Детское увлечение Виктора Урбановича животными стало основой его профессии

09:00 / 21.09.2015
гордость района УрбановичДа свайго прызвання, поклічу душы і сэрца, чалавек прыходзіць рознымі шляхамі: наўпрост – адразу пасля школьнай парты абірае СВАЮ прафесію, звіліста – праз выпрабаванні, пошукі, гады – але ўрэшце знаходзіць сваё месца ў жыцці. Дарога да сябе і свайго прызвання – палявання – у вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Віктара Мечыслававіча Урбановіча, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, была няпростай.
Паляванне – гэта не проста здабыча жывёлы, а цэлая філасофія з непрапісным кодэксам паляўнічага, традыцыямі; гэта прафесія – стыль жыцця.
Напярэдадні Дня работнікаў лесу, свайго прафесійнага свята, Віктар Мечыслававіч расказаў пра вытокі любові да прыроды, жывёлы і палявання і прыадкрыў заслону асабістага жыцця.

– Віктар Мечыслававіч, ёсць такое меркаванне, што нашы інтарэсы фарміруюцца ў дзяцінстве. А якое яно было ў “галоўнага паляўніцтвазнаўцы” раёна?
– Нарадзіўся я на Астравеччыне на хутары Юзуліна. Мама Сабіна Канстанцінаўна працавала паштальёнам, а тата Мечыслаў Іванавіч быў кавалём у калгасе імя Калініна. Наш дом стаяў адзін сярод лесу, да яго з усіх бакоў туліліся елкі, сосны, бярозы, пагэтаму гадаваўся я на ўлонні прыроды. Калі мне споўнілася чатыры гады, бацькі пераехалі ў Дайлідкі, ці, як казалі раней, Даўкшышкі.
Усё лета мы са старэйшай сястрой праводзілі ў бабулі і дзядулі. Я літаральна прападаў у лесе! Дзед раскрыў мне таямніцы “грыбной навукі”. Тады звычайна збіралі толькі баравікі, падасінавікі і рыжыкі, якія бабуля вельмі смачна саліла. На лісічкі ніхто нават і не глядзеў. Побач з вёскай знаходзілася невялікае балота, куды мы хадзілі збіраць буякі.
А найбольш запомнілася – нават і зараз, праз многа гадоў, гэтая карціна стаіць перад вачыма, – як раніцай дзядуля выганяў на пашу кароў. Наваколле запаўняў густы, бы малако, туман, а на ўзлеску красавалася купка ласёў з велічэзнымі рагамі. Яны са здзіўленнем праводзілі позіркам вясковых рагуль.
– Прызнайцеся, лета ўсё ж хутка заканчвалася для вясковага хлапчука, і на змену “лясной” дзедавай навуцы прыходзіла школьная...
– У школе вучыўся, як і ўсе. Пасля Дайлідскай васьмігодкі перайшоў у Астравецкую школу. Мне падабаліся прыродазнаўчыя навукі – геаграфія, гісторыя. А вось да хіміі душа не ляжала, нягледзячы на тое што яе выкладала класны кіраўнік. Больш за ўсё мяне вабіла прырода. Да жывёл цягнула з дзяцінства.
Побач з вёскай была панская сядзіба, каля яе размяшчаліся калгасныя сіласныя ямы. Я часта прыбягаў туды. Залягу і з затоеным дыханнем чакаю, калі звяры будуць пераходзіць. Бывае, зайчык прабяжыць, ліска пройдзе, нават ваўкі паказваліся на ўзлеску. Пачуўшы здалёк іх завыванне, я з усіх ног бег дадому. Сэрца, здавалася, выскачыць з грудзей (усміхаецца).
– У вашай сям’і былі паляўнічыя?
– Заядлых паляўнічых не было. Бацькі на той час будавалі жыллё, пагэтаму тата не меў ніводнай вольнай хвілінкі.
– І вы, канешне, пасля заканчэння школы абралі шлях, звязаны з вашым асноўным дзіцячым захапленнем – цікаванне за жывёламі?
– Я нікуды не паступаў, таму што на той час вучылася старэйшая сястра Галіна. Бацькам было цяжка. Вырашыў для сябе, што адвучуся пасля арміі, калі саспее думка, чым я павінен займацца ў жыцці, пагэтаму адразу пасля школы пайшоў у калгас імя Калініна. Закончыў паскораныя курсы ад сельгастэхнікі, працаваў трактарыстам, а на ўборцы – памочнікам камбайнера. Летам мне споўнілася васямнаццаць гадоў, а на восень мяне забралі ў армію, у групу савецкіх войск Германіі.
Уразіла, што, у параўнанні з нашымі лясамі, там панавала ідэальная чысціня, асабліва ў маладняках: роўненькія дрэўцы, ніякага сучча і галля на зямлі – нібыта ў парку. А прырода ў Беларусі і Германіі вельмі падобная.
