И хорошие, и грустные вести делит со своими клиентами начальник почтового отделения в Рытани

11:00 / 20.06.2013
Калі стала дамаўляцца па тэлефоне з Янінай Іосіфаўнай Юргелянец аб сустрэчы і інтэрв’ю, то начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Рытані стала аднеквацца:
– Ды што ж пра мяне пісаць? Я самая звычайная…

А незвычайныя – гэта якія людзі? Замежныя зоркі ці людзі з высокім сацыяльным статусам? Ці тыя, хто глыбей і ярчэй пражываюць жыццё? Ці валодаюць якасцямі і здольнасцямі, якія і вылучаюць іх з людскога натоўпу?
…Мае довады аб тым, што партрэт на раённую Дошку гонару заносяць не проста так, у рэшце рэшт пераканалі Яніну Іосіфаўну. Перад пачаткам размовы мая субяседніца моцна хвалявалася і прызналася, што напярэдадні не спала ўсю ноч і думала, як і пра што расказаць.
…Не раз чула беларускую мову ад людзей з рознымі сацыяльнымі статусамі і жыццёвым досведам. З вуснаў Яніны Іосіфаўны яна гучыць асабліва. Неяк спрадвечна, па-дзедаўску. Бальзамам на сэрца. Калыханкай дзяцінства. На вёсцы многія карыстаюцца матчынымі словамі, аднак русізмы і паланізмы ператварылі іх ў “трасянку”.
Яніна Іосіфаўна не вывучала беларускую мову ў школе. Бацькі былі палякамі, пагэтаму дзяўчынка са старэйшай сястрой дома ў Сціпінах размаўлялі выключна па-польску. Бацькі лічылі, што дочкі абавязкова павіны пісаць і чытаць на “сваёй” польскай мове.
Тата разам з дзвюма дачушкамі пераехаў у Пабрадзе, каб дзяўчынкі маглі вучыцца. А мама засталася на радзіме даглядаць бабулю, якая наадрэз адмовілася мяняць месца жыхарства. Калі паміраць – то толькі ў роднай хаце.
Светлавалосыя дзяўчынкі бачылі маму і бабулю толькі на выхадных, калі пасля доўгага, нуднага і цягучага, бы нуга, тыдня можна было з галавой акунуцца ў вясковую свежасць. А пасля двухдзённага адпачынку ізноў вяртацца да вывучэння рускай, польскай і літоўскіх моваў. Не тое, каб Яня не любіла вучыцца ці гэта дрэнна ў яе атрымлівалася – дзяўчынка жыць не магла без водару толькі што скошанай травы і рыпення калодзежнага жураўля. На вёсцы было тое раздолле, якім у горадзе нават і не пахне.
У Пабрадзе тата працаваў у лясніцтве, а сястрычкі бегалі ў школу. Бацькі не паспелі азірнуцца, як прыгажуні сталі бегаць яшчэ і на танцы. У Рытанскім клубе Яніна і сустрэла свайго суджанага.


– Харашэйшага хлопца чым Лёня, не было ні ў Рытані, ні нават у Астраўцы. Мой быў самы прыгожы. Пагэтаму і закахалася ў яго. І чакала, пакуль ён у арміі служыў. Толькі пра яго думала – і вечарам, калі клалася спаць, і днём, калі працавала. Увесь час думала пра Лёню і перажывала, як ён там…


Яніна пасля заканчэння школы вярнулася на радзіму і ўладкавалася працаваць у Рытанскі клуб. Уся моладзь з акругі збіралася на танцы ў Рытань. Дзяўчаты і хлопцы танцавалі часам да самага світання, калі вясковыя жанчыны і бабулі выганялі на пашу кароў.
Калі вярнуўся каханы – сэрца дзяўчыны білася ад радасці. Леанід таксама не хаваў свайго шчасця: дачакалася Янечка! І праз паўгода маладыя згулялі вяселле.
Лёня пайшоў працаваць механізатарам у саўгас “Падольскі”. Тата Яні прапаноўваў маладым перабірацца ў горад, тым больш, што хата была: прыязджай і жыві. Але малады муж не ўяўляў свайго жыцця без камбайна – і Яніна, як сапраўдная жонка, падтрымала яго.
У маладой пары Юргелянцаў адзін за адным нарадзіліся дзеткі. Маці Яніны моцна любіла зяця і першага ўнука прапанавала назваць імем бацькі. За Леанідам нарадзілася Алёнка, пасля – і Анечка. Маладой жанчыне стала нязручна працаваць у клубе, таму што познім вечарам хацелася спяваць калыханку дзеткам, а не аддаваць сілы рабоце і чужым людзям. І Яніна змяніла месца працы: перайшла у дзіцячы садок. Пакуль дзеткі крыху не падраслі, увесь час знаходзілася побач.


– Калі прыйшла працаваць на пошту, зразумела: застануся тут назаўсёды, бо гэта – маё прызванне. Работа складаная і адказная, але ж цікавая і прыносіць задавальненне: работа з людзьмі не можа быць нецікавай.


Свой першы працоўны дзень Яніна Іосіфаўна запомніла на ўсё жыццё. Хваляванне не адпускала ні на хвіліну. Званіў тэлефон – і жанчына ажно падскоквала. Думала, што нешта не так зрабіла. Памылка – і пошту не вернеш і не дагоніш. Аднак у Яніны Іосіфаўны ўсё атрымалася з першага разу!
Калі пачалася камп’ютарызацыя паштовых аддзяленняў – страх з таго далёкага часу вярнуўся. “А раптам не змагу разабрацца з тонкасцямі работы за  камп’ютарам?” – нервавалася Яніна Іосіфаўна. Ды неўзабаве знайшла агульную мову і з гэтай разумнай машынай. І кожны дзень знаходзіць падыход да тых, хто прыходзіць да яе на поштовае аддзяленне: добрыя навіны, а часам і дрэнныя весткі Яніна Іосіфаўна раздзяляе разам з кожным наведвальнікам.
…Яна ніколі не баялася працы. Нават цяпер, калі дзеці павырасталі і выпырхнулі з бацькоўскага гнязда, Яніна і Леанід трымаюць гаспадарку. Бо на вёсцы работа заўжды знойдзецца. І як вясковаму чалавеку сядзець, склаўшы рукі?
Сын Леанід зараз жыве з сям’ёй у Мінску і працуе адвакатам. Сярэдняя дачушка Алёнка выйшла замуж і засталася ў Рытані, а самая малодшая Анечка разам з мужам жыве ў Варнянах.
Летам бабулі дапамагаюць упраўляцца на агародзе дзве ўнучкі. Дзяўчынкі і дома паліваюць кветкі, якім ужо не хапае месца на вокнах. Жанчына спадзяецца, што дачушкі і сын парадуюць бабулю і дзядулю яшчэ ўнукамі.
…Яніна Іосіфаўна ніколі за сваё жыццё не выязджала далей за Вільню і Мінск. Нават калі выпадала паехаць у санаторый, сумавала па дому. Яна не разумее тых, хто імкнецца пабачыць знакаміты Калізей ці ажурнасць Эйфелевай вежы…
І няхай кажуць, што ўсе дарогі вядуць у Рым – дарога Яніны Іосіфаўны Юргелянец уецца ля Рытані, дзе жанчына сустрэла каханне свайго жыцця, дзе ўпершыню пачула галоўнае слова “Мама” і адправіла вестку-пісьмо камусьці невядомаму ў далёкі горад…


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.