"ПСИХОЛОГиЯ". Психолог может помочь, но не решит за вас вашу проблему

16:00 / 23.05.2013
Алена Іванаўна Змітровіч другі год узначальвае ўстанову адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Астравецкага раёна”. Маці траіх дзяцей, клапатлівая жонка, яна паспявае кіраваць калектывам і знаходзіць новых бацькоў для дзяцей, якія сталі сіротамі.
У хвіліны, калі не хапае сіл разабраць стос папер, вырашаць гаспадарчыя пытанні, яна адкрывае шуфляду і дастае фотаальбом. Перад вачамі мільгацяць каляровыя фотаздымкі: шчаслівая Наташа, якая трапіла ў новую сям’ю немаўляткам, разам з бацькамі; Міша, які ў падлеткавым узросце стаў “братам” дзвюх гарэзлівых дзяўчынак. І дзясятак іншых фотаздымкаў…
І тады яна ловіць сябе на думцы, што нездарма стала працаваць “лекарам чалавечых душ”, што нездарма затрачана столькі шмат сіл і намаганняў. Калі на аднаго шчаслівага чалавека стала больш – значыць, гэта камусьці трэба.

– Алена Іванаўна, ваш шлях да прафесіі псіхолага быў ухабісты ці “без камянёў”?


– З 1991 года я працавала настаўніцай пачатковых класаў у Рытанскай сярэдняй школе. Але мяне, колькі сябе памятаю, прыцягвалі псіхалагічныя аспекты чалавечага жыцця. Калі паехала на курсы павышэння кваліфікацыі, даведалася, што ёсць магчымасць з настаўніцы пачатковых класаў перакваліфікавацца ў педагога–псіхолага, што з задавальненнем і зрабіла – прайшла перападрыхтоўку. Затым пайшла ў дэкрэтны водпуск, а калі надышоў час выходзіць на працу, нашу сям’ю чакаў пераезд у Астравец. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці я пачала працаваць педагогам-псіхолагам. Канешне, былі цяжкасці, але мая праца прыносіла мне задавальненне.
У 2006 годзе стала “працаваць мамай”, а ў 2009 годзе, калі выйшла з дэкрэтнага водпуску, мне прапавалі пасаду метадыста па сацыяльна-педагагічным і псіхалагічным суправаджэнні. З 2011 года я стала дырэктарам сацыяльна–педагагічнага цэнтра.


– Алена Іванаўна, якім чынам у вас атрымліваецца сумяшчаць дзейнасць псіхолага і кіраўніка?


– Прафесія псіхолага дапамагае мне, як кіраўніку. Адчуваеш, хто з падначаленых якога патрабуе падыходу. Веды, якія я атрымала па псіхалогіі, вельмі спатрэбіліся ў жыцці. Хоць, з іншага боку, жыццё – гэта і ёсць самы лепшы псіхолаг.


– Ваша сям’я, муж і дзеці – як яны адносяцца да таго, што мама заўсёды прападае на працы?


– Старэйшая дачка ўжо студэнтка, пагэтаму на першым месцы ў яе вучоба. А малышы, вядома, перажываюць.
Бываюць такія дні, калі я дамоў вяртаюся пасля васьмі гадзін вечара і літаральна валюся з ног. І не столькі ад фізічнай стомы, колькі ад псіхалагічнага напружання, таму што аб’езды сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, нават мне, загартаванай жыццём, даюцца вельмі няпроста.
Затое суботу і нядзелю я без астатку прысвячаю сваёй сям’і: мы разам гатуем сняданне і абеды, разам малюем ці выбіраемся на вёску да бабулі.


– Наколькі мне вядома, 70% кіраўнікоў устаноў адукацыі лічаць, што псіхолагі не патрэбны і што іх дзейнасць ніяк не адчуваецца. Як вы маглі б пракаментаваць гэты факт?


– Хутчэй за ўсё, так лічаць тыя, хто сам ніколі не звяртаўся па псіхалагічную дапамогу.
Дзейнасць псіхолага не бачна, як для кіраўнікоў, так, магчыма, і для некаторых бацькоў. Таму што ўсе спецыялісты, якія працуюць у сістэме адукацыі Беларусі, кіруюцца “Законам аб псіхалагічнай дапамозе”, які гарантуе “тайну невыдавання”. Псіхолаг можа толькі дапамагчы, падказаць шлях, але не вырашыць за вас вашы праблемныя пытанні. Адна кансультацыя не дапаможа выправіць сямейныя адносіны ці іншую праблему. Тут павінен быць тандэм, калі кліент працуе на роўных з псіхолагам.
Атрымліваю задавальненне, калі бацькі кіруюцца рэкамендацыямі, і, наведваючы сям’ю, якая прызнана сацыяльна небяспечнай, адзначаю, што сямейнай неблаганадзейнасці там больш няма.
Мне падабаецца практыка, якая існуе на Захадзе, дзе ў кожнай сям’і ёсць не толькі ўласны сямейны ўрач, але і псіхолаг. Нашаму грамадству да гэтага яшчэ расці і расці.


– Алена Іванаўна, як вы самі “лечыцеся”?


– Мне дапамагае музыка. Вельмі люблю класічныя і інструментальныя кампазіцыі. Таксама мне падабаюцца “лёгкія” фільмы, дзякуючы якім можна пераключыцца з адной дзейнасці на другую.
Яшчэ намагаюся “лекаваць” сябе кнігамі, але не хапае вольнага часу.


– Якія кнігі вы маглі б параіць для чытання?


– Я люблю не навуковую літаратуру, а кнігі “пра жыццё”. З апошняга прачытанага – гэта “Басанож па пяску” і “Пазбаўленыя дзяцінства”. Першая кніга пра шлях, які давялося прайсці бацькам хворага дзіцяці, другая – пра трагічны лёс дзяўчынкі.
Вядома, што сябе ці ўласнае жыццё непажадана параўноўваць з іншым чалавекам, але, калі чор¬ная паласа ў жыцці зацягваецца, я чытаю. Назіранне за чужымі жыццямі дае разуменне таго, што ты шчаслівы чалавек, якому Бог даў усё: і сям’ю, і дзяцей і, галоўнае, здароўе. А праблемы – гэта другаснае, яны існуюць дзеля таго, каб мы “раслі”, падымаліся на новыя прыступкі.


– Алена Іванаўна, з якім крэда вы крочыце па жыцці?


– Усё, што ні здараецца, – да лепшага! Для таго, каб нешта атрымаць у жыцці, чагосьці трэба пазбавіцца.


– Што вы хацелі б пажадаць чытачам “Астравецкай праўды”?


– Па–першае, каб яны былі ў ладах з самімі сабой, а таксама ўзаемаразумення ў сем’ях.
Па–другое, калі здараюцца канфліктныя сітуацыі – а яны здараюцца ў кожнага – ісці да спецыяліста.
Калі мы хварэем на прастуду ці грып, да каго звяртаемся? Канешне, да ўрача, а не да манцёра. Пагэтаму не варта баяцца псіхолага, ён “не бачыць вас наскрозь”, ён можа дапамагчы вам знайсці выйсце з тупіковай сітуацыі, разабрацца ва ўласных праблемах і хвалюючых пытаннях.


– Дзякуй за размову!


-----------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.