Островчанин стал серебряным призером открытого первенства по каратэ в Лиде

08:30 / 14.06.2013
Астравецкія прыхільнікі кёкусінкай, ката і кумітэ, а калі прасцей – каратэ, працягваюць удзельнічаць у розных спаборніцтвах, назапашваць вопыт і заваёўваць медалі. У чарговы раз яны дэманстравалі майстэрства бою на адкрытым першынстве па каратэ ў Лідзе.

Адразу адзначым, што трэнер па каратэ Дзмітрый Куцько не абмежаваўся навучаннем гэтаму віду спорту толькі астраўчан, а значна пашырыў кола дзейнасці і зараз навучае усім хітрасцям каратэ рабят са Смаргоні і Ашмян. Таму на спаборніцтва паехала зборная каманда з 11 чалавек, 4 з якіх – юныя спартсмены Астраўца. Дарэчы, як адзначыў трэнер, за апошнія два гады ўдзел у гэтым першынстве быў самым удалым і багатым на медалі. Мяркуйце самі: 11 удзельнікаў заваявалі 7 прызавых месцаў, з іх 3 – першых, 2 – другіх і 2 – трэціх.
На жаль, астраўчане занялі толькі адно прызавое месца. Гэта ўдалося зрабіць стараннаму і ўжо вопытнаму каратысту Сашу Верамейчыку. Фінал атрымаўся напружаным, няпростым і багатым на вострыя моманты. Дадатковы час пасля асноўнага бою, затым узважванне ўдзельнікаў, каб не было розніцы ў вагавой катэгорыі, затым зноў дадатковы час і бой. У выніку нашаму Сашу да перамогі не хапіла нават менш, чым крыху. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што пасля самага першага бою ў юнака былі ўсе шансы стаць пераможцам. Ацэнкі суддзяў падзяліліся: двое аддалі перавагу астраўчаніну, двое – яго саперніку. Рашаючы голас быў за апошнім суддзёй. Сапернік Сашы – з Гродна, суддзя – таксама. Такім чынам, перамогу святкаваў гродзенскі каратыст. Наш Саша – сярэбраны прызёр першынства.
Дастойна дэбютавалі на спаборніцтве яшчэ два юныя астравецкія каратысты – Косця Пятровіч і Паша Дземяшкевіч. Прызавых месцаў яны не занялі, але свае ўменне і магчымасці паспрабавалі на практыцы.
Не пашанцавала ў гэты дзень і Аўгусціну Вярбовічу, які таксама аказаўся па-за п’едэсталам гонару.


---------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта vobyavleniyah.ru.