Секрет успеха СПК "Гудогай" открывает его руководитель Эдуард Садовский

15:00 / 17.11.2014
Гэтаму чалавеку, як і многім кіраўнікам, складана знайсці “вольнае акенца” ў сваім шчыльным графіку. Яго тэлефон літаральна “чырванее” ад шматлікіх званкоў – а гэта значыць, што некаму са спецыялістаў тэрмінова патрэбна парада старшыні гаспадаркі. Не паспеюць за Эдуардам Іванавічам зачыніцца дзверы кабінета, як да яго на “аўдыенцыю” выстройваецца цэлая чарга: бухгалтару трэба падпісаць дакументы, кіраўніку прафкама ўзгадніць кандыдатуры для атрымання падзячных пісьмаў з нагоды прафесійнага свята, работнікам культуры дамовіцца аб музычным суправаджэнні... Вольная хвілінка на перадых або часовы адпачынак для гэтага чалавека – недазваляльная раскоша.

Не толькі высокія вытворчыя паказчыкі ў раёне і вобласці вылучаюць СВК “Гудагай” сярод іншых гаспадарак, а таксама яе кіраўнік – Эдуард Іванавіч Садоўскі, партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

Напярэдадні свайго прафесійнага свята Эдуард Іванавіч згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў аб сельскай гаспадарцы ўвогуле і аб кааператыве, які ён узначальвае на працягу шасці гадоў, у прыватнасці, аб стылі кіравання, далейшых планах. І крыху прыадкрыць заслону асабістага жыцця.


– Мне здаецца, што дасягнуць пэўных поспехаў у абранай справе могуць толькі людзі, па-сапраўднаму адданыя ёй. Вы – з гэтай катэгорыі. Аб гэтым сведчаць і вытворчыя паказчыкі СВК “Гудагай” у розных галінах, і яго рэнтабельнасць, і эканамічная дзейнасць кааператыва, і тое, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Эдуард Іванавіч, адкуль вытокі вашай любові да зямлі і да сельскай гаспадаркі?

– Напэўна, яна перадалася мне ад бацькоў.

Нарадзіўся я на Смаргоншчыне ў вёсцы Казяняты ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе: мама Мар’яна Пятроўна – даяркай, тата Іван Антонавіч – механізатарам. І нас – у мяне яшчэ ёсць старэйшыя брат і сястра – бацькі з маленства прывучалі да працы. Калі мне было дзевяць гадоў, тата трагічна загінуў, і маці адна падымала нас траіх. Брат і сястра на той час вучыліся, пагэтаму дома за гаспадара быў я. Мы трымалі, як і ўсе, гаспадарку. З дванаццаці гадоў я на роўных з дарослымі мужчынамі касіў, а пасля заняткаў бег на ферму, каб дапамагчы маці нацягаць кармоў, раздаць іх жывёле. І пытання, кім быць, не ўзнікала. З пятнаццаці гадоў я ведаў, што стану аграномам, пагэтаму пасля заканчэння школы падаў дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Да пачатку вучобы заставалася два месяцы, і за гэты час паспеў яшчэ папрацаваць механізатарам у калгасе. А з верасня пачаў, як кажуць, “грызці граніт навукі” ў выбранай навучальнай установе. Пасля першага курса прызвалі аддаваць “доўг Радзіме”. Праз чатыры гады з дыпломам у руках вярнуўся працаваць у родны калгас “Светлы шлях”.

– Калі зазірнуць у вашу працоўную кніжку, то якія запісы там можна ўбачыць?

– Самы першы запіс: “Прыняты на работу ў якасці механізатара”. Затым ідзе адзнака, што я – загадчык участка. Пасля – “Пераведзены на пасаду намесніка старшыні”. Праз некаторы час я стаў старшынёй СВК “Жодзішкі”. Самы апошні запіс датуецца 2009 годам, калі я ўзначаліў СВК “Гудагай” і перабраўся з сям’ёй на Астравеччыну.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю і блізкіх.

– З жонкай Святланай Мар’янаўнай лёс мяне звёў праз сельскую гаспадарку. Святлана працавала настаўніцай і разам са школьнікамі была ў нашай гаспадарцы на бульбакапанні… З той пары, як бачыце, не разлучаемся.

Зараз яна працуе начальнікам Астравецкага архіва. А дзеці яшчэ вучацца: старэйшая дачка – у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце на эканаміста-міжнародніка, сын ходзіць у 9 клас. Яго прафесійны погляд пакуль фарміруецца, пагэтаму складана сказаць, кім ён стане.

Нягледзячы на тое што ў кожнага свае справы, мы падтрымліваем адзін аднаго.

– Нашы продкі верылі, што сусвет трымаецца на трох кітах, якія нясуць яго на сваіх спінах праз бязмежную марскую прастору. А якія кіты трымаюць вас на паверхні і не даюць патануць у вірлівым жыццёвым акіяне?

