Почти полсотни лет он неразлучен со спортом

14:00 / 21.05.2013
У спорт улюбляюцца аднойчы – і на ўсё жыццё. І нават тады, калі дарога лёсу збочвае са спартыўнага шляху, успаміны вяртаюць маладыя гады.
Без двух гадоў паўстагоддзя Уладзімір Мечыслававіч Чарнушэвіч крочыць у нагу з фізічнай культурай. Нягледзячы на тое, што знаходзіцца на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць. Калі ў раёне адбываюцца спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы або гульнявых відах спорту – Уладзімір Мечыслававіч займае пачэснае судзейскае месца. І рэчаіснасць па-за межамі спартыўнай пляцоўкі перастае існаваць… Напружвае вочы, каб не прапусціць ніводнага штуршка, ніводнай падачы...

Уладзімір нарадзіўся на Мядзельшчыне ў сям’і Чарнушэвічаў. Разам з меншай сястрой хлопчык часта бегаў навыперадкі – і заўсёды першым прыходзіў да імправізаванага фінішу. У Сваткаўскай сярэдняй школе прыкмецілі хутканогага хлапчука, і Уладзімір стаў прадстаўляць школу на раённых спаборніцтвах па лыжных гонках, валейболе і ў «каралеве спорту» – лёгкай атлетыцы. Не аднойчы на вобласці абараняў гонар Мядзельскага раёна.
Але ў дарослым жыцці юнак бачыў сябе марскім афіцэрам-падводнікам. Форма, корцік на баку, месяцы без сонечнага святла і подыху ветру – лепшай прафесіі для сапраўднага мужчыны, па яго тагачасным разуменні, не знайсці. Поўны рамантычных уяўленняў і мараў, Уладзімір паехаў штурмаваць Пушкінскае вышэйшае падводнае вучылішча пад Ленінградам. Але на медыцынскай камісіі ўрачы вынеслі прысуд: параілі забыцца пра мару стаць падводнікам і не прыязджаць сюды на наступны год.
Час падаваць дакументы на грамадзянскія спецыяльнасці скончыўся. Аднак ў раённым аддзеле адукацыі памяталі пра добрыя спартыўныя дасягненні хлопца і прапанавалі месца настаўніка фізічнай культуры і працоўнага навучання ў адной з сямігодак раёна, якая была ў некалькіх кіламетрах ад роднай вёскі. Год ён вучыў дзяцей.
Калі ў школе празвінеў апошні званок, малады настаўнік паехаў падаваць дакументы ў Мінскі інстытут фізічнай культуры і спорту. І зноў урачы на медыцынскай камісіі паставілі яму “палкі ў калёсы”. І Уладзімір прадоўжыў сваю працу ў школе – але ад жадання набыць спецыяльнасць настаўніка фізічнай культуры не адмовіўся.
17 кастрычніка 1966 года маладога чалавека прызвалі ў армію. Светлавалосага настаўніка паспеў палюбіць увесь калектыў. На службу праводзілі ўсёй школай. На ўрачыстай лінейцы дырэктар сказаў на дарогу цёплыя словы. Калегі не хавалі смутку, некаторыя вучні ўпотай плакалі…
Уладзімір трапіў ў групу савецкіх войск Германіі ў горадзе Галле. Спякотным жнівеньскім ранкам маладых салдат перакінулі абараняць інтарэсы савецкага лагера ў Чэхаславакіі. Юнакі сваімі спінамі прыкрывалі мяжу з Германіяй. Да снежня, калі мароз прабіраў да самых касцей, а вусны крываточылі ад пранізлівага сіверу, яны жылі ў палатках у лесе. Аднак ніхто з салдат не жаліўся і, сцяўшы зубы, працягваў службу. Спартыўная падрыхтоўка дапамагла Уладзіміру ў армейскія гады. А ў студзені 1969 года ён дэмабілізаваўся. І свабода накрыла…
Пасля жалезнай дысцыпліны і армейскага парадку Уладзімір не мог прызвычаіцца да жыцця. “Што рабіць далей? Чым займацца?” – юнак стаяў на раздарожжы. Знаёмымі сцежкамі ногі прывялі “дзембеля” ў аддзел адукацыі. На шчасце, настаўнік фізічнай культуры адной з раённых школ пераехаў з сям’ёй у Хабараўск, і Уладзімір прадоўжыў прывіваць дзецям любоў да спорту і здаро¬вага ладу жыцця. Уладзімір любіў сваю работу, аднак думкі пра спецыяльную адукацыю не пакідалі. Настаўнік планаваў паступаць на завочнае аддзяленне і працягваць працу ў школе, аднак прыёмная камісія ўгаварыла таленавітага спартсмена паступаць на стацыянар.
Студэнцтва і грамадская дзейнасць без астатку паглынулі Уладзіміра. Стараста групы і інтэрната, ён паспяваў вучыцца і працаваць на паўстаўкі дырэктарам абласнога шашачнага клуба. Уладзімір быў трэцім чалавекам па размеркаванні і застаўся працаваць ў Гродне інструктарам абласнога спорткамітэта. Мужчына курыраваў паўночны рэгіён, пагэтаму з праверкамі і з прафесійнай дапамогай часта бываў у Астравецкім раёне. У адзін з прыездаў Расціслаў Герт прапанаваў Уладзіміру ўзначаліць камітэт па фізічнай культуры і спорту пры Астравецкім райвыканкаме.
...Ён ехаў з вёскі ад бацькоў у Гродна. Зайшоў у аўтобус і сеў на першае вольнае месца. Толькі тады заўважыў, што побач – прывабная дзяўчына. За размовай з Данутай дарога да Гродна праляцела незаўважна. Малады чалавек і дзяўчына выйшлі на адным прыпынку. І – выпадковасць ці прадвызначанасць? – абодвум патрэбны быў аўтобус №3, вуліца Соламавай і пяцьдзясят шосты дом. Так вось лёс звёў іх на ўсё жыццё: Уладзімір не мог разлучыцца з Данутай і прапанаваў ёй руку і сэрца. І неўзабаве яны сталі мужам і жонкай.
Нейкі час Уладзімір Мечыслававіч працаваў ў Астраўцы, а Данута Францаўна – у абласной бібліятэцы імя Карскага. Але калі маладой сям’і выдзелілі кватэру, яна ўз’ядналася. У Астраўцы з’явіўся на свет сын Чарнушэвічаў.
Уладзімір па-ранейшаму займаўся грамадскай дзейнасцю. І з цягам часу яго мара аб тым, каб у Астраўцы з’явіўся стадыён, спраўдзілася. Пачыналі з планіроўкі, прадумвалі дэталі; самі будавалі… На той час Астравецкая база была адной з лепшай у вобласці: і раздзявалкі, і душавыя кабінкі, добры газон і “каробка”. Быў арганізаваны пункт пракату лыж і канькоў, дзе кожны жадаючы мог прымераць хакейную форму. Праходзілі чэмпіянаты, занальныя спаборніцтвы па хакею сярод дарослых і “Залатая шайба” для дзяцей…
Астравец стаў яму другой радзімай. Шмат сіл і працы Уладзімір Мечыслававіч аддаў спартыўнаму развіццю раёна. Нават калі пайшоў на пенсію ў 2007 годзе, не давялося адпачыць. Калі прапанавалі месца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе – згадзіўся. І працуе па сённяшні дзень. Бо ў спорт улюбляюцца аднойчы і на ўсё жыццё.


-------------------------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.


Фота Аляксандра ЮШЧУКА.