Сюжеты участникам пленэра по резьбе по дереву диктовала сама природа

16:30 / 20.05.2013
2

На Астравеччыну па запрашэнні кіраўніцтва ДЛГУ “Астравецкі лясгас” завітала моцная пяцёрка чырванадрэўшчыкаў: Мікалай Скляр, Сягрей Більдзюк з Гродна, Казімір Місюра, які жыве ў Воранаве, Анатоль Туркоў з Камянца Брэсцкай вобласці і івянецкі разьбяр Мікалай Задрэйка.


Пацалаваны Богам чалавек цікавы не толькі для журналістаў, але і для іншых людзей. Як нараджаюцца вобразы ў разьбяроў па дрэве? Магчыма, яны прыходзяць ў сне, як калісьці ўбачыў Мендзялееў перыядычную табліцу хімічных элементаў? Ці рука падсвядома выводзіць лініі, злучае кропкі – і на паперы пачынае жыццё будучы твор, які нехта, пазбаўлены мастацкага ўяўлення, назваў «малымі архітэктурнымі формамі»? Ці сам матэрыял падказвае майстру дарогу і кіруе творчым працэсам?
Майстэрня пад адкрытым небам раскінулася ў Доме паляўнічага ў Задворніках, дзе калісьці была сядзіба Блажэвічаў. Тут дыхаецца і думаецца па-іншаму: здаецца, што трапляеш у іншае вымярэнне і забываеш пра гарадскі тлум і праблемы. Сама прырода спевам птушак, размовамі ветру з галінкамі, якія не паспелі ўбрацца ў зялёныя строі, шэпча: “Твары...” Лепшае месца для пленэру, напэўна, і выбраць было немагчыма!
Кіраўніцтва Астравецкага лясгаса не ставіла канкрэтнай задачы перад разьбярамі, тэма пленэру – вольная. На працягу дзесяці дзён майстры стваралі малыя архітэктурныя формы, у якіх знайшлі адбітак архетыпы прыроды: вада, лес і яго насельнікі.
Знаёмства з удзельнікамі пленэру разьбяроў манументальнай скульптуры пачалося з майго прывітання. Правакацыйнае пытанне Мікалая Скляра: “Адкуль вы ведаеце, што ён добры?” – прымусіла схамянуцца. Усе ж пацалаваныя Богам людзі – неардынарныя не толькі ў сваёй творчасці, але і ў жыцці.
Мікалай Сцяпанавіч – старэйшы гродзенскі майстар, які, дарэчы, валодае тонкім пачуццём гумару. Пакуль разьбяр працаваў над доўгавалосай русалкай, сваёй чаргі чакаў “рыб”. Па задуме майстра, водную прыгажуню і яе лускаватага сябра будзе злучаць невялікая лавачка. Утылітарнае значэнне гэтай кампазіцыі заключаецца ў тым, што яна адаптаваная да гледача. А што скажуць крытыкі? Мікалай Сцяпанавіч лічыць, што крытыкі, якога б віду мастацтва гэта ні тычылася, не павінны адносіцца да асяродку тварцоў. Прыналежнасць да гэтага кола фарміруе прадузятасць.
Мне заўсёды здавалася, што творчасць не мае граніц і яе нельга ўпісаць у рамкі, зрабіць правільна-прытарнай. Аднак рамкі павінны быць – гэта кодэкс грамадства. Нават у творчасці існуе мяжа, якую нельга пераходзіць. Мікалай Сцяпанавіч расказаў пра выпадак з жыцця, калі адмовіў патэнцыяльнаму заказчыку. Медыкі аднаго з універсітэтаў папрасілі разьбяра выканаць архітэктурную форму паддоследнай жывёліны на крыжы. І майстар, які паважае чужое меркаванне, даводзіў сваё: ні ў якім выпадку нельга выкарыстоўваць сакральнае, святое – крыж – і гнявіць Бога. Мікалай Скляр вельмі тонка прыкмеціў: “Мастацтва ў рамках – і адначасова па-за імі…”
Мікалай Сцяпанавіч валодае той прыроджанай мудрасцю, якую не кожны можа здабыць з гадамі. Ён не прызнае творчыя крызісы, адмаўляе пры¬сутнасць музы ў жыцці творцы. Лічыць, што трэба пастаянна працаваць, як знакаміты аўтар “Бурлакоў на Волзе”. Калі Ілью Рэпіна перастала слухацца правая рука, працаваў левай – і тварыў. “Творчасць – гэта стан душы”.
