Один день с коллективом пропускного пункта «Лоша»

11:46 / 26.05.2017

_MG_9536.JPGКрыху больш за тры месяцы назад спрошчаны пункт пропуску “Лоша” стаў працаваць у статусе міжнароднага –  тут цяпер беларуска-літоўскую мяжу  перасякаюць грамадзяне ўсіх краін  свету ў кругласутачным рэжыме.

Напярэдадні Дня пагранічніка мы наведаліся на пункт пропуску Лоша, каб даведацца,  як праходзіць дзень ваеннаслужачых органаў пагранічнай службы.

З 29 снежня 2015 года аддзяленне пагранічнага кантролю “Лоша” ўзначальвае Андрэй Сцяфанавіч  Ражко.  Менавіта тады ў рамках пераходу пункта пропуску ў статус міжнароднага было створана асобнае падраздзяленне, а на гэтым участку беларуска-літоўскай мяжы пачаўся эксперымент, які пацвердзіў, што дадатковы  пункт пропуску будзе запатрабаваны ў грамадзян розных краін.

–            За час работы пункта пропуску ў статусе міжнароднага граніцу перасякалі грамадзяне 30 дзяржаў, –  расказвае Андрэй СцяфанавічРабота мытні тут  пакуль што  не арганізавана, таму  дзейнічаюць абмежаванні па правозе тавараў у адпаведнасці з заканадаўствам.

IMG_2461.JPGАмаль 20 гадоў Андрэй Сцяфанавіч ахоўвае рубяжы нашай краіны. Пачынаў кантралёрам на пункце пропуску “Катлоўка”, была ў  яго прафесійнай дзейнасці служба на  пунктах пропуску на чыгуначнай станцыi Гудагай, потым – на “Лошы”, другое вяртанне на пункт пропуску “Катлоўка”  і зноў – на пункт пропуску “Лоша”.

–           Пасля службы ў арміі цвёрда вырашыў, што хачу быць ваенным, –  расказвае сённяшні начальнік аддзялення пагранічнага кантролю “Лоша”. –  Органы пагранічнай службы былі абраны невыпадкова: нарадзіўся на Астравеччыне, вучыўся  ў Спондаўскай школе, пра службу на граніцы ведаў не па чутках – Дзяржаўная мяжа была недалёка. Сумненняў у выбары прафесіі не ўзнікала.

Не ўзнікла іх і падчас службы.  Сёння афіцэр не ўяўляе свайго жыцця  без мяжы і яе аховы.

 Гэтак жа мэтанакіравана ішоў да ажыццяўлення сваёй мары і намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Лоша” Максім Мікалаевіч Лёнін.

 Пасля школы малады чалавек паступіў у Ваенную Акадэмію на пагранічны факультэт, а заканчваць давялося Інстытут пагранічнай службы.

–           На першым  курсе  вучыцца было складана, але не лягчэй і ў грамадзянскіх ВНУ. Потым прыйшло ўсведамленне, што гэта менавіта тое, чым я хачу займацца, –  расказвае Максім Мікалаевіч.

На Астравеччыну маладога спецыяліста, выпускніка Інстытута пагранічнай службы,  прывяло размеркаванне. Служба на пунктах пропуску “Каменны Лог” і “Катлоўка”, выкананне абавязкаў намесніка начальніка змены, потым – начальніка змены – і новыя  месца службы і пасада.

 У аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Лоша” Максім Мікалаевіч з 17 лютага бягучага года выконвае абавязкі  намесніка начальніка аддзялення пагранічнага кантролю.

–           Колькасць пасажыраў, якія праязджаюць праз наш пункт пропуску,  вырасла амаль утрая. Калі напачатку гэта былі грамадзяне Беларусі і Літвы, то цяпер граніцу тут перасякаюць жыхары розных краін. Асноўная нагрузка на супрацоўнікаў паста кладзецца ў пятніцу і выхадныя дні –  паток машын амаль не спыняецца.

Мы наведваліся ў пункт пропуску “Лоша” ў чацвер, але і тады аўтамабілі перасякалі мяжу няспынна – адпачываць пагранічнікам не было калі. А аўтамабілістам было камфортна – граніцу яны “праходзілі”  ў лічаныя хвіліны.

_MG_9519.JPG_MG_9526.JPG

Астраўчанін Алег Анатольевіч Раўдановіч у органах пагранічнай службы –  другі месяц. Сказаць, што гэта была мара дзяцінства,  юнак не можа. Хаця падчас вучобы ў школе бываць на пагранкамендатуры “Гудагай” даводзілася часта.

–            Расповеды пра вайсковае жыццё, сустрэчы з кінолагамі і іх падапечнымі  – сабакамі  – усё гэта было цікава. Праўда, пра службу на мяжы я тады не марыў, –  расказвае Алег.

Жыццё ж распарадзілася па-свойму: пасля школы юнак скончыў аўтамеханічны каледж у Мінску і вырашыў паслужыць Радзіме.

            Звярнуўся ў пагранкамендатуру, сабраў неабходныя дакументы – не прайшло і двух месяцаў, як апынуўся у аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Лоша”.  Прэстыжна, ганарова і цікава, –  характарызуе сваю службу хлопец, асноўная задача якога – агляд транспартных сродкаў.

Такія ж абавязкі ў той дзень былі ўскладзены і на Дзмітрыя Валер’евіча Цікоту, служба якога пачалася сем гадоў назад на пункце пропуску “Каменны Лог”.

_MG_9533.JPG_MG_9522.JPG

 Менавіта з гэтым месцам у Дзмітрыя звязана шмат успамінаў. Тут яму давялося аказваць медыцынскую дапамогу пасажыру, якому стала дрэнна. І Дзмітрый – выпускнік Мінскага медыцынскага каледжа – годна справіўся з задачай  і выратаваў чалавеку жыццё.

