Стаць Дзедам Марозам так проста…
Штогод рэдакцыя газеты сумесна з раённымі арганізацыямі «Беларускі саюз жанчын» і «Беларускі дзіцячы фонд» праводзяць акцыю «Ёлка жаданняў» – дзеці, якія знаходзяцца ў Варнянскім дзіцячым сацыяльным прытулку, пішуць пісьмы Дзеду Марозу, а дарослыя дапамагаюць чараўніку ажыццявіць іх жаданні.
Сёлета навагоднія святы ў прытулку будуць сустракаць чацвёра дзяцей.
І ў кожнага з іх ёсць запаветная мара, якой дзеці падзяліліся з Дзедам Марозам.
Сняжана (13 гадоў)
Дзяўчынка ў прытулку – самая дарослая. Яна вучыцца ў 7 класе, і, як і ўсе, верыць у цуды..
Сняжана вельмі сумуе па маме і тату і марыць хутчэй вярнуцца дамоў. Але калі гэта Дзед Мароз выканаць не ў стане – усё ж і чараўнікі не на ўсе цуды здольны, – то хацела б атрымаць мабільны тэлефон, каб у любы момант можна было патэлефанаваць маме. А яшчэ – прыгожыя шапку і шарф, зімовыя боцікі і куртку.
Эрыка (7 гадоў), Макар (6 гадоў), Сяргей (5 гадоў)
У мінулым годзе Эрыка, Макар і Сяргей Каляды і Новы год таксама адзначалі ў прытулку. Так сталася, што і сёлета святы яны правядуць не з роднымі.
Эрыка, як сапраўдная дзяўчынка, любіць усё прыгожае і марыць навучыцца рабіць прыгожыя прычоскі. Для гэтага ёй патрэбны банцікі, гумкі і заколкі для валасоў. А яшчэ яна марыць пра прыгожую ляльку і цацачную гітару.
Яе малодшы брацік Макар таксама з нецярпеннем чакае навагодняе свята і марыць пра робата на пульце кіравання і прыгожую машынку.
Самы маленькі з гэтай сям’і – Сяргей – верыць, што Дзед Мароз прынясе яму цукеркі, торт і фрукты, а таксама машынку на пульце, пазлы, фламастары і альбом.
Ажыццявіць гэтыя простыя жаданні дзяцей Дзеду Марозу пад сілу – вядома, калі яму дапаможам мы з вамі.
Адгукніцеся на дзіцячыя пісьмы, прынясіце свае ахвяраванні або падарункі для дзяцей з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў рэдакцыю раённай газеты (вуліца Энгельса, 2 «А») ці ў РА БСЖ (раённы выканаўчы камітэт, 2 паверх, Наталля Баніцэвіч) – і адчуйце сябе добрымі чараўнікамі.
Рабіць цуды так проста, асабліва ў гэтыя чароўныя пераднавагоднія дні, – варта толькі вылезці з закаваўшага мноства добрых людзей тоўстага панцыру пад назвай «гэта мяне не тычыцца», каб адчуць ні з чым не параўнальную радасць ад шчаслівай усмешкі дзіцяці.