Вышивать и вязать не для того, чтобы заработать - а порадовать

17:00 / 25.06.2013
На фестывалі сямейнай творчасці, які не так даўно сабраў таленавітыя сем’і раёна ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, былі прадстаўлены работы Таісіі Рыгораўны Папяльніцкай з вёскі Вавяраны. Творчасць рукадзельніцы заслугоўвае таго, каб пазнаёміцца з ёй бліжэй.

Таісія нарадзілася на Полаччыне ў сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей. Жылі бедна, шмат працавалі. Летам ягады збіралі, каб купіць хлеб. Не ад салодкага жыцця пяцігадовая дзяўчынка ўзяла ў рукі кручок ды іголку – і ў яе атрымалася і вязаць, і вышываць крыжыкам! Таісія з дзяцінства любіла прыгажосць і імкнулася прыхарашыць шэры быт. На ложкі, каб аздобіць непрыгожыя жалезныя спінкі, дзяўчынка стварала занавескі. Брала паркаль і вышывала, а знізу прышывала карункавую аборку. Хоць ні мама, ні суседкі – ніхто не паказваў малой, як гэта робіцца.
На працягу жыцця Таісія Рыгораўна не разлучаецца са сваімі творчымі задумамі. Зімой, калі не трэба палоць агарод і ўпраўляцца з кветкамі, жанчына вышывае. Сама прыдумляе ўзоры і падбірае ніткі. Нават цяпер, калі можна набыць спецыяльныя часопісы са схемамі, Таісія Рыгораўна ад пачатку і да канца самастойна стварае свае шэдэўры. За зіму з-пад рук майстрыхі выйшла 15 адмысловых расквечаных падушак. А колькі карцін! Анюціны вочкі, валошкі на іх – бы жывыя. Алені, якіх вышыла майстрыха набіўной іголкай на льняной аснове, пазіраюць на лебядзіную пару, а вакол цвітуць кветкі…
Любімая тэхніка вышывання – буйны балгарскі крыжык. Па прызнанню ўмеліцы, атрымліваецца значна прыгажэй, чым звычайным крыжыкам.
А вось вязаць пруткамі пачала дастаткова позна, у 35 гадоў. Але зараз для любімай унучкі бабуля стварае пруткамі і кручком такія сукенкі, кофтачкі і шапачкі, якіх не знойдзеш ні ў адным магазіне.
Цяпер Таісія Рыгораўна плануе вышыць абразы: адзін падарыць касцёлу Узнясення Святога Крыжа, а другі – дачцэ.
Не толькі ў доме рукадзельніцы пануе прыгажосць, але і каля яго: тут раскінулася кветкавае мора. І з усім Таісія Рыгораўна ўпраўляецца сама.
Колькі раз падыходзілі людзі і прасілі, каб яна прадала сваіх стракатых “рукатворных дзяцей”, але яна не згаджаецца. Шчыруе іголкай і пруткамі не для таго, каб зарабіць – а парадаваць.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.