"Для счастья у нас есть всё: семья, дом, работа и любимое увлечение"
Дзіцячы садок “Дубок”, сярэдняя школа №1, Лідскае педвучылішча, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна, праца ў сельскай школе… Сустрэча з Пашам – і замужжа. Так Лена Якаўлева змяніла прозвішча на Базюк.
Спачатку маладыя жылі на здымнай кватэры, потым – з бацькамі. А затым вырашылі, што трэба абзаводзіцца ўласным жыллём. Пачалі прыглядвацца да кватэр і дамоў, якія выстаўлялі на продаж. Паглядзець недабудаваны дом у Гудагаі прапанаваў муж.
– Паша заўсёды марыў жыць ва ўласным доме. Мне ж больш даспадобы кватэра. Аднак дом спадабаўся – як і месца, дзе ён быў размешчаны… Але, каб цяпер вярнуцца ў мінулае і паглядзець, што было навокал, то стала б страшна. Толькі ўчастак, зарослы бур’янам, кустамі і дрэвамі, Пашу не напалохаў, – усміхаецца Алена.
Дом набылі – але яго трэба было яшчэ дабудоўваць. Даводзіць да ладу прыйшлося і ўчастак – высякалі кусты, перакопвалі глебу. Дапамагалі бацькі і родныя. Затым узяліся за рамонт унутры дома. І як толькі стварылі сякія-такія ўмовы для жыцця, адразу ж перасяліліся. І вось ужо шэсць гадоў Павел і Алена – домаўладальнікі. Сёння тут усё зроблена рукамі гаспадара. І як лічыць Алена, настаў час зноў пачынаць рамонт. Ды яшчэ ёсць каму маляваць сцены – малодшаму Цімуру толькі два з паловай гады.
А на той час, калі Алена зразумела, што стане гаспадыняй уласнага дома, яна пачала набываць кветкавыя часопісы. Глядзела фотаздымкі, малявала планы – і ўяўляла, якім будзе яе ўчастак і ўласнае жытло.
– Першая клумба перад домам з’явілася сама сабой. Там у кучу скідвалі рэшткі непатрэбных будаўнічых матэрыялаў – бітую цэглу, цэмент, каменне, – расказвае Алена. – З усяго гэтага атрымаўся добры дрэнажны слой. Зверху засыпалі ўрадлівай глебай, прыдалі форму і аблажылі камянямі. Атрымалася нядрэнна.
А праз пару дзён да яе завітала суседка з прапановай: “Можа, вам трэба кветкі?” і шчодра падзялілася сваёй кветкавай калекцыяй з Аленай.
– З суседкай мне пашанцавала. Ёсць на каго раўняцца і ў каго спытаць парады, – расказвае Алена. – Напэўна, у тым, што я занялася кветкамі, вялікая заслуга маёй суседкі Таццяны Грыва. Мы і цяпер заўсёды дзелімся набытымі саджанцамі, расадай, кусцікамі.
За першай кветкай з’явілася другая, за першай клумбай – другая, трэцяя, чацвёртая. І паціху ўчастак Базюкоў станавіўся менавіта такім, якім малявала яго Алена ў сваіх марах.
– Канешне, адной мне справіцца з усім гэтым было б не па сілах. Мне пашанцавала – муж заўсёды падтрымліваў мае пачынанні і дапамагаў рабіць клумбы, садзіць расліны. Ды цяпер ён не толькі дапамагае, але і падказвае, як зрабіць лепш і дзе што пасадзіць.
Большасць месца на ўчастку Алены сёння займаюць хваёвыя кусты і дрэўцы. Тут шмат глебапокрыўных раслін і першацветаў. Ёсць, канешне, і аднагадовыя расліны, пасевам якіх займаецца матуля Алены, якая прывозіць дачцэ ўжо падгадаваную расаду. У мінулым годзе Алена вырашыла заняцца каралеўскімі кветкамі – ружамі, якія ёй заўсёды здаваліся вельмі далікатнымі раслінамі, даглядаць за якімі складана. Але і яны апраўдалі давер – пасля зімы парадавалі жывымі галінкамі, якія ўжо пачалі ўбірацца ў сілу і вось-вось парадуюць першымі кветкамі.
З часам кветак, дэкаратыўных кустоў і дрэў стала шмат – і цяпер Алене нават даводзіцца задумвацца, што набыць, а што – не варта. І сёння ўсе думкі гаспадыні скіраваны на пашырэнне ўчастка, дзе размясціліся садовыя дрэвы і кусты – пасадзілі яблыневы сад, некалькі відаў ягаднікаў і кустоў вінаградніку.
А гэтай вясной Павел і Лена вырашылі на сваім участку залажыць невялікую лясную зону – пасадзілі маладзенькія саджанцы асіны, ліпы, бярозы, сасны і елкі. Планаў па добраўпарадкаванні гэтай зоны таксама шмат – у будучым побач размесцяцца альтанка, лавачкі, мангал…
Сёння ўсё на ўчастку Базюкоў радуе вока – роўна пастрыжаны газон, дагледжаныя расліны, невялічкі вадаём з воднымі прыгажунямі – лілеямі, каменная горка, на якую прысеў… вялікі арол. Мноства клумбаў, розных па памеры і формах. Студня, зробленая ў вясковым стылі. І нават гараж, сцены якога аздоблены на еўрапейскі манер. Ёсць на ўчастку і любімае месца ўсёй сям’і – вялізныя, зробленыя рукамі Паўла, арэлі, на якіх памяшчаецца ўся сям’я – Паша, Алена, старэйшы сын Максім і малодшы Цімур.
