Рэгістратары выйшлі на вуліцы Астраўца

09:56 / 09.11.2018
1

Чарговы этап перапісу насельніцтва праходзіць у Астраўцы з 6 па 30 лістапада.

У гэты перыяд чатыры рэгістратары з ліку работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны абысці ўсе вуліцы горада, каб удакладніць пералік і характарыстыкі ўсіх пабудоў – як тых, якія дзейнічаюць, так і тых, што знаходзяцца на стадыі будаўніцтва, у якіх жывуць або могуць жыць людзі на момант правядзення перапісу, а таксама нежылыя пабудовы, занятыя арганізацыямі.

875.jpg

“Планшэтны” перыяд тычыцца населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва больш за 3 000 чалавек, таму на Астравеччыне ён закране толькі раённы цэнтр. Спісы вёсак будуць складаць сельвыканкамы.

Як гэта адбываецца

Кожнаму рэгістратару выдзелена тэрыторыя для абходу і планшэт з электроннай картай горада. Астравец вадзелены на тры ўчасткі, на аднаго рэгістратара прыходзіцца 700 дамоў.

674.jpg

Карта ўяўляе сабой “жывую” аснову з нанесенымі на яе дарогамі, вуліцамі, будынкамі, межамі ўчасткаў і адрасамі. Задача рэгістратара – зверыць і пры неабходнасці ўнесці новыя дадзеныя аб месцазнаходжанні аб’екта, яго назначэнні, колькасці кватэр і пад’ездаў – і гэтак далей.

Пры сабе рэгістратар павінен мець пасведчанне, пашпарт, планшэт, а таксама свісток і ліхтарык – для бяспекі.

Працаваць на сваіх участках рэгістратары будуць з 9 да 18 гадзін. Іх рух па тэрыторыі фіксуецца.

08.jpg

– Кожная раніца рэгістратараў пачынаецца з планёркі, на якой пасля аналізу папярэдняга дня вызначаюцца праблемы, з якімі яны сутыкнуліся або могуць сутыкнуцца, – гаворыць начальнік аддзела статыстыкі Астравецкага райвыканкама Святлана Віктараўна Шлыковіч. – Пакуль стаіць добрае надвор’е, мы пастараемся ахапіць як мага больш адрасоў.

– Вам даручана адказная справа дзяржаўнай важнасці, – звярнуўся да рэгістратараў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – У наступным годзе пройдзе ўсеагульны перапіс насельніцтва, які будзе абапірацца на вашу інфармацыю. Так што рабіце сваю справу адказна і павольна – часу хапае. Будуць цяжкасці, звяртайцеся – разам мы вырашым любую праблему.

Раждзествіна Анастасія.jpg

НАПАМІНАЕМ

Перапіс насельніцтва ў Беларусі адбудзецца ў кастрычніку 2019 года.


Домаўладальнікам

Калі вы не паспелі ўстанавіць шыльду або аншлаг, паспяшайцеся: абыход па вуліцах Астраўца ўжо пачаўся, вось-вось пачнуць гатавацца і спісы іншых населеных пунктаў раёна!

01.jpg

Текст:
Фото: Ольга Хотянович