыны, то ў апошні час усё мяняецца.
П’янымі разборкамі закончыліся пасядзелкі з гарэлкай астраўчанкі і яе мужа. Жанчына схапіла нож і ўдарыла ім мужа ў спіну, нанёсшы яму цяжкія цялесныя пашкоджанні.
***
Аналагічны выпадак адбыўся непадалёк ад аграгарадка Гервяты. Жанчына з сужыцелем распівалі спіртное, нешта не падзяліўшы, пачалі сварыцца. Каб даказаць сваю правату, жанчына паласнула мужчыну нажом у жывот.
У адносінах да агрэсіўных жанчын узбуджаны крымінальныя справы.
На ўсялякі выпадак
…вырашыў схаваць жыхар раёна вінтоўку, якую знайшоў у вёсцы Падліпяны.
Зброя была прыгодная для стральбы, таму мужчына прывёз яе дадому і схаваў у паветцы. Аднак усё патаемнае становіцца відавочным: вінтоўку знайшлі і канфіскавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Мужчыне давядзецца адказваць за свой учынак па закону.
Марэк СІНКЕВІЧ,
намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.