Шасцідзясятнікі

16:00 / 01.10.2015
Так называлі сябе прадстаўнікі савецкай творчай інтэлігенцыі 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Вальнадумныя, з цвёрда вызначанымі ідэаламі, “адталыя” падчас хрушчоўскай “адлігі” і асмялелыя, яны змаглі стаць адметнасцю грамадства, яго гонарам.
А нядаўна пачула гэтае слова ў адносінах да людзей, якія пераступілі парог свайго шасцідзесяцігоддзя. Спакваля “прымерыла” яго на сябе – а нічога, утульна… Набыўшы ў 55 гадоў статус пенсіянера, мы, жанчыны, нейкі час знаходзімся як бы ў “падвешаным” стане, на раздарожжы – хоць дэ-юрэ і дэ-факта ўжо не працуем на звыклым месцы, але не адарваны ад яго канчаткова. Дый не вызначыліся, чым зоймемся на заслужаным адпачынку, а таму нярэдка ўпадаем у разгубленасць… А ў шэсцьдзясят прыярытэты акрэслены, энергія спраставана ў патрэбнае рэчышча і ваша творчая натура наталяе прагу самарэалізацыі. А калі яшчэ набытыя за шэсць дзесяцігоддзяў балячкі не надта даймаюць, то і ўвогуле жыццё цудоўнае! І мы хапаемся хто за кухонны фартух, хто – за пруткі і клубкі, хто – за любімую кнігу… Кіпіць справа! На радасць нам самім, на пацеху родным і сябрам. Цудоўны ўзрост – шэсцьдзясят!
Не верыце? Спытайце ў маіх гераінь.

учительница зарецкаяЗ настаўніцкай дынастыі


Вольга Міхайлаўна Зарэцкая не з тых людзей, што гатовы гадзінамі распавядаць пра сябе любімых. Наадварот: прыроджаная і замацаваная патрабавальным бацькоўскім выхаваннем сціпласць стварае вобраз строгага і “закрытага” чалавека. Але гэта толькі знешняе ўражанне для тых, хто мала з ёю знаёмы. Шматлікія былыя вучні ведаюць і памятаюць сваю настаўніцу як чулую дарадцу, добрую і разумеючую “другую маму”. І – Педагога з вялікай літары, ад Бога. А калега і суседка Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч згадвае, як маладзенькай настаўніцай прыехала працаваць у школу, дзе вучылася юная Волечка. Дзяўчынка займалася вельмі добра, была першай ва ўсіх вучнёўскіх справах. Зусім не важнічала, хаця бацькі былі настаўнікі (а тата, Міхаіл Андрэевіч Буцянаў, яшчэ і дырэктар школы), ні на якія паблажкі не спадзявалася, дапамагала ў вучобе аднакласнікам, разам з піянерважатай арганізоўвала ранішнікі ды піянерскія святы.
Сярэднюю школу Вольга заканчвала ўжо ў Астраўцы. Па сло вах колішняга класнага кіраўніка Марыі Паўлаўны Леановіч, клас, у якім яна вучылася, быў самым разумным, дапытлівым, вясёлым і спартыўным. І самым дружным. У блакітнавокую светлавалосую Волечку адразу закахаліся ўсе хлопчыкі. Яе ж прыхільнасць выявілася пазней, вылілася ў вялікае каханне, якое напрыканцы студэнцкіх гадоў закончылася шлюбам. А пакуль на першым месцы была вучоба. У выбары жыццёвага шляху ваганняў не было – вядома ж, педагогіка.
– Я была ўпэўнена, што Оля паступіць у інстытут, – вельмі старанная была і мэтанакіраваная, – успамінае Марыя Паўлаўна. – Так і выйшла. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы разам з мужам Яўгенам Зарэцкім вярнуліся ў Астравец, працавала спачатку ў першай школе, а пасля яе падзелу – у другой, якая некаторы час была гімназіяй, а зараз вярнула свой ранейшы статус.
Колькі талентаў выхавала Вольга Міхайлаўна! Колькі цікавых задумак здзейснена, турысцкіх шляхоў пройдзена! Па водгуках вучняў, урокі Вольгі Міхайлаўны былі незвычайныя і запамінальныя. Яе захапленне родным словам не магло не адгукнуцца ў сэрцах дзяцей. То ці дзіва, што яе вучні кожны год атрымлівалі бліскучыя перамогі на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню? А многія пайшлі далей – таксама сталі педагогамі…
Калі б сабраць разам усіх вучняў Вольгі Міхайлаўны, вялікая атрымалася б грамада аднадумцаў і калег.
Час ляціць няўлоўна. Зараз у класы па-сапраўднаму роднай школы штодня ўваходзяць іншыя вучні і настаўнікі. Ну і што? Вольга Міхайлаўна з гэтай нагоды зусім не засмучаецца – і сама спяшаецца на спатканні з калегамі, бывае на вечарах сустрэчы выпускнікоў. Актыўна стасуецца з сябрамі ў сацыяльных сетках… Кожны дзень яе запоўнены справамі – сямейнымі, грамадскімі, належны час аддае захапленням для душы. Словам, жыццё бруіць!