Супрацоўнік музея традыцыйнай культуры Мікалай Задрэйка працуе з дрэвам з чацвёртага класа. Захапленне разьбой заўсёды стаяла на першым месцы. Сваю сціпласць, сарамлівасць Мікалай выявіў у супрацьлеглых якасцях гаваркой і вясёлай вароны, няхай і драўлянай. Майстар вымерваў, нешта адзначаў простым алоўкам на кавалку дрэва – указальнік з птушкай з’явіцца ля Дома паляўнічага.
Ля цыліндрычнага дрэва завіхаўся Сягрей Більдзюк. Дзенідзе цямнела неапрацаваная драўніна, а там, дзе рука майстра паспела пачараваць долатам і стамескай, выбіваліся цікаўныя савіныя галовы. Разьбяр не захацеў адказваць на пытанні, ён удзельнічае ў пленэрах і творчасці не так даўно ў параўнанні з сябрамі.
Назіраць за чалавекам, які працуе, можна бясконца… Засяроджаны выгляд Сяргея сведчыў аб тым, што навакольны свет перастаў для разьбяра існаваць. Ёсць вобраз у галаве, а перад вачамі – матэрыял, і калі спынішся хоць на імгненне – страціш, не паспееш зрабіць патрэбны штрых.
Анатолій Туркоў займаўся стварэннем скульптуры для паляўнічай базы. Надпіс “ДЛГУ “Астравецкі лясгас” дапаўняе дэкор, асіметрычны дах з ветравымі дошкамі. Майстар стварае два ці тры эскізы для таго, каб заказчык спыніўся на тым вобразе, які яму больш па душы.
Анатолій – старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну “Белавежская пушча і Брэстчына “ТУР”. З красавіка па снежань майстар прымае ўдзел у пленэрах, а астатнюю частку года працуе ў студыі. Ён – неаднаразовы пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якія адбываліся ў Швецыі, Літве, Польшчы. У конкурсе на лепшы беларускі сувенір, які праводзіўся па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта, Анатолій Туркоў заняў 3-е месца. Афармленнем брацкіх магіл у Камянецкім раёне таксама займаўся майстар.
Анатолій лічыць, што ў Беларусі разьба па дрэве не карыстаецца такой папулярнасцю, як, напрыклад, у Польшчы, дзе існуе тэнцэнцыя замаўляць драўляныя паклонныя крыжы. Разьбяр падтрымлівае таленавітую моладзь: запрашае працаваць у майстэрню і на мерапрыемствы. Нават вопытным разьбярам, калі трэба, дапамагае прафесійнымі парадамі. Любімы накірунак прыкладнога мастацтва – разьба па таніраваным фоне – прыносіць задавальненне. На бярозавую фанеру наносіцца фарба і з дапамогай інструментаў выразаецца сюжэт. Любімыя вобразы майстра – зубр і Камянецкая вежа.
Для Анатолія, па яго прызнанні, вельмі важна меркаванне недасведчаных у разьбярстве людзей, аднак галоўнае – прайсці ўласную самацэнзуру. Нават калі побач знаходзяцца сотні назіральнікаў, гэта не перашкаджае яму працаваць. Наадварот: дарослыя і дзеці павінны быць уключанымі ў працэс стварэння, да прыкладу, паркавай скульптуры ці іншай малой архітэктурнай формы. Калі майстар бачыць зацікаўленыя вочы – спыняе працу, расказвае пра прызначэнне інструментаў. Такія імправізаваныя майстар-класы дазваляюць прыцягваць увагу да разьбярства.
