Пагранічнікі знайшлі буйную партыю кантрабандных цыгарэт

07:52 / 23.11.2011

15 лістапада на ўчастку паста "В. Страча" ў лесе ў 50 метрах ад лініі дзяржаўнай мяжы пагранічным нарадам былі знойдзены прыкладна 19,5 скрынак (9750 пачак) цыгарэт “Прэм’ер” з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.
Пагранічнікамі была арганізавана засада. Зараз праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для ўстанаўлення асоб, якія былі задзейнічаны ў супрацьпраўнай акцыі.
Папярэдні кошт цыгарэт – 25 мільёнаў 838 тысяч рублёў.

Трое вартаўнікоў з вышэйшай адукацыяй вырашылі крыху падзарабіць. Справа была б простай, калі б тут не былі замешаны былыя супрацоўнікі МУС. Са слоў гэтых грамадзян, яны прыехалі ў лес за дровамі і нечакана знайшлі вялікую колькасць цыгарэт, якія і загрузілі ў аўтамабіль. Пасля гэтага іх затрымалі пагранічнікі. Перапраўляць цыгарэты ў Літву яны нібыта не збіраліся.
Вось жа што адбывалася на самой справе. У 7.55 16 лістапада на ўчастку пагранічнага паста “Кямелішкі” ў 50 метрах ад дзяржаўнай мяжы пагранічным нарадам з прымяненнем партатыўнага цеплавізара “Сыч” быў агледжаны легкавы аўтамабіль “УАЗ”. У ходзе праверкі было знойдзена 29490 пачак цыгарэт “Фэст” вытворчасці і з акцызнай маркай Рэспублікі Беларусь, 500 пачак цыгарэт “Св. Георгій” з акцызнай маркай Расійскай Федэрацыі.
На грамадзян, якія перавезлі цыгарэты, былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння, у адпаведнасці з якімі прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь.
Цыгарэты перададзены ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкаму раёну.
Папярэдняя сума неажыццёўленай кантрабанды – 65 мільёнаў 978 тысяч рублёў.


У той жа дзень у пункце пропуску “Каменны Лог” пагранічным нарадам з удзелам інспектара Ашмянскай мытні ў грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, якая па “зялёнаму” каналу ішла з Літвы ў Беларусь, у сумцы з асабістымі рэчамі была знойдзена незадэклараваная валюта: 21 тысяча 780 еўра.
Нагадваем, што ў адпаведнасці з Пагадненнем аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання праз мяжу Мытнага саюза, а таксама пераліку тавараў для асабістага карыстання, якія дапускаюцца да перамяшчэння праз пункты спрошчанага пропуску, замежная валюта, беларускія рублі, дарожныя чэкі звыш 10000 долараў ЗША ў эквіваленце належаць дэклараванню.
Супрацоўнікамі Ашмянскай мытні канфіскавана 14 тысяч 436 еўра.


Прэс-служба Смаргонскай пагрангрупы.