Андрей Василькевич: "Моя машина сама меня контролирует"

15:00 / 11.07.2014
Гэтая цуда-юда-машына французскай вытворчасці на высачэзных, у рост чалавека колах, з GPS-навігатарам, клімат-кантролем, камп’ютарам і іншымі “наваротамі” называецца апырсквальнік “Мекасан” .

“Прапісаўся” француз у майстэрні Астравецкай сельгастэхнікі, а працуе на ім вопытны механізатар Андрэй Іванавіч Васількевіч.
– Спачатку на ім працаваў іншы трактарыст, – расказвае Андрэй Іванавіч, – а я толькі падвозіў ваду для запраўкі. А калі ён звольніўся, за штурвал апырсквальніка прапанавалі сесці мне. Часова. Я згадзіўся. І часовае неўпрыкмет перарасло ў пастаяннае.
Многіх механізатараў палохае празмерная тэхнічная аснашчанасць імпартнай тэхнікі – паспрабуй прыстасуйся да такой пасля працы на тым жа МТЗ! Але калі ўжо прыстасаваўся – працаваць дрэнна проста не зможаш.
– Мая машына сама мяне кантралюе, – усміхаецца Васількевіч. – Кожнае чарговае поле пачынаць трэба з праходу па яго перыметру. А далей ужо за справу бярэцца GPS. Паспрабуй зрабіць агрэх – ён цябе адразу ж “паставіць на месца”. Улік апрацаванай плошчы, расход рабочай вадкасці і ядахімікатаў – усё гэта ўваходзіць у абавязкі бартавога камп’ютара. А мне застаецца адно: працаваць без адхілення на дробязі.
Ён і працуе: як выехаў у поле ў красавіку, так да гэтага часу – амаль без перапынку. Праполка азімага рапсу, інсектыцыдная апрацоўка яравога – гэтыя віды работ выконвае ў раёне толькі Андрэй Іванавіч.
Цяпер ён займаецца фунгіцыдным апырскваннем пшаніцы ад ліставых хвароб, якія, калі не папярэдзіць іх развіццё, зніжаюць ураджайнасць на 20-30 працэнтаў.
Потым пачнецца апрацоўка бульбянішч ад фітафтарозу…
Дзённая норма ў Васількевіча салідная – 70 гектараў. Але і яе механізатар умудраецца перавыканаць у 2-2,5 раза. Яшчэ і падспеўвае, апрацоўваючы чарговае поле: "Мне зверху бачна ўсё…”
Ну ясная справа: на такой высачэннай машыне кожны б заспяваў…


-----------------------------------------------------
Ганна ЧАКУР.