– Першы кіт – гэта мая сям’я: самыя блізкія і любімыя людзі. А два другія – напэўна, работа і яшчэ раз работа. (Усміхаецца). Я прывык сябе цалкам аддаваць працы – па-іншаму я не ўмею і не прывык. Лічу, што без справы, якую ты любіш, дасканала ведаеш і разумееш, немагчыма рэалізавацца і знайсці ў гэтым свеце сваё месца. Жонка разумее, што я “працаголік”, што мяне ўжо не выправіш. Нягледзячы на гэта, яна ўсё роўна раўнуе мяне да працы і часам гаворыць жартам, што мая сям’я – гэта калгас.

– Кіраўнік кааператыва і павінен быць такім? Ці не хаваецца ў такой адданасці сваім працоўным абавязкам прыдуманы вучонымі і даказаны жыццём тэрмін праца “на знос”?

– Адказнасць і адданасць – розныя рэчы. Па-першае, кіраўнік павінен быць адказным. Калі ён адносіцца да справы абыякава, то тут нават звышпрадукцыйная работа падначаленых не выратуе. Па-другое, справа павінна радаваць. Нельга жыць у пастаянным нервовым напружанні і ўвесь час азірацца на мінулыя паказчыкі, трэба ўмець радавацца нават невялікім новым дасягненням. Я, напрыклад, калі бачу станоўчыя вынікі ў той ці іншай сельскагаспадарчай галіне нашага кааператыва, адчуваю задавальненне. Мне прыемна, што ў нас добры калектыў і людзі сумленна працуюць, а СВК “Гудагай” трывала знаходзіцца ў складзе мацнейшых гаспадарак вобласці.

– Якімі сёлетнімі вытворчымі паказчыкамі, як кіраўнік, можаце ўжо зараз пахваліцца?

– Вынікі падводзіць рана, таму што год яшчэ не завяршыўся. Радуе, што ўласнымі сіламі гаспадарчым спосабам узводзім новыя будынкі, у тым ліку праводзім рэканструкцыю ферм, таму што многія з іх не адпавядаюць нормам для ўтрымання жывёл.

Нядрэнныя вынікі за дзесяць месяцаў паказала жывёлагадоўля. Па валавым надоі малака не першы год мы трымаем лідарства ў раёне. У вытворчасці малака за 2012 год дабавілі больш чым тысячу тон, у 2013 годзе спрацавалі з “плюсам” на 580 тон малака, а за дзесяць месяцаў бягучага года – 918 тон. Нядрэнны паказчык надояў малака ад каровы: на 1 лістапада ён склаў 5085 кілаграмаў. Думаю, што на канец года практычна дасягнём запланаваных 6000.

Што тычыцца раслінаводства, то ўсё зерне, што называецца, спарадкавана. Сфарміравана насенная база элітнага збожжа для ўласных патрэб і на рэалізацыю гаспадаркам нашага і іншых раёнаў. Нядрэнна сёлета ўрадзіў і “другі хлеб”: ураджайнасць бульбы склала 390 цэнтнераў з гектара. Насенныя клубні застаюцца ў гаспадарцы, а буйная бульба ідзе на продаж. Гэта станоўча адбіваецца на фінансавым складніку гаспадаркі.

Да зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы сфарміравана добрая кармавая база. У параўнанні з мінулым годам фуражу нарыхтавана больш на 1800 тон. Думаю, зімоўка пройдзе без эксцэсаў. Удалося сфарміраваць  паўтарагадовы запас кукурузнага сіласу. Звычайна да летняга перыяду не хапае сена, пагэтаму сёлета мы нарыхтавалі яго на 267 тон больш, чым у мінулым годзе.

Раней у калгасах здараліся выпадкі, асабліва падчас жніва, калі паліва было “ў прытык” або яго ўвогуле не хапала. Дзякуй Богу, тыя часы мінулі. На сёлетняй уборцы ўраджаю тэхніка нашага кааператыва ніводнага дня не прастойвала. Больш таго: стараліся абыходзіцца ўласнымі сіламі без прыцягнення дапамогі. На сённяшні дзень у нас ёсць 100 тон паліва, а гэта – двухмесячны запас на зімні перыяд.