На службе юнак пазнаёміўся  і са сваёй  будучай жонкай  Таццянай.   Спачатку маладых людзей аб’ядналі  прафесійныя абавязкі, а потым – і сямейныя.

Ужо год Дзмітрый Валер’евіч служыць у пункце пропуску “Лоша”  і ўдзячны жыццю, што некалі падштурхнула яго да  пагранічнай службы.

Лёсавызначальным стаў пункт пропуску “Лоша” і для кантралёра Ірыны Валер’еўны Апановіч.

 Ірына, у дзявоцтве Пціцына, нарадзілася і жыла ў Смаргоні. У гэтым жа двары жыў Аляксандр Апановіч. Магчыма,  некалі яны і сустракаліся – толькі ні разу іх позіркі  не перасякаліся,  і яны не ведалі адзін аднаго. А  пазнаёміліся маладыя людзі  менавіта у пункце пропуску Лоша.

 У 2013 годзе дзяўчына прызвалася у аддзяленне пагранiчнага кантролю “Гудагай 2”, потым  – перавялася у аддзяленне пагранiчнага кантролю “Лоша”. На той час Аляксандр таксама служыў у гэтым падраздзяленнi.

–            Пазнаёміліся мы на пункце пропуску “Лоша”, –  расказвае Ірына Валер’еўна.  –  І, напэўна, калі б не служба, нашай сям’я і не было  б.

Яны і цяпер служаць разам – толькі ў розныя змены.

–            Канешне, складана, –  усміхаецца Ірына.  –  Аднак усё можна вырашыць – варта гэтага хацець.

Калі Ірына Валер’еўна прыйшла на пункт пропуску “Лоша”,  ён працаў як спрошчаны. Тады яго перасякалі жыхары прыгранічных тэрыторый дзвюх суседніх краін.

–            З лютага гэтага  года ўсё змянілася: колькасць людзей, перасякаючых мяжу, значна, павялічылася. І наша задача – зрабіць так, каб усё праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам, без затрымак і з камфортам для людзей.

Амаль усе,  з кім давялося ў той дзень сустрэцца, – людзі сямейныя. Прычым, і муж,  і жонка – ваеннаслужачыя.

–           Гэта заканамернасць ці ўсё ж супадзенне? – пытаюся ў намесніка начальніка АПК “Лоша” Максіма Мікалаевіча Лёніна.

–           Хутчэй супадзенне, –  адказваае ён. – Хаця, па праўдзе кажучы, калі муж і жонка аб’яднаны адной прафесійнай дзейнасцю, яны лепш разумеюць адзін другога – і праблем у сям’і ўзнікае менш.

Не бачыць цяжкасцей у такой “сумеснай” службе і кантралёр Аксана Валянцінаўна Жалдыбіна. Яе муж – таксама ваеннаслужачы: ён служыць у аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Гудагай 1”,  Аксана – у аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Лоша”. А,  між тым,  дома маму і тату чакаюць чацвёра дзяцей.

–           Такі графік работы ў першую чаргу стварае цяжкасці для дзяцей – яны рэдка бачаць маму і тату разам, –  усміхаецца Аксана Валянцінаўна. –  Для нас жа  служба – абавязак, стыль жыцця, які мы выбралі  самі.

Быць ваеннаслужачай Аксана марыла з дзяцінства. Па-першае, жанчына ў форме – гэта стыльна і прыгожа. А па-другое, прыкладам быў дзядуля – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзяўчына хадзіла з ім на парады, прымала ўдзел у ветэранскіх мерапрыемствах, а дзядулевы ўзнагароды выклікалі захапленне.

–            У 2005 годзе мяне прызвалі у аддзяленне пагранiчнага кантролю “Гудагай 2” – чыгуначны пункт пропуску для таварных цягнікоў, потым служыла ў Смаргонскай пагранічнай групе, зноў – у  аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Гудагай 2”. Цяпер – у  аддзяленнi пагранiчнага кантролю “Лоша”. Служба на мяжы – адказная справа: адначасова працуеш і з дакументамі, і з людзьмі – і трэба  нічога не ўпусціць, –  расказвае  Аксана Валянцінаўна.

А што думаюць пра работу міжнароднага пункта  пропуску грамадзяне, што перасякаюць мяжу? – аб гэтым мы пацікавіліся ў тых, хто ў той дзень праязджаў праз “Лошу”.

           У апошні час даводзіцца часта праз граніцу ездзіць, –  расказаў мінчанін. – Гэта звязана з удзелам у спаборніцтвах, якія праходзяць у Прыбалтыцы. Праз гэты пункт пропуску можна перавозіць толькі асабістыя рэчы – аднак  мяне гэта цалкам задавальняе. Асноўная прычына  – тут няма чаргі. А па-другое, і ў  гэтым я  неаднаразова упэўніваўся – тут працуюць адказныя людзі, якія ўсё робяць хутка і якасна.

Дарэчы, на міжнародным пункце пропуску арганізавана работа супрацоўнікаў Белдзяржстраху – і пры неабходнасці аформіць страхавы сертыфікат можна на месцы.

Сустрэча з супрацоўнікамі гэтай змены яшчэ раз пацвердзіла, што быць пагранічнікам – адказна і ў той жа час ганарова. Ваеннаслужачыя  на працягу сутак працуюць у рэжыме нон-стоп, ахоўваючы граніцу   і інтарэсы нашай краіны.

Для даведкі: “Лоша-Шумскас” ужо трэці міжнародны пункт пропуску ў Астравецкім раёне. Яшчэ адзін аўтамабільны размешчаны ў Катлоўцы, а чыгуначны – у Гудагаі.

Текст: Главный администратор