Пасля службы вярнуўся на радзіму, стаў працаваць вадзіцелем у родным калгасе. Не хапала будаўнікоў, пагэтаму закончыў адпаведныя курсы ў Бабруйску. У гэты час пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ірынай. Калі пабраліся шлюбам, жылі разам з маімі бацькамі – але патрэбна было сваё жыллё. Свякроў працавала ў тагачасным ПМК-59. Калі вызвалілася месца майстра-будаўніка, перайшоў туды, тым больш што тагачасны дырэктар Іван Іосіфавіч Масальскі абяцаў жыллё. На працягу сямі гадоў працаваў у ПМК- 59, а пасля перайшоў у ДРБУ-159. Мы і драбільны камбінат у Смілгах будавалі, і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, і жыллё ўзводзілі ў Бялькішках...
Дырэктар Астравецкага лясгаса Стратонік Іванавіч Лях надумаў будаваць майстэрню, тут і спатрэбіліся мае веды. Менавіта пачатак 90-х гадоў стаў лёсавызначальным для мяне: я пазнаёміўся з Пятром Зянонавічам Крупеньчыкам, Аляксандрам Васільевічам Дзявятавым – і ўцягнуўся ў паляванне канчаткова. Пасля мне прапанавалі ўзначаліць дрэваапрацоўчы цэх.
– Вы адразу згадзіліся?
– Не, пэўны час вагаўся: будаўніцтва – адно, а прамысловасць – іншае. Думаў: ці пацягну, ці спраўлюся? Аднак рашыўся. Пазней стаў начальнікам прамысловага аддзела – але справа, да якой цягнула ўсё жыццё, не давала спакойна спаць. Нарэшце, калі ў Астравецкім лясгасе задумалі сур’ёзна развіваць лесапаляўнічую гаспадарку і будаваць вальеры, мая мара ажыццявілася. Удзячны дырэктару Рыгору Мечыслававічу Долгаму за давер: мяне прызначылі вядучым інжынерам па паляўнічай гаспадарцы.
Будаўніцтвам вальераў займаліся ўласнымі сіламі ў межах Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады. За адзін год быў гатовы вальер плошчай 84 гектары для ўтрымання аленя высакароднага – 44 асобіны спецыяльна для стварэння новай папуляцыі былі прывезены з Белавежскай пушчы. На вясну завяршылі будаўніцтва вальера (61 гектар) для аленя плямістага, у 2007 годзе – для лані еўрапейскай, якую набылі ў Літве. Для параўнання: мы завезлі 44 высакародных алені, а праз некаторы час выпусцілі 49 асобін.
У 2014 годзе ўзнікла ідэя разводзіць дзіўную і незнаёмую жывёлу – муфлона. Варта адзначыць, што Астравецкі лясгас стаў першым сярод дзяржаўных лесагаспадарчых устаноў, хто на гэта рашыўся.
– З чым гэта звязана і ці апраўдаў сябе эксперымент?
– У сувязі з распаўсюджваннем афрыканскай чумы і значнага змяншэння аднаго з асноўных паляўнічых відаў – дзіка – патрэбна была пераарыентацыя на іншы від.
Папаўненне мы атрымалі праз год – новымі жыхарамі вальераў стала 30 муфлонаў. За гэты час рэалізавана 9 асобін.
– Акрамя вальераў для ўтрымання жывёл, біятэхнічных збудаванняў, патрэбных тэхнікі і абсталявання, лесагаспадарчай гаспадарцы ДЛГУ “Астравецкі лясгас” належаць паляўнічыя дамы... Увогуле, што зараз сабой уяўляюць паляўнічыя комплексы?
– Пасля таго як пабудавалі вальеры, значна ўзрос попыт на паляванне сярод яго айчынных і замежных аматараў. Паляўнічых, асабліва з-за мяжы, патрэбна было размясціць, стварыць для іх сучасныя ўмовы. Прыпыначны пункт паляўнічага не дазваляў у поўных аб’ёмах прымаць гасцей, пагэтаму былі створаны два паляўнічыя комплексы: адзін у Дрэвяніках на базе былой панскай сядзібы, другі непадалёк ад вёскі Быстрыца, дзе можна не толькі займацца паляваннем, але і вудзіць рыбу ў Віліі, ажыццявіць водную экскурсію на лодцы і проста адпачыць. Варта адзначыць, што як на першым, так і на другім комплексе ёсць лядоўня, лазня і ўсё неабходнае для быту турыста ці паляўнічага.
Мы актыўна развіваем новыя накірункі ў паляўнічай справе. З чэрвеня мінулага года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. У нас зараз можна паляваць, акрамя ружэйнага і безружэйнага спосабаў, яшчэ з лука і арбалета.
– Колькі людзей ў вашым падначаленні і якому стылю кіравання вы аддаеце перавагу?
– У нас тры егеры і адзін рабочы, які даглядае ўсю жыўнасць. Разам мы праводзім паляўнічыя туры, пагэтаму, можна сказаць, разумеем адзін аднаго без слоў. Аднак часам я вучу іх, часам – яны мяне. Я заўсёды прыслухоўваюся да іх парад і меркавання: егеры часцей за мяне бываюць у лесе, на мне больш дакументацыя.
– Паляўнічыя, напэўна, сустракаюцца не толькі на паляванні, але і сябруюць у жыцці?