– За ўсімі гэтымі лічбамі і паказчыкамі стаіць штодзённая карпатлівая праца людзей: жывёлаводаў, хлебаробаў, аграномаў, даярак, бухгалтараў, вадзіцеляў…

– Безумоўна, прырост пагалоўя буйнага рагатага ската, павелічэнне надояў малака або добрая ўраджайнасць – заслуга не аднаго чалавека, а цэлай каманды. Зараз у СВК “Гудагай” працуе каля пяцісот чалавек. Наш кааператыў укаплектаваны і галоўнымі спецыялістамі, і кадрамі сярэдняга звяна, і рабочымі. Адназначна сказаць, што ўсе працуюць аднолькава добра або дрэнна, нельга. Сябе я таксама не лічу ідэалам. І ў мяне, як і ў кожнага чалавека, ёсць недахопы. Галоўнае – у нас зладжаная каманда, а людзі гатовы сумленна працаваць. Вядома, часам узнікаюць спрэчныя пытанні, аднак мы заўсёды прыходзім да кансэнсусу. Мяне як кіраўніка радуе, што спецыялісты не разбягаюцца і “хварэюць” за агульную справу. У кааператыве няма цякучкі кадраў, якая з’явілася ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі, у адрозненне ад іншых раённых прадпрыемстваў і арганізацый. Магу сказаць з жыццёвага досведу: хто хоча працаваць і атрымліваць за гэта грошы, будзе працаваць і ў калгасе. Хто цягнецца за лёгкім, як падаецца на першы погляд, рублём, доўга на “будоўлі стагоддзя” не затрымаецца.

– А маладыя спецыялісты, якія прыходзяць да вас па размеркаванні, застаюцца тут ці не?

– Мне здаецца, што ў першую чаргу ад кіраўніка залежыць, застанецца спецыяліст або пакіне гаспадарку пасля адпрацоўкі. Чалавеку, які працуе, трэба прадставіць умовы і даць магчымасць зарабіць.

Магу адзначыць маладых перспектыўных ветэрынарных урачоў Руслана Стэха і Ганну Грамбоўскую, а таксама агранома ўчастка Дзмітрыя Качана, які прыйшоў да нас пасля Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Спадзяюся, што яны застануцца працаваць у нашым кааператыве.

– Які стыль кіравання вам бліжэйшы – аўтарытарны, ліберальны ці дэмакратычны?

– Я хачу, каб мяне не баяліся, а паважалі. Тады будзе і адказнае стаўленне да працы, і, як вынік, пэўныя дасягненні ў рабоце.

Метад бізуна, напэўна, эфектыўны быў толькі ў мінулых стагоддзях. Трыманне людзей у страху ніколі не прыводзіла да добра, і гэта адназначна не мой стыль работы. Разам з тым, кіраўнік не можа быць празмерна ўступлівым і “бесстрыжнёвым”. Я заўсёды змагу дамовіцца ў спрэчным пытанні з чалавекам, які хоча працаваць і робіць гэта, – а вось з лайдаком нашы дарогі адназначна разыдуцца.

– Эдуард Іванавіч, апішыце, калі ласка, адзін дзень з жыцця старшыні СВК “Гудагай”.

– Сядзеце ў 6 гадзін раніцы ў старшынёўскую машыну, а выйдзеце з яе ў 7 гадзін вечара – тады ўсё стане зразумелым.

– Значыць, перапынкаў на абед, як у звычайных спецыялістаў, у вас няма. Урываць час са сну, наколькі я зразумела, даводзіцца пастаянна. А ці хапае часу на мары?

– У мяне, як і ў кожнага чалавека, ёсць мары і жаданні. Як любому бацьку, мне хочацца вывучыць дзяцей, каб у іх жыцці ўсё добра склалася і яны сталі сапраўднымі людзьмі. Як старшыня СВК “Гудагай” хачу, каб наша гаспадарка дасягнула ў паказчыках вытворчасці лідараў з Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў. Калі мы даганяем іх у многіх пазіцыях – да прыкладу, па бульбе, цукровых бураках, кукурузе і рапсе, то з жывёлагадоўляй патрэбна яшчэ падцягнуцца. Трэба асвойваць тэхналагічныя навінкі ў кармленні і селекцыі высокапрадуктыўных жывёл…

– Калі падсумаваць вынікі нашай размовы, то складваецца ўражанне, што СВК “Гудагай” – паспяховая гаспадарка. Аб гэтым сведчаць вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, ажыццяўленне будаўніцтва гаспадарчым спосабам і многія іншыя факты, якія складана аспрэчыць. Эдуард Іванавіч, раскрыйце сакрэт гэтай паспяховасці.

– Трэба працаваць, лічыць грошы і разумна ўкладваць іх. Калі, напрыклад, плануеш набыць нешта не вельмі значнае, то на месяц, а то і два пралічы выручку і расходы. Калі мяркуецца вялікая пакупка, неабходна на год наперад зрабіць гэтыя разлікі. Мы стараемся кожны год нешта набываць без прыцягнення крэдытаў. У 2013 годзе купілі кормаўборачны камбайн “Джон Дзір”, на якім сёлета працаваў малады механізатар Сяргей Урлік. У гэтым годзе набылі самаходны апрысквальнік, за якім “штурваліў” яшчэ адзін прадстаўнік моладзі Руслан Маргентал. А на наступны год плануем купіць зернеўборачны камбайн. Увогуле, усю новую тэхніку даём маладым адказным спецыялістам.

– Дзякуй за размову і з надыходзячым вас прафесійным святам!


---------------------------------------

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.