На ўчастку Базюкоў выдзелена месца і пад агарод – ён не такі вялікі, як кветнік, але тут сям’я вырошчае гародніну для сямейнага стала. Спачатку, канешне, ён быў значна большым – потым кветкі пачалі “адваёўваць” сабе месца пад сонцам і ў рэшце рэшт перамаглі – агароду застаўся мінімум.
Звычайна сапраўдным, апантаным кветкаводам цяжка спыніцца толькі на вулічных ці пакаёвых кветках. Яны разрываюцца паміж імі – і ўсё ж паспяваюць даглядаць і за аднымі, і за другімі. Гэтак жа атрымалася і ў Алены. І калі захапленне вулічнымі кветкамі адбылося дзякуючы суседцы, то да пакаёвых яе прыцягнуў муж.
Павел на ўсе святы дарыў жонцы не букеты зрэзаных кветак, а вазоны. І кожны раз – новы. На любімыя і нелюбімыя Лена іх не дзеліць. Ёсць тыя, якія адразу ж адгукаюцца на яе ўвагу і клопат, і “капрызулі”, да якіх, каб знайсці падыход, трэба добра пастарацца.
З новымі кветкамі бывалі і правалы. Аднойчы Павел зрабіў жонцы чарговы падарунак . Алена, узрадаваўшыся, адразу ж размясціла вазон сярод хатніх любімцаў. І вось жах – праз некалькі дзён усе расліны, размешчаныя ў зоне новай кветкі, сталі чахнуць проста на вачах. Аказалася, што новая гадаванка была пашкоджана мучністым чарвяцом, які рассяліўся і на суседзяў. Барацьба ішла не жартоўная. І ўсё ж перамога аказалася на баку Алены.
Алаказія, фікусы, дыфенбахіі, сінгоніумы, калатэі і маранты, розныя віды сукулентаў і кактусаў – Лена аддае перавагу дэкаратыўналісцевым раслінам і непераборлівым кактусам. З квітнеючых яе ўвагу заваявала каралева пакаёвых кветак – архідэя. І ў кожнай з іх сваё месца ў доме і свая інструкцыя па доглядзе.
Сёння сыны – першыя памочнікі мамы ў доглядзе за хатнімі кветкавымі “гадаванцамі”. Асабліва Цімур. Любоў да кветак хлопчыку прывілася, напэўна, яшчэ тады, калі ён жыў у маміным жывоціку. І таму корпацца ў гаршчках з пакаёвымі кветкамі ён пачаў, як толькі стаў поўзаць, а дапамагаць паліваць расліны – калі зрабіў першыя крокі. Максім таксама дапамагае – праўда, без асаблівай ахвоты. І вельмі перажывае, калі непаслухмяны мячык ламае кветку, – тады ў мамы прападае настрой.
І як ёй усё ўдаецца паспяваць?
– Мне дапамагаюць мае мужчыны. Іх трое – а гэта сіла. А па-другое, займацца кветкамі ўдаецца яшчэ і дзякуючы графіку работы.
Ужо шэсць гадоў Алена служыць у пагранічных войсках. Трапіла яна на службу выпадкова. Пасля нараджэння першага сына Алена вырашыла раней часу выйсці з адпачынку па доглядзе дзіцяці, але месца настаўніка-філолага ў мясцовай школе не знайшлося. “Давядзецца пачакаць,” – сказалі ёй тады. Але чакаць не хацелася. І яна пачала збіраць дакументы ў “пагранічнікі”.
Са спецыфікай работы ахоўнікаў мяжы Алена была знаёма не па чутках – Павел ужо некалькі гадоў служыў у аддзеле пагранічнай службы “Гудагай”, і таму цяжкасці службы яе не палохалі. Дакументы прынялі, разгледзелі – і вось ужо шэсць гадоў Алена таксама абараняе дзяржаўную мяжу. Работа па “сутках” – гэта складана, але затое ёсць час на любімыя кветкі.
Але не толькі кветкамі захапляецца Алена і яе сям’я. Яны яшчэ вялікія аматары падарожжаў.
– На моры я была толькі аднойчы. І за мяжой – таксама. Але ў Беларусі столькі прыгожых, цікавых мясцін, пра якія мы нават не здагадваемся! І цяпер, калі дзеці падраслі, мы часта выбіраемся ў падарожжа. А яшчэ – прырода, лес, рэчка… Прыгажосць, пра якую толькі можна марыць, – з запалам у голасе гаворыць мая гераіня.
– А ўвогуле, для шчасця ў нас ёсць усе неабходныя складнікі: сям’я, дом, работа і любімае захапленне. І хаця некалі я марыла жыць у кватэры, цяпер разумею, што маё месца – менавіта тут. Мне тут добра і я нічога не хачу мяняць, – заканчвае яна нашу размову аб юначых марах і іх дарослым увасабленні.
------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.