Баскетбольныя Рымдзюны

15:21 / 13.08.2010
Восьмы міжнародны турнір па баскетболу сярод літоўскіх абшчын прайшоў у мінулую суботу ў нашым раёне.

Баскетбол для Літвы – бадай што найгалоўнейшы від спорту. Як сказаў вядомы літоўскі баскетбаліст Хомічус – гэтыя словы прыгадаў на ўрачыстым адкрыцці турніру намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла – баскетбол для Літвы больш чым спартыўная гульня – гэта стыль жыцця, другая рэлігія. І тое, што сярод літоўскіх абшчын Еўропы вось ужо восьмы раз праводзіцца баскетбольны турнір – лішняе таму пацвярджэнне.
Летась падобны праходзіў у Германіі. Сёлета намаганнямі старшыні міжнароднага клуба “Гервечай” Альфонсаса Аўгуліса, які, па яго словах, даўно марыў прывезці Еўропу на сваю малую радзіму – у Рымдзюны і Гервяты, ён прайшоў у Беларусі, на Астравеччыне.
Грандыёзныя намаганні, каб спаборніцтвы прайшлі на вышэйшым арганізацыйным узроўні, прыклаў раённы выканаўчы камітэт. Каб госці адчувалі сябе камфортна на беларускай зямлі, паклапаціліся і работнікі культуры, спажывецкай кааперацыі, сферы абслугоўвання. А найбольш клопатаў выпала на долю супрацоўнікаў аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Але намаганні каштавалі таго: пабачыць на свае вочы вялікі баскетбол, які панаваў у мінулую суботу ў Рымдзюнах і Гервятах, і нават пагуляць у яго — рэдкая ўдача, і спартсмены скарысталі яе па поўнай. 
У турніры прынялі ўдзел дзесяць каманд. Афіцыйна краін-удзельніц было заяўлена шэсць – Літву прадстаўлялі баскетбалісты з Друскенінкая і літоўскага клуба “Тургеляй”, гонар беларускага сцяга адстойвалі гаспадары – каманды Рымдзюн і Гервят. З Германіі прыехалі тры каманды: “Жальчай”, “Кёльн-Бона” і “Гамбург”. Свае каманды сфарміравалі прадстаўнікі Англіі, Даніі і Швейцарыі. Але спадар Аўгуліс у прыватнай гутарцы расказаў, што на самой справе ігракі прадстаўляюць на турніры 16 краін свету, проста не ўсе змаглі сфарміраваць уласныя каманды, і таму “ўліліся” ў іншыя. Па палажэнню, стаць іграком турніру можа любы выхадзец з Літвы ці член яго сям’і – а цяпер, з уступленнем краіны суседкі ў Еўрасаюз, такіх у Еўропе нямала.
Восьмы міжнародны турнір па баскетболу прысвячаўся знамянальнай даце, якая сёлета адзначаецца ў многіх краінах свету, — 600-годдзю Грундвальскай бітвы. Дарэчы, менавіта Грунвальд даў назву самаму папулярнаму ў Літве спартыўнаму таварыству: “Жальгірыс” у перакладзе азначае Грунвальд.
Невыпадкова, што на турнір прыехаў яго прэзідэнт, які да таго ж з’яўляецца намеснікам прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Літвы Вітаўтас Ненюс. Ён услед за намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам прывітаў удзельнікаў турніру на адкрыцці і выказаў падзяку Астравецкаму райвыканкаму за немалыя намаганні па яго падрыхтоўцы і правядзенні. Аб тым, што гэты турнір з’яўляецца чарговым крокам ва ўмацаванні добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Літвой, гаварыла ў сваім прывітальным слове супрацоўніца аддзела па справах рэлігій і нацыянальных меншасцей Гродзенскага аблвыканкама Ганна Рыгораўна Марэцкая. І яшчэ да пачатку вялікай гульні ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі сімвалічныя медалі, вырабленыя з саломкі майстрыхамі раённага Дома рамёстваў – як сімвал таго, што прайграўшых у гэтых спаборніцтвах быць не можа, у любым выпадку перамогуць дружба і добрасуседскія адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі.
