Дети стали главными героями вышивок островчанки. Потому что дети - это радость, счастье и жизнь

13:00 / 17.06.2013
Некаторыя лічаць, што жыццё цяпер – нудота. Заняцца няма чым, схадзіць няма куды, адзінае, што застаецца, – сядзець гадзінамі каля тэлевізара ці “вісець” у сацыяльных сетках.
На шчасце, ёсць і такія, хто і зімой, і летам знаходзіць сабе занятак па душы. Гэта, дарэчы пацвердзіў і рэдакцыйны конкурс “Свет захапленняў” – работы, якія нашы таленавітыя чытачы даслалі на яго, паражалі ўяўленне.

Калі ўпершыню ўбачыла фотаздымкі вышыванак крыжыкам Таццяны Чарняўскай, доўга не магла адарваць ад іх позірку. Прывабіла тое, што аб’яднаны яны былі адной тэматыкай – дзіцячай. А гэта бяспройгрышны варыянт. А яшчэ тым, што выкананы былі ў манахромнай тэхніцы. Захацелася бліжэй пазнаёміцца з Таццянай і расказаць пра таленавітага творчага чалавека нашым чытачам.
Нічога дзіўнага і незвычайнага ў жыцці Таццяны няма. Усё як ва ўсіх: дзіцячы сад, школа, універсітэт, праца. Усё – ды не ўсё. Летнія канікулы маленькая Танюша, якая нарадзілася ў Астраўцы, праводзіла ў бабулі Гені ў Газе. Бабуля была цудоўнай майстрыхай – шыла, вязала, вышывала… Праўда, тады Таццяна на бабуліны захапленні не звяртала асаблівай увагі. Ёй, канешне, падабалася хадзіць у пашытых бабуляй сукенках, прываблівалі позірк прыгожыя, звязаныя кручком, абрусы, якія пакрывалі стол… Але каб пацікавіцца, як гэта робіцца, павучыцца ў бабулі, пераняць майстэрства… Навошта? Тады ў Танюшы былі зусім іншыя захапленні – гульні ў “школу”, “рэстаран”, будаванне “шалашоў”…
Адзінае, чаго Таня ніяк не магла зразумець: як гэта ў бабулі атрымліваецца адначасова глядзець тэлевізар і вязаць? Гэта было для дзяўчынкі таямніцай.
Праўда, у школе на ўроках працы Таццяна ўсё ж спасцігла навыкі вязання і нават звязала некалькі сурвэтак. Але рукадзелле так і не пакарыла сэрца дзяўчыны.
Яна старанна вучылася ў школе і рыхтавалася да паступлення. Мама бачыла яе настаўніцай англійскай мовы, самой жа Таццяне больш да душы былі юрыдычныя дысцыпліны. Таму, не сумняваючыся ў правільнасці свайго рашэння, дзяўчына падала дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт – і пасля яго заканчэння стала юрыстам. Працаваць уладкавалася ў Ашмянскую мытню.
А дзесьці год назад тут арганізавалі конкурс творчасці работнікаў. Сярод вязаных сурвэтак, плеценых кошыкаў, прыгожых кветкавых кампазіцый цікаўны погляд дзяўчыны выхапіў вышыванку – прыгожы дворык, вышыты крыжыкам.


– Я не магла адвесці вачэй. Напачатку складана было паверыць, што такое можна вышыць ніткамі, – расказвае Таццяна. – Гэта была работа ўжо вопытнай майстрыхі, якая за сваё жыццё стварыла не адну карціну. Карціна адначасова і зацікавіла, і прымусіла задумацца. “А можа, і мне паспрабаваць?” – падумалася тады.


Таццяна не з тых, хто падумае і – забудзе. Яна з пароды людзей, якія, калі возьмуцца за справу, то давядуць яе да канца. За першую сваю вышыўку Таццяна ўзялася год назад. Гэта была невялічкая карцінка, на якой дзяўчына вышыла яблыкі.


– Калі я пачынала, было адчуванне, што вышыўка крыжыкам не ўяўляе сабой нічога складанага. Кладзі сабе нітачкі крыж накрыж – і ўсё. Я нават не разумела, што яны павінны ісці ў адзін бок, каб малюнак атрымліваўся раўнамерным. Усё гэта прыйшло пазней. І тады я зразумела, што трапіла ў палон іголкі. Ніколі не думала, што я такая цярплівая і ўседлівая. Хаця напачатку быў проста азарт – хацелася хутчэй завяршыць вышыванку.


Ужо год Таццяна займаецца вышыўкай. Робіць гэта ў вольны час. Многія ёй гаварылі: “Лепш не пачынай, а то закінеш усе справы – і рабочыя, і дамашнія”. Таццяне ўдалося знайсці залатую сярэдзіну – яна паспявае і дома, і на рабоце. Ды яшчэ час і на захапленне застаецца – праўда, яго не вельмі шмат.


– Пакуль што я не магу пахваліцца вялікай колькасцю вышыванак і майстэрствам у тэхніцы іх выканання. Я толькі пачынаю. І вышытых карцін у мяне ўсяго пяць. Цяпер працую над шостай – усе яны аб’яднаны адной тэмай – дзеці. Чаму так? Бо дзеці – гэта радасць, шчасце і жыццё. Кожны выкананы мной шывок робіць карціну жывой – і гэта захоплівае, і ад гэтага немагчыма адмовіцца.


Сёння Таццяна ўжо спланавала – каму і што вышыць у падарунак. І верыцца, што з пастаўленай задачай дзяўчына справіцца.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.