– Сапраўды, гэта так. На паляванні ўсё проста: усе роўныя, незалежна ад прафесійнага і сацыяльнага статусу, і кожны гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу іншаму. Паляванне аб’ядноўвае людзей. Хтосьці з паляўнічых захапляецца сабакаводствам, іншы аддае перавагу паляванню на вадаплаваючую дзічыну ці пушныя віды, камусьці падабаецца хадзіць на капытных з карабінамі.
– А паляванне на які від жывёлы любіце вы?
– Я павінен ведаць і ўмець усё, што тычыцца маёй работы, пачынаючы ад арганізацыі паляўнічага тура і заканчваючы здабычай звера.
Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на працягу двух семестраў нам выкладалі прадмет “Вядзенне паляўнічай гаспадаркі і паляванне”. Мне здавалася, што я шмат ведаю, таму што займаўся самаадукацыяй і чытаў спецыяльную літаратуру, аднак дзякуючы вучобе паглядзеў – і ўбачыў тое, чаго раней не заўважаў.
Мне, як вядучаму інжынеру па паляўнічай гаспадарцы, хочацца, каб памнажалася папуляцыя жывёл, якія знаходзяцца на вальерным утрыманні, каб менш было браканьераў. Варта адзначыць, што іх у апошні час паменшала ў сувязі з узмацненнем адказнасці за незаконную здабычу звера. А вось паляўнічых з-за мяжы ў апошняе пяцігоддзе пабольшала: прыязджаюць людзі з Расіі, Украіны, Іспаніі, Бельгіі, Літвы.
– Ці могуць яны забраць з сабой здабытыя трафеі?
– Можна вывозіць рогі з чэрапам без ніжняй сківіцы, скуры і клыкі.
Мы робім пярвічную прэпарацыю трафея. Потым патрэбна атрымаць спецыяльны ветэрынарны сертыфікат і трафейны ліст на паляўнічага.
– Асабіста вы якім трафеем ганарыцеся найбольш?
– Напэўна, трафеем ваўка, які стаў чэмпіёнам веснавой выставы “Паляванне і рыбалоўства 2014”. Таксама ў мяне ёсць клыкі кабана…
Для іншых стараемся! Бывае, што прыязджаюць нявопытныя паляўнічыя – трэба паказваць, як падысці да таго ж кабана. Для гэтага і створана егерская служба – дружны, старанны, хоць і маленькі калектыў, дзе кожны ведае сваю работу і гатовы выконваць яе хоць удзень, хоць уночы.
– А як вашы дамачадцы адносяцца да таго, што ў мужа і таты ненармаваны працоўны дзень?
– Два сыны Дзмітрый і Аляксандр ужо выраслі і ў іх сваё самастойнае жыццё, а жонка за гады сумеснага жыцця ўжо прывыкла (усміхаецца).
– Вядома, што нашы продкі палявалі на жывёлу выключна дзеля пражыцця, а не задавальнення. Што такое паляванне на сучасным этапе развіцця чалавека?
– Ёсць розныя паляўнічыя: з Расіі, напрыклад, да нас едуць у першую чаргу, каб здабыць мяса. Бываюць яшчэ і “трафейшчыкі”, якія палююць на лася, казулю, аленя ці лань толькі дзеля трафея.
Згодна са спецыяльна распрацаванай міжнароднай сістэмай ацэньвання, трафею прысвойваецца пэўная колькасць балаў, адпаведна ён можа прэтэндаваць на залаты, сярэбраны або бронзавы медаль на выставах. У мяне ёсць пасведчанне эксперта ІІ катэгорыі: магу рабіць толькі папярэднюю ацэнку. На спецыялізаванай выставе “Паляванне і рыбалоўства”, якая праходзіць у нашай краіне двойчы на год, падводзяцца вынікі і вызначаецца чэмпіён.
– Віктар Мечыслававіч, уявіце, што вы эксперт па ацэньванні не трафеяў, а прафесійнай дзейнасці. Якую адзнаку паставілі б сабе?
– Мне здаецца, што адзнака не адлюструе ўсіх змяненняў, якія адбыліся за кароткі тэрмін у паляўнічай гаспадарцы Астравецкага лясгаса. Хочацца, каб у лясах было больш дзічыны і менш браканьераў, каб у вальерах падрастала патомства муфлонаў, ланяў і аленяў і паляпшаліся іх трафейныя якасці. Галоўнае – не сядзець на месцы, а развівацца.
– Некаторыя лічаць, што любы чалавек можа цалкам рэалізавацца ў любой сферы. Ці кожны можа стаць паляўнічым?
– Можна хадзіць на паляванне з ружжом, але не быць паляўнічым. Павінна быць развіта пачуццё паляўнічага: калі на першы план выступае не толькі здабыча звера, а атмасфера, калі ўсе органы пачуццяў абвастраюцца… Мяне ўсё жыццё, з таго самага моманту, калі я ўпершыню ўбачыў непадалёк ад вёскі велічных ласёў, прыцягвае лес, жывёла і прырода.
– Віктар Мечыслававіч, дзякуй за цікавую размову, і з надыходзячым прафесійным святам!

-----------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.