с песней по жизни тарашкевичПесня вядзе па жыцці


З Ларысай Іванаўнай Тарашкевіч мы пазнаёмілася на глебе цікавасці да кіно, яе – прафесіянальнай, маёй – аматарскай. З задавальненнем чытала анатацыі на новыя фільмы, падрыхтаваныя Ларысай Іванаўнай для “Астравецкай праўды”. Нават сумненняў не ўзнікала: пісаў дасведчаны кіназнаўца. А аказалася – работнік культуры, якая па волі лёсу мусіла паспрабаваць сябе ў новым амплуа. І даволі ўдала, варта сказаць.
А потым было вяртанне. Турботная пасада дырэктара раённага Дома культуры, на якой Ларысе Іванаўне даводзілася спалучаць абавязкі адміністратара з арганізацыйнай работай і сцэнічнай дзейнасцю. Святы, паездкі, канцэрты… Без песні яна не ўяўляла свайго жыцця. Гэта была аддушына ў будзённай руціне, у хатніх клопатах
лариса тарашкевич– Ларыса Іванаўна адна гадавала сына, даглядала сваю старэнькую маці. Часам сама здзіўлялася: як на ўсё сіл хапае? А выйдзе на сцэну, запяе любімую “У церкви стояла карета” ці іншую песню са свайго вялікага рэпертуару – і адлятаюць прэч неспакой і трывогі, вяртаецца душэўная раўнавага.
Ларыса Іванаўна з тых людзей, якія нічога не робяць напалову – усё завяршаюць, даводзяць да дасканаласці. Дагэтуль жыхары астравецкіх вуліц памятаюць святы, арганізаваныя работнікамі РДК пад кіраўніцтвам дырэктара. Там нікому не было сумна – кожны мог паказаць свае таленты і творчыя набыткі і ніхто не заставаўся без годнай ацэнкі і музычнага падарунка. Такое помніцца доўга.
Час праляцеў, шаноўны ўзрост надышоў… Думаеце, Ларыса Іванаўна супакоілася, уселася на канапе і пагрузілася ў перыпетыі бясконцых тэлесерыялаў? Не дачакаецеся!
Хіба можа яна прапусціць рэпетыцыю народнага хору ветэранаў працы “Вясёлка”? Без гэтага сяброўскага калектыву яна сябе не ўяўляе. А хто суседскія пасядзелкі ў двары арганізуе – з душэўнымі размовамі, згадкамі, з гарбатай і пірагамі?
Ды ўвогуле, у чалавека актыўнага па жыцці спраў заўсёды хапае. Сумаваць не прыходзіцца.

демешкевичУ абдымках творчасці


Так жартаўліва, але справядліва можна сказаць пра Марыю Іванаўну Дземяшкевіч. Па-першае, таму, што яна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, бясконца ўлюбёная ў роднае слова, умела заўважаць у сваіх вучнях творчыя задаткі і беражліва іх развівала. І выгадавала таленавітую дачку – вядомую ў рэспубліцы паэтэсу і празаіка-казачніцу Інесу Багдзевіч.
Па-другое, Марыя Іванаўна – сапраўдны віртуоз у валоданні пруткамі і кручком. Яе вязаныя кофтачкі, сукенкі, касцюмы выклікаюць непадробнае захапленне ў модніц усіх узростаў, а яе сурвэткі, абрусы – мастацкія шэдэўры.
Творчаму працэсу наканаваны доўгі працяг і запатрабаванасць: унучка Юліяна, дачушка Інесы, мілая прыгажунька, цікавіцца тым, што ўмеюць мама і бабуля, і хоча ўсяму навучыцца. Дай Бог!
А яшчэ Марыя Іванаўна Дземяшкевіч плённа працуе ў раённым савеце ветэранаў і ў клубе “Актыўнае даўгалецце”. Тут таксама без творчага падыходу – аніяк.
Калі ўжо быць шчырымі, то некаторым з нас – 60 з “хвосцікам”. Але хіба гэта што-небудзь мяняе? Не – ні ва ўспрыманні прыгажосці жыцця, ні ў імкненні быць патрэбнымі, ні ў рэалізацыі творчых планаў і задум. Калі часам скардзімся на ўзрост, то толькі за тое, што ён “ставіць падножкі” здароўю. Застаецца толькі пажадаць нам самім сабе: будзем здаровыя! І будзем разам!

войтеховскаяСястра міласэрнасці


Гэта – пра Галіну Архіпаўну Вайцяхоўскую. За доўгія гады працы акушэркай у цэнтральнай раённай бальніцы яна прыняла на свае пяшчотныя рукі не адно пакаленне астраўчан. Потым атрымала навыкі правядзення лячэбнай фізкультуры і дапамагала хворым аднаўляцца пасля працяглага лячэння.
Увогуле, адна з галоўных рысаў характару Галіны Архіпаўны – прага пазнання новага. Тут і нетрадыцыйная медыцына, і травалячэнне, і акупунктура… На кожным пасяджэнні клуба “Актыўнае даўгалецце” яна частуе сяброў духмянай, танізуючай гарбатай з траў, што выраслі на яе агародзе, праводзіць бадзёрыя фізкультхвілінкі. Гэта ўжо неад’емныя атрыбуты ветэранскіх сустрэч.
Галіна Архіпаўна – цудоўная гаспадыня, захавальніца шматлікіх рэцэптаў розных гароднінных нарыхтовак на зіму – марынадаў, засолак, салатаў, варэнняў…
А яшчэ Галіна Архіпаўна, чалавек духоўны, веруючы, любіць паломніцкія паездкі па святых месцах і проста падарожжы, пасля якіх з радасцю дзеліцца з намі ўражаннямі.
А колькі цікавых кніг у яе хатняй бібліятэцы! І кніжныя паліцы з года ў год папаўняюцца!
Ды нездарма Галіну Архіпаўну называюць сястрой міласэрнасці. Яна – кіраўнік і актывістка сястрыцтва пры храме святых апосталаў Пятра і Паўла, арганізуе наведванне хворых, сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, састарэлых людзей, выклікае да іх урачоў-спецыялістаў, сама па меры сіл аказвае практычную дапамогу. Словам, кожны яе дзень запоўнены справамі. Няма часу старэць!

----------------------------------
Таіса Сямёнава.
Фота з архіваў гераінь.