Там, где есть экскаватор - будут и откосы, и кюветы

12:00 / 24.06.2013
Беларусь славіцца не толькі сваёй прыродай, але і дарогамі. Замежнікі, асабліва расіяне і ўкраінцы, калі наведваюцца ў нашы краі, заўсёды захоплена адзначаюць добры стан дарожнага пакрыцця… Вядома, што асфальт дабраўся яшчэ не ў кожны куток нашага раёна, затое гравійка вядзе амаль да ўсіх маленькіх вёсачак і хутароў…

А вы ведаеце, з чаго пачынаецца дарога? Не? А вось Мечыслаў Станіслававіч Базюк, машыніст экскаватара дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №159, ведае.
Не так проста было знайсці (а таксама ўгаварыць на інтэрв’ю) чалавека, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Папярэдне было дамоўлена: прыязджаць і задаваць пытанні можна толькі ў абедзенны перапынак – строга з трынаццаці і да чатырнаццаці нуль-нуль. З раніцы да вечара Станіслаў Мечыслававіч на аб’екце.
Скажыце, у вас слова “аб’ект” не выклікае асацыяцый з “сакрэтнай базай” ці будаўніцтвам? А вось і не: аб’ект машыніста экскаватара – гэта кар’ер у Смілгах. Калі пад’язджаеш да пясчанай “скарбніцы” і на ўласныя вочы бачыш гэтыя залатыя россыпы, да якіх на вышыні чатырох-пяці метраў падступаюць палахлівыя бярозкі – разумееш, чаму не можа быць выключэння (паўгадзіннага адрыву ад працы) нават для журналістаў.
Разам з вадзіцелем мы крыху пераблыталі места дыслакацыі нашага героя: пад’ехалі да драбілкі. Спроба нумар два аказалася больш удалай: Мечыслаў Станіслававіч быў на месцы, у кабіне свайго экскаватара. А вакол – ніводнай душы, толькі грузавая машына зрэдзьчасу парушае гэту працоўную ідылію. Калі вялікая і магутная лапа-коўш зробіць некалькі “зачэрпванняў”, МАЗ знікне, каб праз некаторы час зноўку з’явіцца за новай партыяй пяску і гравію.
Грузавыя машыны адвозяць пясок на драбілку, якая знаходзіцца ў паўкіламетры ад кар’ера. На драбілцы ёсць сіты, якія між сабой прафесіяналы называюць “саракоўкі”. На іх адсейваецца пясок, а гравій, які застаецца, здрабняецца. З “дзясяткі” робяць асфальт. А з асфальту – дарогі, якія злучаюць гарады і сёлы, чалавека з іншым чалавекам…
…Мечыслаў Станіслававіч Базюк працуе ў ДРБУ №159 амаль трыццаць гадоў (тры гады адкідваем на пасляармейскую працу зваршчыкам у МПМК-158). І ніводнага разу ў яго не ўзнікала думка змяніць працоўнае месца. Як здрадзіць працы, якая падабаецца? І справа нават не ў тым, што працуеш на ўлонні прыроды, на розных аб’ектах, а найперш у яго партнёры і памочніку, “адналапым кані” – японскім экскаватары “HITACHI”. І Мечыслаў Станіслававіч расказвае пра яго з цеплынёй у голасе:


– “Японец” надта далікатны ў абыходжанні. Не любіць саляркі, бо яна зімой замярзае. Але калі за тэхнікай глядзець і ў час рамантаваць і рабіць “прафілактычныя працэдуры” – то яна аддзячыць і ўсё вытрымае: і спёку, і мароз, і дождж.


Хтосьці можа сказаць: ну і чаму б не працаваць на “японцы” – люба-дорага! Аднак Мечыслаў Станіслававіч пачынаў на тросавым гусенічным экскаватары, сядзеў і за рычагамі двухколавага савецкага. Напэўна таму, што прайшоў добрую “экскаватарную школу”, з цягам часу і перасеў на больш сучасны і камфортны, у якім нават кандыцыянер ёсць. Машыніст не ўключае яго без патрэбы – прастудзіцца можна. А зімой, наадварот, цёпла і камфортна.


– А паломкі здараюцца нават з “японцам”, як і з любой машынай: то коўш парвецца, то цыліндры пацякуць. А вось каб надзвычайныя здарэнні з экскаватарам былі, то барані Бог, ніколі за маю дваццацісямігадовую кар’еру не было. Каб не сурочыць, ніводнага разу я не пабіў машыну.


У водпуск машыніст ходзіць, калі адпускаюць. Апошні раз быў зімой. І днём, і ноччу прападае на працы. У сем гадзін раніцы прыязджае, каб забраць пуцёўку, а вяртаецца дамоў пасля шасці вечара. Жонка працуе швачкай у сталіцы вахтавым метадам: тыдзень шые, тыдзень адпачывае. Дачка Вольга жыве ў Мінску, а сына Сашу не зманілі гарадскія перспектывы, ён застаўся тут, у Астраўцы, і ўладкаваўся працаваць на чыгунку.


– Нарадзіўся я ў вёсцы Радзюлі. Бацькоў ужо, на жаль, няма на гэтым свеце, а сястра жыве ў Літве, у Новай Вільні. І мама, і тата былі самымі звычайнымі людзьмі: ўсё жыццё адпрацавалі на ферме ў калгасе. Праўда, бацька некаторы час працаваў трактарыстам. Хадзіў я ў Альгінянскую васьмігодку, пасля вучыўся на зваршчыка. Аддаваў воінскі доўг Радзіме: накіравалі ў радыётэхнічныя войскі, што ў Мінску.  Пасля “дзембеля” вярнуўся на радзіму і стаў працаваць зваршчыкам у МПМК-158, а праз тры гады перайшоў у ДЭУ.


На вяселлі стрыечнага брата, Чэся Андралойця, сустрэў сваю будучую жонку.
І жонка адна на ўсё жыццё, і месца працы – адно на працягу доўгіх гадоў.
А вось аб’екты розныя. Напрыклад, у мінулым годзе Мечыслава Станіслававіча накіроўвалі на іншыя аб’екты ў нашым раёне. Там, дзе ёсць экскаватар – будуць і адкосы, і кюветы каля дарог, якія пасля засеюцца травой.


– Начальства любіць, як я адкосы капаю! – не схітрыў вопытны машыніст.


Усе трыццаць гадоў экскаватаршчык ДРБУ-159 Мечыслаў Станіслававіч Базюк працуе добрасумленна, як толькі ўмее. І менавіта пагэтаму яго партрэт занеслі на раённую Дошку гонару.


-----------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.