За плячамі Казіміра Місюры – 40 гадоў творчасці. Воранаўскі чырванадрэўшчык разам з сынам аднавіў правы бок Фарнага касцёла ў Гродне, пашкоджаны пажарам. Цяпер разьбяр працуе ў мястэчку Вішнева на Смаргоншчыне. Майстар прызнаецца, што акадэмічная станкавая праца патрабуе большай увагі і засяроджанасці, чым пленэрныя работы. У фігурах святых важнае значэнне мае кожная дэталь і рыса.
Для пленэру выкарыстоўваецца свежы матэрыял непрамысловай якасці. Аднак павінны захоўвацца прапорцыі 1/3 або 1/5. Заганы – сукі, адтуліны, якімі прырода памеціла дрэвы, – разьбяр улічвае пры стварэнні скульптуры. Уціснуць сваю ідэю ў форму дрэва – дэвіз майстра. Аднак гэта не заўсёды атрымліваецца. Казімір не мае копій сваіх работ. Калі не паспяваеш закончыць нешта, то існуе вялікая верагоднасць, што больш да гэтага не вернешся. Матэрыя дыктуе працэс стварэння драўлянай выявы – але і разьбяр ставіць патрабаванні да сябе. Робіцца не так, як атрымліваецца, а так, як хочацца зрабіць.
Пераацэнка каштоўнас- цей, крызісныя этапы ў жыцці не прымусілі Казіміра збочыць з дарогі,
і ён удзячны лёсу, што ніводнага разу не здрадзіў прафесіі. Майстар упэўнены, што матэрыял не прабачае непрафесійнасці і несур’ёзнага падыходу. Калі разьбяр не разумее, з чым мае справу, матэрыял выдасць яго – “аддзячыць” разбяру.
На астравецкім пленэры разьбяроў па дрэве Казімір Місюра працаваў над эксклюзіўнай кампазіцыяй “Прырода”. З простага кавалка дрэва, які нагадвае па форме аловак, ён зрабіў ажурную жывую фігуру, “паламаў” роўны цыліндр – і акрыліў яго. Прырода ў выглядзе маладой дзяўчыны трымае ў руках вянок з кветак і ластавак, якія, як сімвал вясны, прагназуюць надыход абнаўлення. Да ног Прыроды туліцца аленяня, бы хаваючыся ад незнаёмага і адначасова ловячы вушамі новыя гукі. Уся пастава яго, цыбатыя ножкі сімвалізуюць цікавасць да свету, патрэбу спазнаваць новае – і жывы розум.
Прырода далікатная і чулая. Чалавек – яе тварэнне. Сваёй жывой драўлянай скульптурай майстар хацеў паказаць узаемасувязь пораў года, прыроднага пачатку і чалавека. Калі разьбяр гаварыў пра створаных уласнымі рукамі “дзяцей” – у яго свяціліся вочы. Кожнае сваё тварэнне Казімір надзяляе душой. Магчыма, па-гэтаму аленяня з гуллівым характарам пачало сваё асобнае ад майстра жыццё, калі выйшла з-пад бензапілы і яшчэ не паспела да канца ўвасобіцца ў дэталях?
Дрэвы, якія нельга было выкарыстаць у прамысловай вытворчасці, атрымалі прымяненне і адначасова далі жыццё драўляным скульптурам… Звычайныя бярвенні, бы па ўзмаху чароўнай палачкі, пераўтварыліся ў незвычайныя вобразы. Вымалёўваўся твар, вусны, кірпаты носік – крылатая Прырода, здаецца, крочыць насустрач, а да пужлівага аленяняці з натапыранымі вушкамі так і хочацца дакрануцца, пагладзіць…
Дзесяць дзён пленэру разьбяроў па дрэве на Астравеччыне праляцелі незаўважна. Ля Дома паляўнічага пануе іншае вымярэнне – цесна пераплялася рэчаіснасць з душамі драўляных скульптур. Сама прырода дыктавала сюжэты і наталяла творчы голад пацалаваных Богам людзей, здольных удыхнуць жыццё ў нежывое дрэва.


---------------------------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ. Фота Аляксандра ЮШЧУКА.