Вот как люди не сдаются!

09:00 / 07.07.2013
1
На занальным этапе рэгіянальнага фестывалю-конкурсу, прымеркаванага да 25-годдзя стварэння грамадскага аб’яднання “Беларускае таварытва інвалідаў” Аляксандр Лянкевіч прысутнічаў разам з жонкай Таццянай.
Аляксандр – не толькі любячы муж, клапатлівы бацька двух сыноў, але і майстар з залатымі рукамі: захапляецца разьбой па дрэве і пляценнем кошыкаў.
За ўдзел у фестывалі Аляксандр быў узнагароджаны памятным дыпломам.
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі гадуюць дзяцей, жэняцца і выходзяць замуж, водзяць машыны, атрымліваюць вышэйшую адукацыю, працуюць не горш, часам нават і лепш, за звычайных людзей… А яшчэ яны багатыя на таленты: спяваюць, танцуюць, пішуць вершы, вышываюць… І не скардзяцца на жыццё.
На занальным этапе рэгіянальнага фестывалю-конкурсу, прымеркаванага да 25-годдзя стварэння грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” абраліся таленты з Астравеччыны, Ашмянаў і Смароншчыны.





Госці і ўдзельнікі прыехалі ў Смаргонь за гадзіну да пачатку фестывалю. І не толькі для таго, каб паўтарыць словы і крыху прызвычаіцца да сцэны, але і каб пагутарыць з сябрамі па таварыстве, падзяліцца апошнімі навінамі з жыцця… Сустрэцца выпадае не часта.
Усіх прысутных прывітаў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Паўлавіч Бычко. Ён адзначыў, што члены таварыства інвалідаў актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Сучаснае грамадства прыйшло да таго, каб назаўсёды выкрасліць слова “інвалід”. Сваім моцным унутраным стрыжнем, прагай да жыцця яны паказваюць астатнім яркі прыклад жыццялюбства.
Акрамя Г.П. Бычко, у склад журы фестывалю ўвайшлі намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Т.Р. Капітан, дырэктар Смаргонскага РДК А.А. Яблакава, выкладчык Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя К. Агінскага Ц.Б. Пагасян і выконваючая абавязкі дырэктара раённага метадычнага дома творчасці Т.А. Сяменчанка.
Адкрылі фестываль гаспадары. Смаргонцы трымаліся на сцэне дастаткова ўпэўнена, а колькасць нумароў сведчыла пра добрую падрыхтоўку і сур’ёзны падыход.
Ашмянскія дзеткі з асаблівасцямі развіцця шчыра сыгралі тэатральную пастаноўку пра дабрыню ў вакальным суправаджэнні. Песня пра сяброўства яшчэ раз напомніла ўсім прысутным пра вартасць людскіх стасункаў.
Астравецкія выканаўцы завяршалі праграму фестывалю-конкурсу. Святлана Куцько і Руслан Юргелянец бліскуча выканалі песню “Жыві”, якую можна назваць лейтматывам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аляксандр Комар пакарыў усіх людзей, якія ў гэты дзень сабраліся ў зале Смаргонскага РДК, песняй “Лебедь на пруду”. Разам з Ірынай Расамацкай яны цудоўна выканалі кампазіцыю пра каханне, пражылі яго на сцэне.
Капіталіна Пятроўская, самабытная паэтэса, творы якой неаднаразова друкаваліся на старонках нашай газеты, праз уласны верш пазнаёміла гледачоў з гісторыяй юнака і дзяўчыны, каханне якіх выйшла горкім на смак. А яе аўтарскія прыпеўкі прымушалі не толькі ўсміхацца, але і здзіўляцца: наколькі шматгранным бывае талент. Капіталіне Цімафееўне ўдаецца “нараджаць” як моцныя лірычна-філасофскія, так і лёгка-гумарыстычныя творы. І спрытна падтанцоўваць у такт прыпевак.
А завяршыла выступленне астравецкай каманды Ірына Расамацкая з сімвалічнай песняй “Дадому”.






Пакуль журы падводзіла вынікі, кожны жадаючы мог пазнаёміцца з выставай
дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва. Работы Аляксандра Лянкевіча, Валянціны Багдзюн, Марыі Камінскай і дзетак з асаблівасцямі былі прадстаўлены на выставе. Плеценыя кошыкі розных памераў, пачынаючы ад зусім цацачных і заканчваючы “грыбнымі”; ўласнаручна зваранае мыла; кветкі выкананыя ў тэхніцы арыгамі; вязаныя шалікі і сурвэткі; вышытыя крыжыкам карціны – вочы разбягаліся ад стракатасці фарбаў і прыгажосці.
На Смаргонскай сцэне Аляксандр Якіменка, які акампаніраваў Капіталіне Пятроўскай падчас яе дэбюту, выканаў песні, да якіх сам напісаў мелодыі.
Канкурсантаў журы ацэньвала ў некалькіх намінацыях. У намінацыі “вакал” бясспрэчным пераможцам стаў Аляксандр Комар, а Капіталіна Пятроўская раздзяліла першынство з Тэрэзай Сушынскай у намінацыі “аўтарская творчасць”. Дзякуючы сваім работам дзеткі Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра здабылі трэцяе месца ў намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, а Валянціна Багдзюн атрымала дыплом другой ступені.
За добрасумленную і плённую працу ў сістэме грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” ад Гродзенскай абласной арганізацыі былі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі і граматамі Г.С. Гутовіч, М.І. Лукашэвіч, В.Б. Багдзюн, Ч.В. Сянюць, Р.І. Гродзь.
В.І. Ждановіч, Р.М. Долгі, В.Ю. Міцкевіч, М.С. Ган, С.Н. Іванова, Д.А. Волк-Леановіч, Р.Н. Герман атрымалі граматы за супрацоўніцтва ад цэнтральнай арганізацыі таварыства.



Старшыня Астравецкай раённай арганізацыі ГА “БТІ” Юрый Іосіфавіч Ждановіч уручыў памятныя падарункі актыўным членам таварыства і яго сябрам.
Пераможцы занальнага фестывалю-конкурсу будуць абараняць гонар сваіх арганізацый на абласным фестывалі, і толькі лепшыя з лепшых выканаўцаў Гродзенскай вобласці трапяць на “Славянскі базар” у Віцебску.
Члены Астравецкай раённай арганізацыі інвалідаў упершыню прымалі ўдзел у фестывалі. Дрыжаў лісток паперы ў руках, але не сарваўся па-здрадніцку голас, таму што ў гэты дзень усе былі пераможцамі.

__________________


Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.