Але ў спартсменаў свае метады ўмацавання дружбы і міжнацыянальных адносін. І неўзабаве яны, разбіўшыся на дзве групы, сталі іх дэманстраваць. У групе А, якая высвятляла адносіны ў спартыўным зале Рымдзюнскай сярэдняй школы, гулялі ўсе тры германскія каманды, а таксама Данія і Друскенінкай. У групе В, што выйшла праверыць у гульні новыя баскетбольныя шчыты, якія райвыканкамам спецыяльна набыў да гэтага турніру ў Гервяцкі ФАК, увайшлі баскетбалісты Гервят, Рымдзюн, Англіі, Швейцарыі і каманда “Тургеляй”.
Трэба адзначыць, што ўзровень каманд быў розным: калі некаторыя прадстаўлялі ну вельмі аматарскі баскетбол, то ў іншых гулялі ўдзельнікі нацыянальных баскетбольных турніраў – і на выніках гэта адразу было відаць. Да таго ж па палажэнню каманды былі змешаныя: сярод шасці ігракоў пад кальцом павінна была быць адна дзяўчына, і там, дзе баскетбалістка была моцным іграком, каманда выйгравала апрыоры: усе ачкі, прынесеныя прадстаўніцай слабай паловы, аўтаматычна падвойваліся.
Пасля адборачных гульняў у чвэрцьфіналы выйшлі з групы А каманды Даніі, Друскенінкая, “Жальчай”і “Кёльн-Бона”. У другой групе скрозь “сіта” прабіліся, да невыказнай радасці землякоў, “Гервяты”, “Тургеляй”, Англія і Швейцарыя.
У стыкавых гульнях Друскенінкай упэўнена перамог “Тургеляй”, а Англія – Данію. “Жальчай” у гульні са Швейцарыяй ішлі ачко ў ачко, але немцы аказаліся ўсё ж мацнейшымі. Асабліва крыўдна за гервяцкіх баскетбалістаў, якія ў роўнай гульні саступілі немцам з каманды “Кёльн-Бона”.
У першым паўфінале сустракаліся Друскенінкай і “Кёльн-Бона” – і, як і ў падгрупе, лепшымі аказалі літоўскія баскетбалісты. У другім, нягледзячы на роўную гульню, Англія ўпэўнена перамагала “Жальчай”, які затым адыграўся ў гульні за трэцяе месца: перамог суайчыннікаў з каманды “Кёльн-Бона”.
Да канца дня стала зразумела, што ў турніры пераможа больш вынослівы, бо за цэлы ігравы дзень, да таго ж такі спякотны, як выдалася мінулая субота, стаміліся ўсе. І калі ігракі Англіі падышлі да судзейскай калегіі і запатрабавалі іграць не два таймы па дзесяць хвілін, як было ва ўсіх гульнях на турніры, а чатыры, гэта падалося дзіўным. Пазней стала зразумела, што англічане проста прымянілі граматны стратэгічны прыём. Першыя два таймы яны “завальвалі” гульню і моцна прайгравалі Друскенінкаю – розніца даходзіла да 20 ачкоў. А затым у гульні літоўскіх баскетбалістаў стала адчувацца стомленасць – і гэта скарысталі англічане. У трэцяй дзесяціхвілінцы яны скарацілі разрыў, у чацвёртай гульня ішла ўжо ачко ў ачко. А за хвіліну да фінальнага свістка англічане літаральна вырвалі перамогу ў фінале 60:57 і, адпаведна, у турніры. Друскенінкай стаў другім, германскі клуб “Жальчай” — трэцім.
Падчас урачыстага завяршэння турніру яго пераможцы атрымалі ганаровыя кубкі, лепшыя ігракі – падарункі, а ўсе ўдзельнікі – Ганаровыя граматы і дыпломы. Так што прайграўшых – тых, хто паехаў дамоў без узнагарод – і сапраўды не было. І тое, што на восьмым міжнародным турніры па баскетболу сярод літоўскіх абшчын галоўным пераможцам стала менавіта дружба, аспрэчваць ніхто не стане.


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.